Наталья Баницевич: "Я, наверное, счастливый человек"
16:00 / 10.03.2015

Хачу быць настаўніцай!
З дзяцінства Наташа Каляда марыла быць настаўніцай. У дзяўчынкі было дваццаць сшыткаў, у якіх яна сама за сваіх уяўляемых вучняў пісала класныя і дамашнія работы, а потым, як сапраўдная настаўніца, правярала іх з чырвоным стрыжнем і выстаўляла адзнакі ў дваццаць дзённікаў і класны журнал, які ёй падарыла цётка-
настаўніца.
Класнай дошкай былі дзверцы шафкі, на якіх вучні – у іх якасці таксама выступала сама Наташа – выконвалі заданні. За гэта дзяўчынцы не раз «пападала» ад маці. Але нават гэта не адбіла жадання стаць настаўніцай. І сёння, як напамін пра далёкае дзяцінства, у родным доме Наталлі Вікенцьеўны ў Івянцы захоўваюцца тыя яе сшыткі, дзённікі, журналы…
– Мне ніколі ніхто не раіў ісці ў педагогі. Я гэта вырашыла сама, яшчэ ў пятым классе – і ўсе гады вучобы ў школе была ўпэўнена ў тым, што буду настаўніцай, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч. – Канешне, адбылося гэта пад уплывам маіх школьных педагогаў: спачатку настаўніцы пачатковых класаў Марыі Адольфаўны Бубен,
потым – класнага кіраўніка Ніны Іванаўны Асіпацкай і маёй любімай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Людмілы Уладзіміраўны Страчынскай, на якую я ўсё жыццё стараюся быць падобнай. Я і сёння падтрымліваю з імі і іншымі педагогамі маёй школы цесныя сувязі – віншую з усімі святамі, адсылаю паштоўкі, хаця сёння гэта не ў модзе: мне здаецца, што ім падабаюцца такія віншаванні.
Пасля школы Наталля падала дакументы ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. І хоць уступныя экзамены здала добра – дзве «пяцёркі» і адна «чацвёрка», – студэнткай у той год так і не стала.
Тады яна і звязала сваё жыццё з Івянецкім домам-інтэрнатам для дзяцей з фізічнымі асаблівасцямі. Учарашнюю выпускніцу ўзяў пад сваю апеку сусед, які працаваў дырэктарам гэтай установы, – і Наталля стала важатай.
– Працаваць тут было складана – не фізічна, маральна. Праўда, толькі першыя два тыдні. Потым прыйшло ўсведамленне, што гэтыя дзеці нічым не адрозніваюцца ад звычайных. Ва ўстанове жылі і вучыліся 160 дзяцей – прыкладна палова з іх былі калясачнікамі, астатнія маглі горш ці лепш рухацца самастойна. Да таго ж у большай паловы школьнікаў інтэлект захаваўся – і мне вельмі падабалася працаваць з імі, быць ім
патрэбнай.
Магчыма, менавіта гэты першы вопыт яе педагагічнай дзейнасці – дастаткова незвычайны і складаны – паўплываў на тое, што Наталля Вікенцьеўна і цяпер асабліва адносіцца да людзей з абмежаванымі магчымасцямі і гатовая прыйсці на дапамогу пры першым поклічы.
А праз год дзяўчына зноў накіравалася штурмаваць універсітэт – на гэты раз Беларускі дзяржаўны. І стала студэнткай.
Малады і не жанаты…
Наталля была стараннай студэнткай: лекцыі, падрыхтоўка да заняткаў, залікаў і экзаменаў, частае наведванне Нацыянальнай бібліятэкі – час бег хутка. Аднак амаль кожныя выхадныя яна прыязджала дадому.
А пакуль Наталля спасцігала філалагічныя навукі, у Івянец прыехаў малады старшы лейтэнант міліцыі Анатоль Баніцэвіч і засяліўся ў гасцініцу, загадчыцай якой працавала мама Наталлі – Тарэса Леанідаўна. Яна і ўзяла пад апеку маладога міліцыянера. Аднойчы па тэрміновых справах маці неабходна было адлучыцца – Наташа выклікалася падмяніць яе на працы. Тут яна ўпершыню і ўбачыла Анатоля, расповеды пра якога
не раз чула ад матулі.
Малады, прыгожы, статны – менавіта пра такога і мараць дзяўчаты. Ды Наталлю ён не зацікавіў – кахання з першага погляду не атрымалася. Аднак праз нейкі час Анатоль стаў частым госцем усіх сямейных урачыстасцей. І Наташа стала бачыцца з ім часцей. Маладыя і самі не заўважылі, як згулялі вяселле. Неўзабаве нарадзілася Алінка.
Праца і зноў вучоба
Праз два месяцы пасля нараджэння дачушкі, якая расла паслухмянай і спакойнай і не дастаўляла ніякіх клопатаў, Наталля выйшла на працу – у той жа дом-інтэрнат. Стала выкладаць беларускую мову. Таленавітую, ініцыятыўную, адказную настаўніцу адразу ж палюбілі вучні і калегі.
Праз нейкі час яе прызначылі намеснікам дырэктара дома-інтэрната. А потым Наталля Вікенцьеўна атрымала накіраванне на вучобу ў Акадэмію пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
– Заняткі ў Акадэміі далі многае. Тут вучыліся дарослыя людзі, многія з іх займалі высокія пасады, – дзеліцца Наталля Вікенцьеўна. – Яшчэ да паступлення ў Акадэмію пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь мне часта даводзілася кантактаваць са спецыялістамі Міністэрства сацыяльнай абароны – наш інтэрнат быў рэспубліканскага падпарадкавання, таму падчас вучобы мне прапанавалі размеркаванне менавіта ў гэтае
міністэрства.
Аднак станавіцца сталічнай жыхаркай Наталлі, у адрозненні ад многіх іншых, не хацелася. І таму яна з задавальненнем вярнулася на Валожыншчыну ў родны Івянец. А тут яе чакаў сюрпрыз: прапанова заняць пасаду намесніка начальніка аддзела адукацыі Валожынскага райвыканкама.
Быць начальнікам ёй не хацелася. І Наталля з мужам вырашаюць пераехаць на Астравеччыну, бліжэй да яго бацькоў.
Астравеччына, край дарагі…
Так у ліпені 2007 года Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч прыехала на Астравеччыну не ў госці да бацькоў Анатоля, а на пастаяннае месца жыхарства. Яе накіравалі ў аддзел адукацыі, дзе Наталля і атрымала працоўнае месца метадыста ў раённым вучэбна-метадычным кабінеце.
…Толькі і ў Астраўцы старанную і адказную работніцу таксама прыкмецілі вельмі хутка – праз год яе прызначылі загадчыцай раённага вучэбна-метадычнага кабінета.
– Год работы метадыстам – праца пад кіраўніцтвам Ларысы Леанідаўны Кетрыс, якая да любой справы адносіцца з найвышэйшай адказнасцю, яе справядлівасць, строгасць і стараннасць у спалучэнні з вялікім вопытам – гэта добрая школа. Я вельмі ўдзячна Ларысе Леанідаўне за той вопыт, які яна мне перадала. Я ўвогуле ўдзячна ўсім, хто тады працаваў і хто сёння побач за мной, за ўрокі жыцця.
Павышэнне па службовай лесвіцы і тут не прымусіла сябе доўга чакаць – Наталлю Вікенцьеўну прызначылі намеснікам начальніка аддзела адукацыі.
– Па праўдзе кажучы, мне не вельмі падабаецца кіраўнічая работа. Мне лягчэй зрабіць самой, чым даручыць зрабіць іншым, лягчэй ажыццявіць чыёсьці рашэнне, чым прыняць яго самой, – усміхаецца Наталля Вікенцьеўна. – Хаця і ў школе з 1 па 11 класы, і ва ўніверсітэце з 1 па 5 курс я была старастай. Я ніколі не прапаноўвала сябе на гэтыя «пасады», але выбіралі чамусьці мяне.
– Сёння аддзел адукацыі, спорту і турызму – гэта мая другая сям'я. Усе яны такія цудоўныя, таленавітыя, працавітыя – і ўсімі імі я вельмі ганаруся, – працягвае Наталля Вікенцьеўна.
Пад дахам дома свайго
– На жаль, сёння я пакуль яшчэ не магу сказаць, што Астравеччына стала для мяне родным домам – мяне ўсё яшчэ цягне на радзіму. Праўда, калі першыя паўгода да бацькоў я ездзіла кожныя выхадныя, то зараз – ужо раз у месяц. А вось Аліна, якая напачатку ніяк не хацела мірыцца з маім рашэннем перабрацца на Астравеччыну і ўсе канікулы праводзіла ў Івянцы, сёння з задавальненнем выбірае за лепшае застацца ў
Астраўцы, чым ехаць да бабулі з дзядулем.
Калі Наталля Вікенцьеўна пачынае расказваць пра сваю сям'ю, яна адразу мяняецца. Любоў да блізкіх, гонар за іх, павага да бацькоў свеціцца ў яе вачах.
– Мае бацькі – самыя лепшыя ў свеце! Мы вельмі любім збірацца разам, – расказвае жанчына. – Толькі ўявіце: на юбілей маёй цёткі сабралася дзевяноста чалавек – бацькі, браты, сёстры, пляменнікі, унукі і нават праўнукі. Гэта такая сяброўская, цёплая, утульная атмасфера – успаміны, смех, радасць… Так заведзена здаўна, што – на ўсе сямейныя святы мы заўсёды разам. Бацька зрабіў на падвор'і вялікую альтанку
даўжынёй метраў пятнаццаць – спецыяльна для такіх сустрэч. І тут, на Астравеччыне, мне вельмі не хапае такіх вось сямейных «пасядзелак».
Пасля пераезду ў Астравец Баніцэвічам спачатку давялося здымаць кватэру – гэта напружвала. Бацькі Анатоля вырашылі дапамагчы маладым: яны сталі ініцыятарамі набыцця кватэры для сваіх дзяцей. Яны ж дапамаглі з першым узносам на кватэру і выплатай часткі крэдыту.
– Я вельмі ўдзячна Тарэсе Іосіфаўне і Эдуарду Браніслававічу за такі падарунак – мець свой дах над галавой вельмі важна. Я, напэўна, шчаслівы чалавек. Неяк я ўжо расказвала ў адным з інтэрв'ю «Астравецкай праўдзе», што на Новы год пад бой курантаў я звычайна кідаю кавалачак шакаладкі ў шампанскае і загадваю самае патаемнае жаданне – і яно абавязкова ажыццяўляецца. Менавіта такім метадам я штогод вырашаю невялікія сямейныя праблемы і мары (усміхаецца). Можа, проста трэба верыць у цуд – і тады ён абавязкова збудзецца!?
Пасляслоўе
За невялікі тэрмін работы ў рэдакцыі мне даводзілася сустракацца з рознымі людзьмі, сярод іх было шмат такіх жа добрых, адкрытых, працавітых, але вельмі рэдка мне сустракаліся такія шчырыя. Напэўна, менавіта гэтая рыса характару Наталлі Вікенцьеўны Баніцэвіч і прыцягвае да яе людзей.
Мне ніколі не даводзілася бачыць яе разгубленай. Нават калі здараецца непрыемнае – яна ўсміхнецца і пачынае “разрульваць” сітуацыю. Яна ніколі не пакідае без разгляду ні адзін зварот, просьбу, скаргу. І пры тым, што яе рабочы дзень распісаны літаральна па хвілінах, яна на ўсё знаходзіць час: на калег, мужа і любімую дачушку, аднакласнікаў, аднакурснікаў, сяброў і родзічаў. І чытанне, якое і сёння застаецца
яе захапленнем.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.