"Бархатный сезон". Отдыхаем на Чёрном море

У Крыме я была неаднойчы, але штораз не перастаю здзіўляцца яго прыгажосці. Адзінае, што засмучае, – гэта беспарадак, які даводзіцца бачыць там.
“Бархатны сезон”

На гэты раз выбрацца ў Крым давялося толькі восенню. І хаця не раз чула, што восень – лепшы час для адпачынку на Чорным моры – менавіта ў гэтую пару тут пачынаецца так званы “бархатны сезон” – ехала не без апасенняў: а раптам надвор’е сапсуецца – восенню ж усяго хапае?
Ці ведаеце вы, чаму восеньскі адпачынак атрымаў назву “бархатны сезон”? Як аказалася, існуе некалькі версій узнікнення гэтага паняцця. Згодна з адной з іх, паняцце “бархатнага сезона” ўзнікла напрыканцы 19-га стагоддзя і першапачаткова адносілася толькі да Ялты. Царская сям’я прыязджала ў Крым менавіта ў верасні – гэта быў найлепшы час для лячэння захворванняў нервовай і дыхальнай сістэм. Услед за ёй да мора ехаў і ўвесь “свет грамадства” – іншымі словамі, людзі ў аксаміце ды парчы. Халаднаватымі вераснёўскімі вечарамі дамы апраналіся ў дарагія аксамітныя ўборы і гулялі па набярэжнай.
Згодна з другой версіяй, “бархатны сезон” абавязаны сваім узнікненнем мастакам і паэтам, якія таксама аддавалі перавагу аксамітным адзенням. Восенню яны таксама прыязджалі ў Крым, толькі з іншай мэтай – пісаць нацюрморты, пейзажы і вершы.
Па версіі трэціх, надвор’е ў гэтым сезоне – мяккае, як аксаміт – адсюль і назва.
У цэлым жа выраз “бархатны сезон” вельмі папулярны і ў наш час. Амаль усе турыстычныя фірмы направа і налева рэкламуюць перавагі восеньскага адпачынку і запрашаюць правесці адпачынак у верасні і кастрычніку на цёплых Чорным і Міжземным марах.
Сёлета ўпэўніцца, што і восенню можна добра адпачыць на ўзбярэжжы Крыма, у мяне атрымалася і на сваёй скуры – у літаральным сэнсе гэтага слова. Цяпер, праўда, у аксаміце ніхто не ходзіць, але жадаючых праверыць на сабе ўздзеянне “бархатнага” сонца яшчэ шмат.
Днём надвор’е тут сапраўды цёплае і сонечнае. Але на такім сонцы ўжо не апячэшся, як у ліпені і жніўні, – і гэта таксама адна з пераваг восеньскага адпачынку. А мора яшчэ радуе цёпленькай вадзічкай, якая акутвае скуру, нібы аксаміт.



Вясёлка над морам

Неаднаразова бываючы на поўдні, я нават не падазравала, што над морам можа ўзняцца вясёлка.
Здавалася, што гэта з’ява больш наша, родная, беларуская: калі пасля дожджычку над шырокімі палямі з-за гарызонту выглядвае сонейка – і з’яўляецца каляровая вясёлка. А дожджык яшчэ паціху накрапвае, і дзеці, радуючыся, басанож бегаюць па лужынах.
Вясёлка над морам зусім іншая. І з’явілася яна зусім нечакана...
У той дзень дожджык зацеру-шыў з самага рання. Але пытання ісці ці не ісці на пляж не ўзнікала – мы ж прыехалі на МОРА! Таму, прыхапіўшы з сабой вялікі пляжны парасон, накіроўваемся на ўзбярэжжа. Тут значна халадней, чым у горадзе. Парывы ветру ўвесь час пагражаюць сарваць рознакаляровую шапку парасона. І раптам хмары разыходзяцца – і выглядвае сонейка. Усе распранаюцца – пачынаюць загараць. Але гэта задавальненне цягнецца не вельмі доўга. Літаральна праз паўгадзіны з-за гары зноў наплываюць хмары, і пачынаецца дождж. І так на працягу дня. Праўда, пляж ніхто не пакідае…
Пад вечар вырашаем схадзіць у горы. Да таго часу распагодзілася. І пра дождж, які палохаў цэлы дзень, больш нічога не нагадвала. Але не паспелі мы падняцца на гару, як зноў узняўся вецер, неба зацягнула хмарамі і паліў дождж. Хавацца давялося пад невялікімі сасонкамі.
І раптам, павярнуўшыся ў бок мора, мы ўбачылі – што б вы думалі? – вясёлку. Такую блізкую, родную, нашу, беларускую! Толькі вось пра сонца на небе нічога не нагадвала – яно хавалася за гарой…



Крымскі Галівуд...

Курортны пасёлак Сімеіз, дзе мы сёлета адпачывалі, – любімая здымачная пляцоўка многіх рэжысёраў.
Па яго вузкіх вуліцах, якія ўсё вышэй і вышэй падымаюцца ад мора ў гару, гуляў Іхціандр – галоўны герой кінастужкі “Чалавек-амфібія” – акцёр Коранеў. Менавіта са скалы Дзіва – галоўнай славутасці Сімеіза і сімвала пасёлка, – якая размешчана на яго гербе, ён скакаў у мора, калі ратаваўся ад паліцыі. Тут жа, каля падножжа гары, праходзілі здымкі царства Нептуна.
На віле “Ксенія”, якая стала вялікай камунальнай кватэрай, здымалі фільм “Бедныя сваякі” з Канстанцінам Хабенскім у галоўнай ролі. Сёння, праўда, пра здымачную пляцоўку нічога не нагадвае. А шкада…
Больш сотні гадоў назад віла “Ксенія” належала вядомай у тыя часы графіні Чуйкевіч. Пабудаваная ў шатландскім стылі, яна выдзялялася сярод іншых забудоў пасёлка. Але нават гэта не дапамагло ёй застацца такой жа прыгожай і вядомай.
Незадоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі гаспадыня прадала свой маёнтак. Пасля рэвалюцыі яго нацыяналізавалі і ператварылі спачатку ў гасцініцу, потым – у камунальную кватэру. Сёння яе напаткаў лёс многіх будынкаў, якія не маюць сапраўднага гаспадара, – паціху яна прыходзіць у заняпад.
У Сімеізе таксама здымалі эпізоды з кінафільма “Дзесяць негрыцят”. Крутая лесвіца, па якой героі падымаюцца і спускаюцца да мора, – гэта лесвіца на скалу Дзіва. Невялікая, вышынёй усяго 45 метраў, яна, як магніт, прыцягвае турыстаў: кожнаму хочацца падняцца на аглядавую пляцоўку і палюбавацца панарамай, якая ўзнікае перад вачыма. Паверце, яно таго каштуе! А экстрэмалы могуць скарыстацца “тарзанкай” і саскачыць з гары ў мора, дзе ўжо будзе чакаць лодка, якая даставіць да берага.
А які пляж побач! А Гара Кошка, палюбавацца якой з’язджаюцца турысты з усяго Крыма! Словам, прыгожых і знакамітых мясцін тут шмат. Нездарма ж і сёння кінематаграфісты з Расіі і Украіны здымаюць тут эпізоды шматлікіх мастацкіх фільмаў. Вось і нам давялося трапіць на здымкі маладзёжнага фільма “Штармавое папярэджанне”.
Чуткі пра тое, што на пляжы будуць здымаць кіно, папаўзлі з самай раніцы. Большасць адпачываючых час ад часу круцілі галовамі, каб убачыць, што ж за акцёры прыйдуць на пляж. І раптам: “Ідуць!”
Узброіўшыся фотаапаратам, накіроўваюся да напоўпу разявяк і станаўлюся адной з іх. Здзівіла, што няма ніякага агароджвання. Адзінае, аб чым увесь час прасілі спецыялісты кіназдымачнай групы: не шумець і не размаўляць. На пытанні, якія час ад часу даносіліся з натоўпу, ніхто не рэагаваў. Першы, другі, трэці, чацвёрты дубль… Знята! Зноў перамена месца размяшчэння.
Падчас такога перапынку спрабую прабіцца да кіназдымачнай групы, прадстаўляюся журналісткай – не вельмі дзейнічае. Нарэшце пачынаюць скупа адказваць: “Здымаем маладзёжны мастацкі фільм. Назва “Штармавое папярэджанне”. Здымкі толькі пачаліся… Калі выйдзе ў пракат? Я ж вам кажу, здымкі толькі пачаліся,” – строга адказвае мне жанчына з кіназдымачнай групы і дадае: “Глядзіце дзесьці праз два гады. Хто здымаецца? Маладыя таленавітыя акцёры. Хто здымае? Расійская кінакампанія. Не перашкаджайце нам – мы працуем!”
І ўсё. Больш – ні слова. Здымкі на пляжы працягваліся на працягу дня.
Ну што ж, магчыма і сябе ўбачым у масавых сцэнах…



Парадак у доме – лад у душы

І ўсё ж Крым мяняецца. Часам нават у лепшы бок. І смецце з вуліц яго пасёлкаў і гарадоў таксама вывозяць.
Гаспадыня сядзібы, у якой мы здымалі кватэру, скардзілася, што смецце ў пасёлку пакідаюць якраз турысты, а не мясцовыя жыхары.
– Штогод у пачатку вясны мы вычышчаем усё, што толькі магчыма. Але не паспее прайсці і месяца, як бачыш, што працаваў ты дарма: паліэтыленавыя пакеты, пластыкавыя і шклянныя бутэлькі ляжаць усюды, дзе толькі магчыма, – скардзілася жанчына.
Ды і на пляжы мне аднойчы давялося стаць сведкай размовы пра чысціню і парадак. Малады мужчына з захапленнем расказваў пра тое, што ўбачыў падчас учарашняй экскурсіі, не раз падкрэсліваў, што не ўмеюць крымчане распараджацца той прыроднай прыгажосцю, якая ім дасталася. І ў той жа час спакойна закапваў недакурак у камяні.
…Калі сёлета патрапіла на тэрыторыю аднаго з крымскіх санаторыяў, у якім была пяць гадоў назад, то, гаворачы маладзёжнай мовай, – “выпала ў асадак”. Тады тут радавалі вока прыгожыя клумбы, засаджаныя кветкамі, праполатыя сцежкі і пальмы. Цяпер жа сцежкі і клумбы зараслі пустазеллем, а пра пальмы ўвогуле нічога не нагадвала. Шкада…
Затое на тэрыторыі Лівадзійскага палаца работа кіпела на ўсю моц: выразалі старыя дрэвы і кусты, раўнялі глебу і сеялі газон. Ці не добры прыклад для пераймання?
Дарэчы, падчас нашага адпачынку мясцовыя ўлады вырашылі ачысціць пасёлак ад розных шапікаў і кафэшак, якія самі па сабе ўзніклі на ўзбярэжжы, перагарадзіўшы выхад да мора. На працягу двух дзён прадстаўнікі мясцовай міліцыі, тэлебачання і органаў улады “расчышчалі” прыбярэжную тэрыторыю. У выніку замест палатак, якімі была застаўлена набярэжная – прынамсі, падчас нашага знаходжання, – засталіся горы смецця, якія, між тым, вывозіць ніхто не спяшаўся.
Але ў той жа час цяжкасці ўзніклі і ў адпачываючых. Калі раней, не адыходзячы ад пляжа, можна было паабедаць ці хаця б перакусіць, то цяпер для гэтага трэба было ісці ў горад. Аднак мясцовыя сцвярджалі, што гэта толькі часовыя праблемы, якія ў хуткім часе будуць вырашаны.



А мы па навігатары...

Некалькі гадоў назад, вяртаючыся з Крыма, сустрэліся з маладымі хлопцамі, якія таксама ехалі ў Беларусь. Гаворка зайшла пра дарогі і маршрут, па якім яны ехалі і якім будуць вяртацца дадому. Хлопцы адказалі: “А мы не ведаем дарогі, мы – па навігатары”.
Паспрабавалі і мы “па навігатары”.
На зваротным шляху, калі да беларускай мяжы заставалася некалькі кіламетраў – перасякалі мы яе праз пункты пропуску “Вільча – Аляксандраўка”, – дарогу перагарадзіў шлагбаум, каля якога ўжо стаялі ўкраінскі міліцыянер і вадзіцель аўтамабіля з беларускімі нумарамі. Ззаду за намі спынілася ўкраінская машына.
Не паспеў шлагбаум адкрыцца, як украінец рвануў з месца, абагнаўшы пры гэтым не толькі нас, але і першую машыну. Як толькі міліцыянер запісаў неабходныя звесткі, мы рушылі ў дарогу. І тут навігатар завёў сваю песню: “Вы збіліся са шляху! – і амаль адразу ж супакоіў: – Працягвайце рух.”
Яго словы да нас дайшлі толькі праз кіламетраў дзесяць, калі прыйшло ўсведамленне, што мы едзем па незнаёмай дарозе. Але ж перад намі, не скідваючы хуткасці, ехаў аўтамабіль з беларускімі нумарамі…
І толькі калі грунтавая дарога перайшла ў лясную, я забіла трывогу: “Дык мы ж зараз у абход мытні трапім у Беларусь!” Муж заміргаў фарамі беларускаму вадзіцелю.
Аказалася, што ён таксама – “па навігатары”.
Мы вырашылі не рызыкаваць і развярнуліся. Вярнуліся да шлагбаума, дзе нас сустрэў усё той жа ўкраінскі міліцыянер. Толькі цяпер на яго твары расплылася ўсмешка.
– Малайцы! Хутка справіліся, – сказаў ён, паглядваючы на гадзіннік і ўказваючы шлях да ўкраінска-беларускай мяжы.
…Вось мы і дома. Наперадзе – цэлы год, падчас якога летнія ўспаміны яшчэ не раз будуць усплываць у памяці.


--------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.