День защитников Отечества отметили по-спортивному

на День защитниковНе першы год у Рытані цікава, арыгінальна і незвычайна святкуюць Дзень абаронцаў Айчыны – на працягу цэлага дня музычныя нумары і віншаванні чаргуюцца з відовішчнымі спаборніцтвамі і выпрабаваннямі. У выніку і ўдзельнікі, і гледачы атрымліваюць максімальнае задавальненне.

Сёлета арганізатары – Рытанскі аддзел культуры і народнай творчасці, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, РУП “Саўгас “Падольскі”, Астравецкі ФСК – гэтую добрую традыцыю прадоўжылі і зноў арганізавалі ў Рытані культурна-спартыўнае свята. І дапамаглі ім у гэтым непасрэдныя абаронцы Айчыны – пагранічнікі.
Спаборніцтвы па розных відах спорту праходзілі весела і актыўна. Імкненне ўдзельнікаў да перамогі падтрымлівала вясёлае музычнае суправаджэнне, а перавесці дух, выпіць гарачай гарбаты і аднавіць сілы можна было ў буфеце.
А сілы былі ой як патрэбныя. Дужыя рукі і планка турніка над галавой, якую трэба дасягнуць, – падцягванне на перакладзіне не любіць слабакоў і на разы правярае вытрымку ўдзельнікаў. Пераможцам у гэтым відзе стаў Аляксандр Раманчык, які падцягнуўся 28 разоў. Усяго толькі на адзін раз адстаў ад яго Аляксандр Мажута, які заняў другое месца. На трэцім – Дзяніс Спірыдонаў (19 падцягванняў).
А вось у спаборніцтве, дзе гледачы таксама назіралі за гульнёй мускулаў і сілай рук – жыме трэнажора, – першае месца заняў Віталь Камянецкі, на другім – Віталь Туркін, трэцім стаў Юрый Грывіцкі.
на День защитников1Не абышлося і без відовішчнага спаборніцтва-дуэлі паміж асілкамі і 24-кілаграмовай гірай. Па чарзе ўдзельнікі падыходзілі да сваёй саперніцы і, бы капрызлівую дзяўчыну, падымалі яе на руках. Пераможцам тут стаў Віталь Камянецкі, які падняў гіру 120 разоў. На другім месцы Юрый Грывіцкі з вынікам 100 разоў. Віталь Туркін стаў трэцім – 65 падыманняў.
Затым надышоў час для самых трапных – высветліць, хто лепшы ў дакладных кідках па мішэні, запрашаў дартс. Вопытныя ўдзельнікі ведаюць, што самая нязначная памылка ў гэтым спаборніцтве можа стаць крыўдным “малаком”, таму стараліся сканцэнтравацца і кідаць дроцікі правільна і дакладна ў мішэнь. Лепш за ўсё гэта атрымалася ў Рубэна Гукасава. На другім месцы – Андрэй Місевіч. Трэцяе заняў Артур Юргелянец. Аматары тэніса высвятлялі адносіны на ракетках. Дарэчы, прыемна, што на спаборніцтве прысутнічалі не толькі жыхары нашага раёна, але і госці з іншых краін. Напрыклад, кітаец Ван Шывэй не толькі пазнаёміўся са спартыўнымі традыцыямі Астравеччыны, але і вырашыў паўдзельнічаць – і ў выніку стаў пераможцам у настольным тэнісе. На другім месцы аказаўся Павел Селікоўскі. Трэцяе заняў Юрый Варковіч.
Майстры гульні ў більярд таксама маглі прадэманстраваць сапраўдны майстар-клас. Пад дакладнымі ўдарамі кія шар разпораз трапляў у лунку, прыносячы жаданыя ачкі. У выніку лепшым більярдзістам стаў Аляксей Валадзько. Другое месца заняў Андрэй Лісінецкі. На трэцім аказаўся Рубэн Гукасаў.
Падчас спаборніцтваў можна было не толькі пакачаць мускулы і прадэманстраваць сілу, але і паварушыць звілінамі, уключыць логіку і адчуць сябе сапраўдным стратэгам – да гэтага запрашалі шашачныя і шахматныя паядынкі. У выніку шахматным каралём-пераможцам стаў Карэн Гукасаў. На другім месцы яго брат Рубэн. Трэцяе заняў Часлаў Селікоўскі.
Шашачныя разборкі завяршыліся наступным чынам: першае месца ў Віктара Яхімовіча, на другім – Карэн Гукасаў, трэцяе заняў Андрэй Кавалёнак.
Дарэчы, недарэмна спаборніцтвы былі прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны: удзельнікам прапанавалі ўспомніць армейскія будні і на хуткасць разабраць і сабраць аўтамат Калашнікава. Хутка, спрытна і дакладна гэта зрабіў Ілля Грэчыц. Крыху адстаў ад яго Вадзім Родзь, які стаў другім. А трэцяе месца заняў Раман Шурпіцкі.
Уменне абыгрываць сапернікаў, трапна кідаць мяч у кальцо, а галоўнае – гуляць камандай – усё гэта можна ўбачыць падчас гульні ў стрытбол. Задавальненне атрымалі не толькі ігракі, але і гледачы. Пераможцам у выніку стала каманда Кямелішкаўскага НПК, на другім месцы – стрытбалісты з Вароны, трэцяе заняла каманда з Каранят.
Пераможцы спаборніцтваў былі ўзнагароджаны граматамі і падарункамі.
А работнікі культуры, як заўсёды, павіншавалі абаронцаў Айчыны па-свойму: яны падарылі ўсім гледачам шчырыя і прыгожыя музычныя нумары.

--------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.