Десять участников боролись за звание самого сильного на районных соревнованиях по силовому экстриму
1
Падчас святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на гарадскім стадыёне Астраўца прайшлі раённыя спаборніцтвы па сілавому экстрыму “Астравецкі асілак 2016”. Дзве гадзіны экстрыму, экшту, азарту, мужнасці, сілы волі і немагчымых магчымасцей чалавечай вынослівасці. Яркае, непаўторнае, відовішчнае шоу, дзе з першай да апошняй секунды эмоцыі трымаліся ў накале мацней, чым 30-градусная спёка. Дзесяць удзельнікаў, пяць конкурсаў – і ў выніку перамагае мацнейшы. Такога ў Астраўцы яшчэ не было! А хто не бачыў – многае страціў.
Усё пачалося з ідэі намесніка дырэктара Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба Вадзіма Лебядзевіча правесці спаборніцтвы для сапраўдных асілкаў. Ідэя знайшла прыхільнікаў, заручылася падтрымкай калег, прайшла нялёгкія этапы падрыхтоўкі і арганізацыі – і нарэшце ажыццявілася. На стадыёне – дзесяць асілкаў, якія адгукнуліся на запрашэнне і якім – “не слабо”! Усе яны да прозвішчаў дадалі арыгінальныя сілавыя імёны для спаборніцтва.
Пазмагацца за тытул самых моцных прыйшлі Віталь Лаўрыновіч з СВК “Міхалішкі” з мілай мянушкай Малыш, Павел Афонін з ДЛГУ “Астравецкі лясгас” з адпаведным іменем Лесаруб, Віталь Карповіч з РУП ЖКГ, ён жа Бульдог, прадстаўнік рытанскага сілавога клуба “Асілак” Яўген Наневіч, які назваўся Катом, пяцёра супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вадзім Камчыцкі – Дызель, Аляксандр Лабачэўскі – Конь, Аляксандр Сянюць – Шура, Марэк Лаўрыновіч, ці проста Маркус, Андрэй Бразевіч, ён жа Бразік, а таксама госць з суседняй Украіны, супрацоўнік РасСЭМа Аляксандр Пераверзеў – Мядзведзь.
Скажу шчыра: знешні выгляд удзельнікаў сілавога экстрыму не нагадваў двухметровых “шафаў” а-ля Шварцэнэгер. Аднак пачаўся першы конкурс – і мой скептыцызм рассыпаўся дробным пясочкам, як выдуманы мір кіно: тут усё было па-сапраўднаму, без дубляў, змянення сцэнарыя і паўтораў.Першае спаборніцтва называлася нявінна “Фермерская прагулка”. На справе ж удзельнікі хто хутчэй павінны былі пераадолець адлегласць з дзвюма бочачкамі па 55 кілаграммаў кожная. Дарэчы, звяртаю ўвагу дзяўчат – такія кавалеры змогуць не толькі з лёгкасцю насіць вас на руках, але і быць бясцэннымі спадарожнікамі падчас шопінгу: пасля 110-кілаграмовага забегу вашы пакупкі пададуцца ім пушынкамі.
З першым заданнем удзельнікі справіліся на адным дыханні. Хутчэйшым і спрытнейшым аказаўся Аляксандр Лабачэўскі, на другім месцы – Павел Афонін, трэцяе заняў Аляксандр Пераверзеў.Наступнае спаборніцтва “Станавая цяга”: змаганне са штангай вагой 140 (!) кілаграмаў. На ўсё пра ўсё давалася 90 секунд. Удзельнікі па чарзе падыходзілі да масіўнай саперніцы і спрабавалі ўдачу ў руках. Пачынаецца падлік: восем разоў – нядрэнна, чатырнаццаць – цудоўна. Бачна, што заданне патрабуе максімум сілы і канцэнтрацыі магчымасцей.
І тут да штангі падыходзіць украінскі Мядзведзь. Дзесяць разоў ён выціскае штангу без асаблівых намаганняў. “Пятнаццаць, шаснаццаць, сямнаццаць”, – разам з суддзёй уголас лічаць і гледачы. Балельшчыкі горача падтрымліваюць: “Давай, Мядзведзь, яшчэ разок!” І ён зноў падымае штангу... Дваццаць – бліскучы вынік! Многія падумалі – вось ён, пераможца!
Ды як бы не так, усё толькі пачыналася – да штангі падышоў Лабачэўскі-Конь. Не паспеўшы апамятацца ад папярэдняга відовішча, гледачы зноў пачалі падлік. Пяць, дзесяць, пятнаццаць, дваццаць – сілы на зыходзе, а трыбуны патрабуюць: “Саша, яшчэ!” І разам з крыкам стомленасці, сілы волі і радасці Аляксандр Лабачэўскі падымае штангу яшчэ два разы. Яго рэкорд не паддаўся нікому – і Конь займае першае месца. На другім – Мядзведзь-Пераверзеў, трэцяе месца ў Лесаруба-Афоніна.Хто бачыў спаборніцтва “Гусіная прагулка”, той наўрад ці будзе смяяцца над яго назвай. Уявіце сабе: вы пяшчотна абдымаеце пад ручкі 85-кілаграмовы снарад і, нясучы яго перад сабой, стараецца як мага хутчэй прайсці дыстанцыю. Перамагае той, хто далей перанясе сваю жалезную “даму”.
Як і ў першым спаборніцтве, стартуюць па двое ўдзельнікаў. Сіл з кожным крокам застаецца ўсё менш, але, хістаючыся асілкі пераадольвалі метр за метрам. І зноў наперад вырываецца Аляксандр Лабачэўскі! Крыху адстаў ад яго Аляксандр Сянюць, на трэцім месцы – Марэк Лаўрыновіч.
Такім чынам, вызначаецца лідар спаборніцтваў Аляксандр Лабачэўскі. А вось з прызавымі месцамі ўсё непрадказальна. Інтрыга закручваецца, эмоцыі накаляюцца і горача не толькі ад сонца.
А наперадзе самае відовішчнае, цікавае і ў літаральным сэнсе гэтага слова цяжкае спаборніцтва пад назвай “Бурлак”. Аб умовах: па адзін бок – аўтамабіль вагой звыш 4 тон, па другі – удзельнік, які імкнецца зрушыць машыну з месца. Паміж імі – пятнаццаць метраў. Часу – дзевяноста секунд.
Ніякіх слоў не хопіць, каб перадаць усе пачуцці, эмоцыі і намаганні ўдзельнікаў! Здавалася, немагчыма скрануць аўтамабіль з месца – не тое што працягнуць яго пятнаццаць метраў. Аднак – немагчымае магчыма: чатыры тоны паслухмяна скараліся моцы рук і сіле духу ўдзельнікаў. Хтосьці працягнуў некалькі метраў, а нехта ўразіў неверагодным вынікам. Спачатку прыемна здзівіў Яўген Наневіч, якому да фінішу заставалася ўсяго нічога, але не хапіла крыху часу. А затым на дуэль з чатырохтоннай саперніцай выйшаў Аляксандр Сянюць – здавалася, што хлопец цягнуў цацачную машынку. І на гэта яму спатрэбілася ўсяго толькі 23 секунды. Гледачы і суддзі былі ў шоку. Вось гэта вынік! Пераўзысці яго не ўдалося і лідару Аляксандру Лабачэўскаму: ён таксама працягнуў аўтамабіль усе 15 метраў, але толькі за 40 секунд. Трэцяе месца ў спаборніцтве заняў Яўген Наневіч.
Апошняе выпрабаванне “Кантоўка кола”. На старт выходзілі па двое ўдзельнікаў, якія павінны былі перакульваць (не каціць!) вялізныя колы вагой звыш 100 кілаграмаў да вызначанага месца, а затым, прыхапіўшы з сабой 80-кілаграмовае бервяно, вярнуцца на фініш. Шчыра кажучы, назіраючы за ўдзельнікамі спаборніцтва, я не пераставала здзіўляцца – адкуль сілы? Ды няма межаў чалавечай вынослівасці. Апошнімі беглі два лідары спаборніцтваў, два Аляксандры – Лабачэўскі і Сянюць. Назіраць за іх упартым і прыгожым паядынакам было адно задавальненне. У выніку першае месца тут заняў Шура, на другім Конь, а трэцім стаў Лесаруб.
Выпрабаванні скончыліся і ўдзельнікі ўжо з усмешкай паціскалі адзін аднаму рукі – не сапернікі, а аднадумцы, што любяць спорт і экстрым.

Па агульных выніках першае месца ў раённых спаборніцтвах “Астравецкі асілак 2016” заняў Аляксандр Лабачэўскі, на другім аказаўся Аляксандр Сянюць, а трэцяе – у Паўла Афоніна. Яны былі ўзнагароджаны спецыяльнымі кубкамі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму. Сувеніры атрымаў і кожны з удзельнікаў. Спецыяльнымі прызамі за імкненне да перамогі рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда” былі ўзнагароджаны Марэк Лаўрыновіч, Андрэй Бразевіч і Яўген Наневіч.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму выказвае ўдзячнасць усім, хто дапамог у арганізацыі спаборніцтваў. А мне хочацца падзякаваць аўтару ідэі і кожнаму з удзельнікаў: вы – сапраўдныя асілкі Астравеччыны, якія падарылі прыгожае шоу і масу непаўторных эмоцый. Гэта было крута!Марына МАЦКЕВІЧ.
