Аб прычынах гвалтоўнай гібелі людзей у Астравецкім раёне

Пракуратурай Астравецкага раёна быў праведзены аналіз прычын і ўмоў, якія садзейнічалі гвалтоўнай гібелі людзей у 2010 годзе. На працягу мінулага года па розных прычынах загінулі 53 чалавекі, для параўнання: у 2009 – 43. На шчасце, забойстваў і нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смяротных вынікаў, не было.


Асноўнай прычынай, па якой гінуць людзі, па-ранейшаму з’яўляецца п’янства. Аналіз сведчыць, што ўзровень смяротнасці людзей у раёне ў параўнанні з 2009 годам павялічыўся. У прыватнасці, стала больш ахвяр самазабойстваў, утаплення і алкагольнага атручвання.
У выніку парушэння правілаў тэхнікі бяспекі ў мінулым годзе на працоўных месцах загінулі 3 чалавекі, з іх у дваіх у крыві быў выяўлены этылавы спірт.
19.07.2010 года каля 13.15 на муляра 1983 года нараджэння, які ішоў па тэрыторыі дома №67 па вуліцы Валадарскага, што яшчэ будаваўся, з-пад даху гэтага дома звалілася цагліна, у выніку чаго хлопец атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх праз некалькі дзён памёр. У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што гэты няшчасны выпадак адбыўся з-за парушэння загінуўшым правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі.
Па прычыне атручвання алкаголем загінулі 12 чалавек. Як правіла, гэта былі людзі, якія сістэматычна ўжывалі спіртныя напоі. Пры тым на наркалагічным уліку ў раённай паліклініцы знаходзіўся толькі адзін з іх.
У мінулым годзе патанулі 10 чалавек, сярод якіх адзін непаўналетні. Адзін выпадак адбыўся ў сакавіку, 6 – у ліпені і 3 – у жніўні. Сярод загінуўшых на вадзе было 8 мужчын і 2 жанчыны. Узрост тапельцаў ад 17 да 48 гадоў. У сямі з іх у крыві быў выяўлены этанолавы спірт.
Летась 16 жыхароў раёна скончылі жыццё самагубствам: 15 – праз павешанне, адзін з дапамогай нажа. З агульнай колькасці загінуўшых – 14 мужчын і 2 жанчыны. Матэрыялы праверак сведчаць аб тым, што найбольш распаўсюджанымі фактарамі, якія садзейнічалі добраахвотнаму пазбаўленню жыцця, з’яўляюцца злоўжыванне спіртнымі напоямі, сямейныя канфлікты. У асоб пенсійнага ўзросту гэта – захворванні, а таксама пачуццё адзіноты, якому маглі садзейнічаць няўважлівыя адносіны з боку блізкіх і органаў мясцовай улады.
Так, 10.02.2010 года каля 16.00 у Карвэлях у доме быў знойдзены труп мужчыны 1957 года нараджэння, які павесіўся. Магчымая прычына самагубства – хвароба і фізічны боль.
У выніку парушэння правілаў дарожнага руху за мінулы год на дарогах раёна загінулі 4 асобы. З іх 3 мужчыны і адна жанчына, усе – пенсійнага ўзросту. Асноўнымі прычынамі ДТЗ з’яўляліся парушэнне хуткаснага рэжыму, сутыкненне з сустрэчным транспартам, наезд на пешахода ці веласіпедыста.
За 12 месяцаў 2010 года ў раёне адбылося 40 пажараў, у выніку якіх загінулі 4 чалавекі. Узгаранні, як правіла, узнікалі з-за парушэнняў правіл пажарнай бяспекі: неасцярожнае абыходжанне з агнём падчас курэння, парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення. Большасць пажараў адбылася ў сельскай мясцовасці.
Астравецкім аддзелам па надзвычайных сітуацыях з мэтай папярэджання гібелі грамадзян на пажарах у мінулым годзе праводзіўся комплекс пажарна-прафілактычных мерапрыемстваў, дзе былі задзейнічаны аглядальныя камісіі, члены пазаштатных пажарных фарміраванняў, сацыяльныя работнікі, педагогі, страхавыя агенты і іншыя.
Сярод іншых прычын гібелі людзей – пераахалоджванне, паражэнне электратокам і іншыя. У выніку іншых прычын не стала чатырох чалавек.
Гэтыя статыстычныя даныя сведчаць аб тым, што прафілактыка п’янства, бытавых канфліктаў, выканання правілаў дарожнага руху і правіл супрацьпажарнай бяспекі, правілаў аховы жыцця людзей на вадзе з’яўляюцца асноўным звяном у сістэме папярэджвання правапарушэнняў і злачынстваў, а таксама іншых прычын гібелі людзей у раёне.


В. ШАФРАН, следчы следчага аддзела пракуратуры.