Денис Зуев одержал очередную победу на турнире по кикбоксингу

1
Менавіта пад такім байцоўскім прозвішчам – Зуёнг – зараз больш вядомы Дзяніс Зуеў на прафесійным рынгу. Апошняя перамога стала дзясятай у яго капілцы прафесійнага байца. Cапернікам Дзяніса стаў баец з Тайланда Нонсай. Сказаць пра яго «вопытны» – гэта не сказаць нічога. Таец біўся з лепшымі кікбаксёрамі свету і правёў на прафейсійным рынгу 210 баёў, у 193 з якіх перамог. Для нашага ж земляка гэта быў адзінаццаты прафесійны бой. Бой, які ён выйграў тэхнічным накаўтам у свайго славутага саперніка!


Гэта быў рэйтынгавы паядынак у кітайскім горадзе Чанша. Ён праводзіўся ў межах турніру па кікбоксінгу прамоўтарскай кітайскай арганізацыяй “Kunlun Fight”. У турніры ўдзельнічалі байцы з Японіі, Тайланда, Таджыкістана, Італіі, Украіны, Расіі, Галандыі і іншых краін.

– Мне не перашкаджала тое, што сапернік надзвычай вопытны. Калі баяцца, параўноўваць – перамога наўрад ці магчымая. Было прадчуванне, што гэты бой закончыцца датэрмінова, – так і атрымалася! – расказвае пераможца.

Дзяніс збіраецца наведаць Паднябесную яшчэ не раз. Чарговы яго бой пройдзе ў маі – адбор на ўдзел у фінальным туры, у якім будзе разыгрывацца пояс чэмпіёна. Дзяніс не сумняваецца ў сваёй перамозе – як і ў тым, што гэта толькі пачатак яго кар’еры прафесійнага байца.

– Безумоўна, выхадзіць на рынг не так проста – ёсць хваляванне. За некалькі дзён перад боем я ўяўляю яго, спрабую прадугадаць дзеянні саперніка, спланаваць свае ўдары – нібы малюю карцінку, і бывае, што думкі паўтараюцца ў рэчаіснасці. Не ўсё, канешне, але… Я веру, што перамагчы можна любога саперніка, – перакананы наш зямляк.

– Калі ты сапраўдны баец, то для цябе няма перашкодаў. Усё ў галаве. Галоўнае – не баяцца. Цяпер я гэта дакладна ведаю, – з упэўненасцю гаворыць Зуёнг.

Даведка:

Да 2012 года Дзяніс Зуеў выступаў на аматарскім рынгу ў Беларусі. З 2012-га выйшаў на новы ўзровень, пачаўшы сваю прафесійную кар’еру. Восенню 2014 года Дзяніс Зуеў стаў Чэмпіёнам свету па баях К-1 сярод прафесіяналаў, дзякуючы чаму беларускі сцяг убачылі ў прамым эфіры больш за 300 мільёнаў кітайцаў і тысячы гледачоў з Еўропы і Амерыкі на тэлеканале «Еўраспорт».


------------------------

Эмілія КОМАР.

Фота з уласнага архіва Дз. Зуева.