Не прайшлі ні “траўка”, ні “калёсы”

На гэтым тыдні супрацоўнікамі Ашмянскай мытні была затрымана самая буйная за апошнія некалькі гадоў партыя наркотыкаў, якую спрабавалі ўвезці ў нашу краіну.


20 чэрвеня ў пункце пропуску “Каменны Лог” пры аглядзе кабіны грузавога аўтамабіля “DAF”, які ішоў з Літвы ў Расію транзітам цераз Беларусь, супрацоўнікі мытні звярнулі ўвагу на вялікую колькасць сумак, што знаходзіліся на месцы адпачынку вадзіцеля – іх было нашмат больш, чым звычайна вязуць з сабой шафёры. Вадзіцелю прапанавалі прадставіць ручную кладзь на мытнае афармленне. Падчас мытнага дагляду супрацоўнікамі мытнай і пагранічнай службаў было выяўлена ў іх значная колькасць рэчыва расліннага паходжання карычневага колеру, а таксама два пакеты з таблеткамі бежавага колеру.
Пры правядзенні экспрэс-аналізу было ўстаноўлена, што ў сумках знаходзіцца 105,5 кілаграма гашышу, марыхуаны і псіхатропных рэчываў. Вадзіцель аўтамабіля, грамадзянін Літоўскай Рэспублікі, пры апытанні і дэклараванні заявіў, што ў сумках знаходзіцца невядомая яму раслінная сумесь, якую ён вязе па просьбе невядомага яму чалавека ў Расію.
Па выяўленаму факту супрацоўнікі Ашмянскай мытні пры ўзаемадзеянні з Ашмянскім РАУС праводзяць неадкладныя следчыя дзеянні, па выніках якіх будзе вырашацца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкулу “Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў” Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Гэтая партыя наркатычных сродкаў, затрыманая супрацоўнікамі Ашмянскай мытні, стала самай буйной за апошнія некалькі гадоў.
Усяго з пачатку 2011 года супрацоўнікамі мытных органаў Рэспублікі Беларусь прыпынена 26 фактаў незаконнага перамяшчэння цераз беларускі ўчастак мытнай граніцы Мытнага саюза наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.


Прэс-група Ашмянскай мытні.