Навукова-даследчая канферэнцыя прайшла ў Варнянах
У навучальна-педагагічным комплексе Варнянскія яслі-сад-сярэдняя школа адбылася першая міжшкольная навукова-даследчая канферэнцыя “Інтэлект. Творчасць. Супрацоўніцтва”. Дванаццаць удзельнікаў з Варнянскай, Варонскай і Гервяцкай школ прадставілі ўвазе гледачоў свае навукова-даследчыя працы па секцыях беларускай літаратуры, гісторыі, біялогіі, фізікі, англійскай мовы і рускай літаратуры.І вось на сцэне першы навуковец – Дзіяна Асадчук, вучаніца 9 класа Варнянскага НПК. Першаму выступаць заўсёды вельмі складана, але, нягледзячы на гэта, Дзіяна годна абараніла сваю навукова-даследчую працу па тэме “Казімір Сваяк. Святар. Філосаф. Пісьменнік”.
Другой выступала Яна Бумбуль, дзесяцікласніца Варнянскага НПК з тэмай “Духоўна-выхаваўчы аспект твораў паэтаў і пісьменнікаў Астравеччыны”. Выступленне Яны ўразіла ўпэўненасцю і арыгінальнасцю.
Трэцяй абараняла сваю работу Аляксандра Рэкель, вучаніца 9 класа Гервяцкай СШ. Аляксандра выбрала тэму “Хрысціянскія матывы ў паэзіі Наталлі Арсенневай”. Яна змагла вельмі добра абараніць сваю работу і раскрыць яе сутнасць.
Затым выступалі юныя гісторыкі. Ксенія Пашук, вучаніца 10 класа Варнянскай школы, паведаміла аб вызваленчай аперацыі “Баграціён” на Астравеччыне. Вельмі цікава было слухаць звесткі пра вызваленне некаторых вёсак нашага раёна.
Другой выступала Дар’я Багдановіч, васьмікласніца з Варнян. Яе праца “Вайна ў жыцці маіх сваякоў” атрымалася вельмі цікавай.
У рабоце секцыі біялогіі таксама ўдзельнічалі толькі дзве вучаніцы. Гражына Асадчук, дзесяцікласніца Варнянскага НПК, прадставіла работу на тэму “Народныя назвы лекавых раслін”, а Валерыя Апановіч, вучаніца 9 класа Варнянскай школы, расказала пра біялагічныя асновы рацыянальнага харчавання. У вачах дзяўчынак бачылася зацікаўленасць дадзеным прадметам, таму работы атрымаліся змястоўнымі і цікавымі.
Затым настала “зорная гадзіна” для хлопчыкаў – менавіта яны прадстаўлялі секцыю фізікі. Сяргей Сянюць, вучань 8 класа, і Аляксандр Адула, дзесяцікласнік з Варнян аддалі перавагу “крысталам”, а Сяргей Павіраеў, вучань 8 класа Варонскай базавай школы – атмасфернаму ціску. Хлопчыкі праводзілі доследы і прадстаўлялі абгрунтаваныя доказы сваёй праваты.
Cлова ўзяла прадстаўніца секцыі англійскай мовы Марына Урбановіч, адзінаццацікласніца з Гервяцкай СШ. Яна выбрала цікавую і незвычайную для дзяўчыны тэму “Футбольная тэрміналогія”. Адразу было бачна, што гэтая ўпэўненая дзяўчына падымаецца на сцэну не першы раз. Але, на жаль, канкурэнтаў у яе не было, бо Марына прадстаўляла гэту секцыю адна.
Завяршыць выступленні давялося Аксане Кіндар, вучаніцы 10 класа Варнянскай школы з работай на тэму “Вышыня Уладзіміра Высоцкага”. Падчас абароны мы пачулі голас Высоцкага, некаторыя вершы. У Аксаны таксама не было сапернікаў.
Першая міжшкольная навукова- даследчая канферэнцыя “Інтэлект. Творчасць. Супрацоўніцтва” прайшла на высокім узроўні. Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі. Па выступленнях быў складзены зборнік тэзісаў, які маглі паглядзець і набыць усе жадаючыя. А галоўнае, вучні навучыліся чэрпаць для сябе карысныя веды і правільна прымяняць іх.
Яна БУМБУЛЬ, вучаніца 10 класа Варнянскага НПК.