Інтэрнэт-ашуканцы або як не трапіць у пастку
У сувязі са зменамі, якія ў хуткім часе адбудуцца ў мытным заканадаўстве, аўтамабільны бум вось-вось дасягне сваёй кульмінацыі. А гэта, у сваю чаргу, “на руку” злодзеям, якія любяць пажывіцца за кошт іншых.
На жаль, і ў нашай вобласці пачасціліся выпадкі ашуканства праз інтэрнэт. Улічваючы вялікі попыт на патрыманыя аўто, лаўкачы ствараюць у краінах дальняга замежжа фірмы-аднадзёнкі па продажу адпаведнага тавару. І праз сусветную павуціну прапаноўваюць купіць у іх іншамарку па заніжанай, а часам і зусім “смешнай” цане. Затым пачынаюць перапісвацца па электроннай пошце і, калі ўвайшлі ў давер, просяць выслаць залог.
Па сутнасці, гэтая схема ашуканства выкарыстоўваецца далёка не першы раз, аднак да гэтага часу дзейнічае. І, нягледзячы на прафілактычную работу органаў унутраных спраў і СМІ, на яе зноў і зноў трапляюцца нашы даверлівыя грамадзяне.
Вось і нядаўна спіс ахвяр такіх ашуканцаў папоўніўся двума жыхарамі Гродна і жыхаром Ліды. У выніку пацярпеўшыя расплаціліся за сваю даверлівасць значнымі сумамі – ад некалькіх соцень долараў да 8000 еўра.
У сувязі з гэтым хацелася б яшчэ раз папярэдзіць грамадзян: ні ў якім разе не адкрывайце пісьмы, якія прыйшлі на вашу электронную пошту з незнаёмых адрасоў. І тым больш не ўступайце з невядомымі асобамі ў перапіску – яны цудоўныя псіхолагі і практычна “стопрацэнтна” “развядуць” вас на грошы. Як ні прымітыўна гучыць, але ўспомніце вядомую ісціну: бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы.
М. ХАЛЕЦКІ, начальнік крымінальнага вышуку.