Дом: крэпасць ці «сцяна плачу»?
Мудрыя англічане сцвярджаюць: “Мой дом – мая крэпасць”. Аб гэтым, напэўна, марыць кожны чалавек, які стварае сям’ю і пачынае абжываць сваё жыллё. І сапраўды, дзе яшчэ, як не дома, можна адагрэцца душой і целам, забыцца пра розныя праблемы і цяжкасці. Тут цябе зразумеюць, падтрымаюць і супакояць. Тут цябе любяць, шануюць і чакаюць. І вельмі добра, калі гэты дом на самой справе – твой маленькі свет, дзе цёпла і ўтульна. На жаль, часта ўсё адбываецца наадварот…
За тры месяцы 2011 года сярод заяў і паведамленняў, якія паступілі ў аператыўна-дзяжурную службу раённага аддзела ўнутраных спраў, 50 – звязаны з сямейнымі скандаламі. Ці трэба гаварыць, што асноўная прычына іх – злоўжыванне алкаголем? П’янства становіцца сур’ёзнай праблемай, у некаторай ступені нават нацыянальным бедствам. П’юць вёска і горад, пасля зарплаты і да яе, на выхадныя і ў будні, з гора і на радасцях. Перакульваюць чарку-другую, а пасля пачынаюцца крывавыя “эксперыменты”.
Напрыклад, у студзені была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 154 (мучэнне) КК Беларусі ў адносінах да непрацуючага жыхара вёскі Гервяты, 1980 года нараджэння, які з лістапада 2010 года па студзень 2011 года сістэматычна збіваў свайго састарэлага бацьку.
І гэта – далёка не адзіны падобны сумны выпадак. Такая своеасаблівая барацьба адурманеных алкаголем людзей за павагу да сябе, за каханне, дабрыню і пяшчоту. А ў выніку, як правіла, пакутуюць блізкія і слабейшыя – жонкі, дзеці, састарэлыя бацькі.
У суд трапляюць справы, якія ў асноўным тычацца забойстваў ці моцных пабояў. У астатніх выпадках дамачадцы спрабуюць апраўдаць свайго хатняга тырана – і самі не разумеюць, што іх дараванне і цярпенне – гэта псіхалагічная перамога мужа або бацькі, які страціў розум з-за сваёй любові да “беленькай”. Вылюдак адчувае, што яго баяцца і не пакараюць. Пабоі, прыніжэнні, слёзы – своеасаблівы бальзам для яго хворай псіхікі. Беспакаранасць – замацаванне поспеху.
Органы ўнутраных спраў рэагуюць на кожнае падобнае звяртанне. Калі яно, канешне, ёсць. У гэтым годзе каля 129 сямейных дэбашыраў былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства, 5 чалавек накіраваны на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Яшчэ 6 – асуджаны і чакаюць накіравання ў ЛПП. У адносінах да 9 грамадзян сабраны матэрыялы для абмежавання ў дзеяздольнасці.
Любы ўчастковы інспектар скажа, што гатовы лепш рабіць самую цяжкую работу, чым разбіраць сямейныя скандалы. Бо кожны з дамачадцаў у такіх гісторыях адстойвае сваю правату, а сведкаў-суседзяў не знайсці. На жаль, мы робім выгляд, што ўсё добра ў той час, калі з-за сцен даносяцца крыкі, плачуць дзеці, пакутуюць людзі і хтосьці ціха вар’яцее ад безвыходнасці становішча. Пакуль мы ўсе разам не станем змагацца супраць гэтага зла, будзе і далей панаваць выраз: “Кожны памірае ў адзіночку”.
З мэтай прыцягнення ўвагі насельніцтва да праблем бытавога насілля з 1 па 30 красавіка на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца прафілактычная акцыя “Дом без насілля”.
Паважаныя грамадзяне, не заставайцеся раўнадушнымі! Калі вам вядомы людзі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і вядуць антыграмадскі лад жыцця, непаўналетнія, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, вы можаце ананімна паведаміць пра гэта на “гарачую лінію” аператыўна-дзяжурнай службы РАУС па тэлефонах 102, 21-3-34, 20-8-99, 23-3-69 ці 22-6-68.
Ірына ВІТКЕВІЧ, старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі.