Агроусадьбы встречали гостей

1

Прачнуцца пад залівісты спеў салаўёў, прайсціся басанож па расе, напіцца вады са студні і акунуцца з галавой у хвалі рачной прахалоды… Здзівіцеся: што тут асаблівага? Значыць, вы – вясковец, для каго гэтыя радасці жыцця – звыклая паўсядзёншчына.


А некаторыя жыхары буйных гарадоў падобны адпачынак лічаць раскошай і, удыхаючы ў офісах штучнае паветра кандыцыянераў, мараць пасядзець з вудай на беразе ціхага возера ці рэчкі. Ажыццявіць гэтую мару дапамагаюць  аграсядзібы.


У канцы мая праводзіўся рэспубліканскі дзень адкрытых дзвярэй сярод аграсядзіб. Расказаць і паказаць, чым яны жывуць, як сустракаюць гасцей і што могуць ім прапанаваць, пагадзіліся гаспадары дзвюх аграсядзіб Астравеччыны – “Камарышкі” і “Радзюшы”.


Пакуль едзем на першую аграсядзібу “Камарышкі” ад інструктара-метадыста па турызму Алены Бублевіч даведваюся, што ў нашым раёне зарэгістравана больш дзясятка аграсядзіб. Толькі па розных прычынах большасць з іх паўдзельнічаць у падобнай самапрэзентацыі адмовілася. А вось уладальнікі вышэйзгаданых з радасцю адгукнуліся на прапанову раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму прыняць гасцей і прадэманстраваць свае ўладанні.


Неўзабаве мы бачым указальнік з патрэбнай назвай – “Камарышкі”. Аграсядзіба знаходзіцца амаль побач з вёскай Страча – іх раздзяляе толькі Полацкая траса. “Ныраем” з асфальту на лясную дарогу, некалькі соцень метраў – і трапляем у невялікае самабытнае царства са своеасаблівым дэкорам і адметным каларытам. Такое адчуванне, што трапляеш у іншае вымярэнне. Парадокс: побач знаходзіцца вёска, дзе большасць жыхароў імкнуцца да апошніх выгод цывілізацыі, робяць модныя рамонты, купляюць сучасную мэблю і лічаць, што чым навей – тым лепш. У “Камарышках”, наадварот, хочуць захаваць даўнейшыя традыцыі. Аграсядзіба выклікала асацыяцыю з даўнейшым хутарам, невялікім царствам самабытнасці і натуральнасці. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для адпачынку: вадаправод, сучаснае абсталяванне, тэхніка, санвузлы і іншыя патрэбныя выгоды. Але гаспадарам удалося стварыць атмасферу сапраўднай беларускай сядзібы: з  коламі пад адрынай, глінянымі збаночкамі на драўляным плоце, коннай збруяй і плеценымі з лазы кошыкамі.


Поўнасцю адпавядалі зададзенаму каларыту і гаспадары сядзібы, якія сустракалі гасцей – у льняной вопратцы – сапраўдныя беларусы.







Аляксандр і Вольга Дарашэвічы прыехалі на Астравеччыну з Палесся. Як расказаў гаспадар, ідэя заняцца агратурызмам узнікла сама сабой: дзеці выраслі і раз’ехаліся, у горадзе нічога не трымала, а ім заўсёды падабаліся прырода і здаровы лад жыцця. Вось і вырашылі: а чаму б і не?! Сямейная пара пераехала на Астравеччыну, і адкрыла аграсядзібу “Камарышкі”.

Пасля знаёмства гаспадар праводзіць экскурсію па сваіх уладаннях. Першы аб’ект – гасцявы домік, які яны пабудавалі нядаўна. Заходзім – і галаву дурманіць непаўторны водар дрэва. Пакоі, гасцявая, кухня абсталяваны па прынцыпу разумнага мінімалізму – нічога лішняга, але ёсць усё патрэбнае, каб прыгатаваць ежу і адпачыць.


Далей Аляксандр паказвае тэрыторыю сядзібы: вадаём, альтанка, лазня, батут, які ваўсю выпрабоўвалі дзеці – паступова на аграсядзібу пад’ехалі наведвальнікі з сем’ямі. Але найбольшую зацікаўленасць выклікаў такі экстрэмальны від адпачынку, як спуск па тросе. Перш чым трапіць на спускавую пляцоўку, трэба падняцца на пэўную вышыню і пераадолець навясныя пераходы. Надзейная страхоўка забяспечана, аднак і яна не пазбаўляе ад дрыжыкаў.


– Ёсць жадаючыя пракаціцца з “ветрыкам”? – пытае з усмешкай гаспадар.


– А можна мне? – адгукаецца інструктарметадыст Алена Раткевіч. – Я даўно пра гэта марыла.


Дзяўчына прымацоўвае страховачныя паясы, падымаецца па лесвіцы – і знікае разам з Аляксандрам сярод галін. Няпросты пад’ём па хісткіх пераходах – і вось яна на спускавой пляцоўцы. Мужчына тлумачыць, што і як трэба рабіць, некалькі секунд развагі, рашучы штуршок – і дзяўчына ляціць па тросе. Вышыня спускавой пляцоўкі – 11 метраў, даўжыня троса – 80 метраў.


– Як эмоцыі? – пытаю пасля ў Алены.


– Уф-ф-ф! – пераводзіць дыханне дзяўчына. – Класна! Паставіла яшчэ адну галачку ў спісе здзейсненых мар.


“Паставіў галачку” для сябе і намеснік старшыні райвыканкама Павел Мілешка, які з воклічам “Паехалі”! таксама пранёсся на тросе над нашымі галовамі.


Прызнаюся, я глядзела на смельчакоў і зайздросціла: мая боязь вышыні ўсё ж перамагла прагу экстрыму. Можа, як-небудзь у другі раз… Балазе, я ўжо ведаю, дзе гэта можна зрабіць.


Акрамя спуску па тросе, у “Камарышках” можна праехаць на веласіпедах па лясных маршрутах, папаляваць з лука на мішэнь кабана і проста адпачыць на ўлонні прыроды.


На развітанне гаспадары частуюць нас смачным хлебам з бездражджавога цеста, рулетам з мяса бабра, брусніцамі да мяса і гарбатай. Усё гэта Аляксандр і Вольга пякуць і робяць самі, бо ўпэўнены, што няма нічога лепшага, чым здаровая натуральная ежа.


А вось аграсядзібу “Радзюшы” знайсці не так проста. Калі да адпачынку на прыродзе хочацца дадаць яшчэ прыгоды першапраходца, то ўдакладняць дарогу не варта. Схаваўшыся сярод паваротаў, прыкрыўшыся дрэвамі і кустоўем, аграсядзіба, вельмі эфектна і нечакана з’яўляецца перад падарожнікамі.


Як аказалася, мы былі тут не першымі гасцямі: на прысядзібнай тэрыторыі ўжо размясцілася некалькі груп “агратурыстаў”. На вогнішчы ў вялікім сагане закіпала юшка, дзеці гойдаліся на арэлях, з дома даносілася музыка – ігралі скрыпкі, а дзяўчынка ў прыгожай сукенцы запрашала пакатацца на кані – дзень адкрытых дзвярэй быў у разгары.


Прыгожыя рознакаляровыя клумбы, дзіцячая пляцоўка з арэлямі, рамантычна прыхаваныя ў цені дрэў лаўкі і невялікі вадаём, у якім можна пакупацца, палавіць рыбу ці проста парэлаксіраваць, – усё гэта надае асаблівы каларыт менавіта гэтай аграсядзібе. Асобнай увагі заслугоўваюць і гасцявыя домікі – іх тут два. Прыгожы інтэр’ер, дзе сучаснасць мяжуе з мінулым: більярд і бабулін куфар, модная кухня і габелены на сценах...







Аграсядзіба “Радзюшы” – адносна маладая, пачала дзейнічаць у мінулым годзе. Як жартуе гаспадар Валерый Свешнікаў, усё пачалося з таго, што некалькі гадоў назад жонка купіла стары дом. А далей – пайшлопаехала. Дапамагаюць бацькам у сямейным бізнесе і дзеці – дзяўчынкі ў аднолькавых прыгожых сукенках частавалі гасцей смачнай выпечкай і запрашалі пакатацца на кані. Яшчэ тут можна было пастраляць з пнеўматычнай вінтоўкі, павудзіць рыбу ў вадаёме і проста паблукаць па лесе.

– Гасцям мы прапаноўваем спецыяльныя экскурсійныя маршруты па цікавых мясцінах, знаёмім з помнікамі



архітэктуры, прапаноўваем выезд на азёры, – пералічвае аказваемыя паслугі гаспадыня Алена Свешнікава. – Усё залежыць ад запатрабаванняў і жаданняў: адны любяць актыўны адпачынак, іншыя прыязджаюць проста пабыць на свежым паветры.


Вяртаючыся дадому, лаўлю сябе на думцы, што пабывала ў абсалютна розных аграсядзібах: самабытных “Камарышках” і больш сучасных “Радзюшах”. У кожнай свае “фішкі” і паслугі, але абедзве пакінулі прыемныя ўражанні.


А я ў чарговы раз пераканалася, што на Астравеччыне можна цудоўна адпачыць!


--------------------------------------------------


Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.