Баскетбольный турнир посвятили памяти тренера Леонида Пукшто

Леанід Іосіфавіч Пукшта… Гэтае прозвішча добра вядома спартсменам Астравеччыны – і не толькі… Настаўнік фізкультуры Гервяцкай сярэдняй школы, таленавіты трэнер па баскетболу, чые выхаванцы неаднаразова падымаліся на п’едэстал раённых і абласных спаборніцтваў, ён умеў прывіць любоў і павагу да спорту, знаходзіў патрэбныя словы для матывацыі, каб рабяты імкнуліся да перамогі. Школе і спорту ён прысвяціў сорак гадоў жыцця.
Сёлета споўнілася пяць гадоў, як Леаніда Іосіфавіча не стала. А як ушанаваць памяць Настаўніка і Трэнера, як не спартыўным турнірам? Турнірам па баскетболу памяці Л.І. Пукшты.

Надвор’е ў той дзень не на жарт узбунтавалася. Было адчуванне, што ў лесе правяць бал усе дванаццаць месяцаў. Аднак нават такое вар’яцтва надвор’я не перашкодзіла сабрацца ўсім жадаючым у Гервяцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе на баскетбольны турнір. Пазмагацца прыехалі пяць каманд: Астравецкая цэнтральная раённая бальніца, Міхалішкі, Гервяты, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, Гудагай.
Ушанаваць памяць бацькі прыехала і дачка Л.І. Пукшты Святлана Лупіна, якая прывезла тры прыгожыя кубкі за першае, другое, трэцяе месцы і каштоўныя прызы.
Урачыстае пастраенне, некалькі прывітальных слоў – і свісток галоўнага суддзі Анатоля Кавалеўскага. Турнір пачаўся. Удзельнікі разышліся для хвіліннай падрыхтоўкі.
А збоку за падзеямі з лёгкай усмешкай назіраў з партрэта з чорнай рамкай жывымі і добрымі вачыма Леанід Іосіфавіч.
Першымі на пляцоўку выйшлі баскетбалісты з Міхалішак і Гудагая. Часу на “раскачку” не было, таму ігракі адразу прыступілі да сур’ёзнай і напружанай гульні. Дарэчы, не першы раз ужо ўпэўніваюся, што глядзець любыя спаборніцтвы па тэлевізары і назіраць за гульнёй, што называецца, ужывую – вялікая розніца. Ніколі не лічыла сябе прыхільніцай баскетболу. Мае адносіны з гэтым відам спорту абмяжоўваюцца школьнай гульнёй у “мінус пяць”. А тут! З першай і да апошняй хвіліны ігракі не давалі адзін аднаму расслабіцца, гульня ішла амаль ачко ў ачко, і ўпартая барацьба працягвалася да фінальнага свістка. Хіба можна застацца раўнадушным да такога напалу жарсцяў? Міжволі захапляешся гульнёй, сочыш за мячом, напружваешся ў нецярплівым чаканні, калі ён праносіцца над кальцом – і неяк само сабой атрымліваецца, што пачынаеш хварэць за тую ці іншую каманду, перажываць за няўдалыя кідкі і радавацца пападанню “ў дзясятачку”.
Тым часам два таймы па дванаццаць хвілін кожны скончыліся хутка і з нязначнай перавагай – 25:21 – перамогу святкавалі міхалішкаўцы.
Наступнымі на баскетбольную дуэль выйшлі каманды ЦРБ і РАНС. Праўда, іх гульня саступіла папярэдняй.
Медыкі з самага пачатку павялі ў ліку і, нягледзячы на намаганні выратавальнікаў, не саступілі ім пальму першынства – 32:12 на карысць ЦРБ.
Затым высвятляць адносіны надышла чарга ўдзельнікам з Гервят і Гудагая. Гаспадары турніру не першы год лічацца лідарамі па баскетболу на Астравеччыне. Таму зразумела, што гудагайцы настроіліся на нялёгкую гульню. Так і атрымалася. Хоць і стараліся гудагайскія спартсмены супрацьстаяць напору сапернікаў, але ў выніку ўсё роўна здалі пазіцыі – 41:27 на карысць гервятцаў.
Шчыра кажучы, перад сустрэчай каманд Міхалішак і РАНС я думала, што мацнейшымі будуць міхалішкаўцы. Але выратавальнікі прадэманстравалі сапраўднае ўменне гуляць камандай і выйгралі з лікам 19:11.
“А зараз будзе саамы цікавы матч турніру”, – так пракаменціраваў наступную гульню адзін з суддзяў Валерый Блахін. Каманды Гервят і ЦРБ, якія і выйшлі на ігравую пляцоўку, лічыліся фаварытамі турніру. А барацьба мацнейшых, безумоўна, абяцала быць відовішчнай і непрадказальнай. Гульня была моцнай, аднак інтрыгі не атрымалася. Хоць і спрабавалі медыкі сабрацца з сіламі, бралі таймаўты, мянялі стратэгію, але супрацьстаяць зладжанай і дакладнай гульні гервятцаў у іх не атрымалася: гаспадары выйгралі з лікам 29:17.
А вось у наступнай сустрэчы зноў прыемна здзівілі выратавальнікі, якія высвятлялі на баскетбольнай пляцоўцы адносіны з гудагайцамі. Пажарныя нібы адгадвалі думкі адзін аднаго, трапна пасавалі, умела і дакладна кідалі ў кальцо. У выніку яны выйгралі з вялікім адрывам – 44:21.
Пасля выйгрышнага, але зусім нялёгкага матча з гудагайцамі выратавальнікі, амаль не адпачыўшы, зноў выйшлі на гульнявую пляцоўку, дзе іх чакалі вопытныя гервятцы. Вядома, так жа эфектыўна правесці і другую гульню ў каманды РАНС не атрымалася – адбівалася стомленасць, ды і майстэрства ігракоў з Гервят падбівала “пад дых”, а калі больш дакладна – проста ў баскетбольнае кальцо. Гаспадары турніру выйгралі і гэты матч з лікам 23:15.
Цікавай і відовішчнай атрымалася і сустрэча паміж камандамі ЦРБ і Міхалішак. Падзеі разгортваліся непрадказальна. Спачатку медыкі ўпэўнена лідзіравалі з немалой розніцай. Затым ці то стаміліся, ці то расслабіліся, толькі гэта вельмі ўдала выкарысталі міхалішкаўцы і скарацілі розніцу да мінімуму. Апошнія хвіліны матча паказыталі нервы не толькі гледачам, але і ігракам. Міхалішкаўцы атакавалі з апошніх сіл, але дагнаць сапернікаў ім так і не ўдалося. 27:25 – мацнейшай аказалася каманда ЦРБ.
Без асаблівай інтрыгі прайшоў апошні матч турніру – каманда Гервят выйграла ў Міхалішкаў з лікам 27:14.
На гэтым гульні скончыліся, а суддзі пачалі падсумоўваць ачкі для вызначэння пераможцы і прызёраў.
І зноў урачыстае пастраенне. Ганаровая місія ўзнагароджвання каманд па праву належыць дачцэ Леаніда Іосіфавіча Пукшты – Святлане. Было бачна, як свецяцца радасцю яе вочы: бацьку памятаюць і паважаюць. Толькі на самым донцы іх захаваўся ледзь бачны боль: ён ніколі не ўбачыць гэта…
Святлана яшчэ раз падзякавала ўсім за ўдзел у турніры. А кубак пераможцы спаборніцтва і грашовую прэмію ў памеры аднаго мільёна рублёў па праву атрымалі гаспадары – такім чынам гервятцы яшчэ раз даказалі, што годна працягваюць традыцыі свайго земляка і трэнера. Сярэбраным прызёрам стала каманда цэнтральнай раённай бальніцы, якая атрымала 500 тысяч. Трэцяе месца і 300 тысяч дасталіся выратавальнікам.
Акрамя гэтага, на погляд Святланы, лепшым іграком стаў Яўген Бандарэнка з каманды ЦРБ, які таксама атрымаў 300 тысяч рублёў. Лепшым нападаючым быў названы Валерый Перка, таксама ігрок ЦРБ, лепшым разыгрываючым – Рамуальд Алёкса з Гервят, лепшым абаронцам – Сяргей Доўнар з каманды выратавальнікаў. А прыз за волю да перамогі атрымаў Мікіта Лаўрэцкі з каманды Гудагая. Ім былі ўручаны памятныя ручныя гадзіннікі.
За фінансавую падтрымку ў набыцці прызоў арганізатары турніру выказваюць падзяку прыватным прадпрымальнікам У.З. Шырынскаму і В.Б. Катовічу.


------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.