Отделение круглосуточного пребывания пожилых граждан и инвалидов участвует в областном смотре-конкурсе

11:42 / 18.08.2026

Кажуць, што ўзровень чалавечнасці і развіцця грамадства можна вымераць па адносінах у ім да самых беззабаронных – дзяцей і старых. Калі чалавек на схіле гадоў застаўся сам-насам з немаччу, забыты роднымі ці па волі лёсу апынуўся ў поўнай адзіноце, на дапамогу яму прыйдуць спецыялісты Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Уласнымі сіламі за некалькі месяцаў яны навялі прыгажосць у былой бальніцы сястрынскага догляду ў Міхалішках. Летась абноўленае, сучаснае і камфортнае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў гасцінна адкрыла дзверы перад першымі пастаяльцамі. Сімвалічна, што менавіта з гэтай установы распачаўся абласны тэматычны агляд-конкурс на лепшы падобны пансіянат.

Гасцей прывітала намеснік старшыні райвыкан Кама Вольга Баяровіч:

– У сакавіку мінулага года раённым выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне аб перадачы гэтай установы тэрытарыяльнаму цэнтру. Яго работнікі літаральна за тры месяцы адрамантавалі памяшканні, добраўпарадкавалі тэрыторыю і стварылі максімальна набліжаныя да санаторных умовы пражывання. Мы з радасцю падзелімся вопытам, падрабязна раскажам пра праведзеную работу , і ў вас будзе цудоўная магчымасць паглядзець, як жывуць, чым займаюцца і захапляюцца жыхары філіяла.

Гасцей хлебасольна і песенна прывітаў вакальны калектыў “Аксаміткі”, які не першы год паспяхова дзейнічае на базе тэрытарыяльнага цэнтра. А яго дырэктар Аксана Свірская і загадчык філіяла Ларыса Нарэйка правялі экскурсію па ўстанове.

Калі зазірнуць за дзверы “аддзялення”, адразу становіцца зразумела: што гэта не былыя бальнічныя калідоры, а прастора, напоўненая хатняй утульнасцю і сумеснымі фотаздымкамі. Інтэр’ер упрыгожваюць пано з молдынга і шпалераў.

Большасць пакояў з усім неабходным разлічана на пражыванне дваіх чалавек. Праўда, ёсць і аднамесныя “нумары” з асобнымі санвузламі. Жыхары філіяла могуць кожны ў сябе паглядзець тэлевізар ці сабрацца разам на кінасеанс ва ўтульным холе, а потым абмеркаваць навіны, успомніць маладосць ці пагуляць у настольныя гульні.

У малітоўным пакоі можна пабыць сам-насам са сваімі думкамі, памаліцца і знайсці духоўнае супакаенне. Тым больш, што раз на месяц службу тут праводзіць мясцовы святар. А ў канферэнц-зале, наадварот, збіраюцца, каб заняцца сумеснай творчасцю на гуртках па інтарэсах.

У гасцей была магчымасць убачыць, як праходзяць такія творчыя заняткі. Самадзейны мастак Станіслаў Міцкявічус, якога смела можна лічыць зоркай філіяла, падзяліўся сакрэтамі нараджэння карцін. А нядаўняя жыхарка Міхалішак Данута Балтруковіч раскрыла сакрэты гарбаты з зёлак і траў.

Паназіралі ўдзельнікі агляду-конкурсу і за работай псіхолага. Па перака Нанні Анастасіі Урлік, працуючы з пажылымі, спецыялісту важна рабіць акцэнт на па дтрыманне і стымуляцыю кагнітыўных функцый, таму што ў шаноўным узросце, як правіла, парушаюцца памяць, увага, мысленне. Цудоўна для гэтага падыходзяць нейрагульні і спецыяльная гімнастыка.

Пры добрым надвор’і вольны час пастаяльцы бавяць на вуліцы ў адмысловых альтанках і на лавачках за столікамі за гульнёй у даміно, шашкі ці чытаннем часопісаў і кніг, якія рэгульярна прывозяць раённыя бібліятэкары.

…Медыцынскія кабінеты, пральня, склады для бялізны – усё гэта прадугледжана ў філіяле.

Чысціня і дагледжанасць пануюць не толькі ў будынку, але і ля яго. Яблыневы сад, сцяжынкі і дэкаратыўныя кусты, вулічныя кветкі гарманічна ўпісаліся ў мясцовы пейзаж.

Жыццё паказвае, што такая форма ўладкавання для пажылых людзей запатрабавана, таму што вольных месцаў у аддзяленні амаль не бывае: цяпер, напрыклад, тут пражывае 42 чалавекі.

Кампетэнтна

Вольга Сядзельнік, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне:

– Конкурс-агляд праводзім раз у два гады. Ён дае магчымасць нашым спецыялістам убачыць напрацоўкі калег і лепшыя практыкі для раскрыцця талентаў людзей, якія пражываюць у аддзяленнях кругласутачнага знаходжання. Таму што адна з галоўных задач, якая стаіць перад органамі сацыяльнай абароны, – не проста стварэнне камфортных бытавых умоў для гэтай катэгорыі грамадзян, але і арганізацыя вольнага часу, спрыянне развіццю іх захапленняў і актыўнасцей.

Астравецкі раён адзін з апошніх, дзе адкрыўся падобны філіял. Варта аддаць належнае кіраўніцтву раёна, што яно хвалюецца за пажылых людзей, і калектыву тэрыяльнага цэнтра, у якім сапраўды працуюць нераўнадушныя людзі і ўсё ў гэтым філіяле створана іх рукамі.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич