Своё вдохновение Ирина Кежун нашла в молодом саду СПК "Ворняны"

08:00 / 27.05.2014
“Адзін раз у год сады цвітуць…” І гэты момант іх пеннага буйства важнейшы, напэўна, за сакавітую восеньскую спеласць іх пладоў. Прынамсі, для сэрца. І для вачэй, якіх не адвесці ад духмяных аблокаў пяшчотных пялёсткаў.

Але цвіценне саду – гэта ўжо перамога. Гэта адзнака, якую прырода выстаўляе агульнай карпатлівай працы селекцыянера, гаспадара гадавальніка і, канешне ж, садавода.
Для Астравеччыны садаводства не з’яўляецца новай галіной: у не такім далёкім мінулым сваімі садамі славіліся саўгас “Падольскі” і калгас імя Карла Маркса. Але з гадамі яблынькі пастарэлі – якасць і колькасць іх пладаноснасці знізілася. І пасля таго, як па дрэвах прайшлася сякера, прамысловых садоў у раёне не стала. Як не стала і надзеі, што яны калі-небудзь яшчэ зашумяць…
А потым на дзяржаўным узроўні была прынята Праграма па адраджэнні садаводства, у адпаведнасці з якой сельгаскааператыву “Варняны” быў даведзены план закладкі сада на плошчы 100 гектараў і адкрыта адпаведнае фінансаванне праекта.
– Напачатку было вырашана закласці хуткаспелы сад з выкарыстаннем саджанцаў яблыні, прывітых на карлікавых падвоях, – расказвае аграном-садавод СВК “Варняны” Ірына Бярнардаўна Кяжун. – І першыя сем гектараў былі засаджаны менавіта такімі дрэўцамі. Пераваг у карлікавага саду шмат. За ім зручней даглядаць, а збіраць ураджай можна, стоячы на зямлі, без лесвіцы. Ды і механізаваць працу ў такім садзе лягчэй. Высокія ўраджаі і выдатная якасць пладоў – таксама перавагі нізкарослых яблынькаў.
Але ў карлікавага сада ёсць і шэраг мінусаў: паніжаная зімастойкасць, больш кароткі перыяд выкарыстання. Да таго ж, яго трэба вырошчваць на шпалерах, а гэта значыць, патрэбны дадатковыя (і немалыя!) фінансавыя затраты.
Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, – працягвае Ірына Бярнардаўна, – мы вырашылі пасадзіць сад на напаўкарлікавых падвоях. Гэта дазволіць атрымаць плады значна раней, чым на высакарослым садзе, і за меншы кошт, чым на карлікавым. Пры выбары сартоў арыентаваліся на лёжкасць яблыкаў: прыярытэтнымі сталі сарты беларускай селекцыі – такія, як “Заслаўскі”, “Памяць Каваленкі”, “Імант”, “Беларускі салодкі”.
Першыя яблыкі выспелі ў садзе ўжо ў мінулым годзе. А сёлета СВК “Варняны” ўжо даведзены план здачы яблыкаў – 10 тон.
– Мы маем намер сабраць іх, – дзеліцца планамі садавод, – з першых сямі гектараў саду, пасаджаных тры гады таму, – яны ўжо перайшлі ў разрад плоданосячых. Пэўныя спадзяванні ўскладаем і на тры гектары двухгадовак, якія сёлета часткова зацвілі. Словам, план спадзяёмся выканаць.
Па адукацыі Ірына Бярнардаўна – аграном. Па захапленнях – “тэхнар”, бо ў абсалютным захапленні ад ўсяго механічнага, што рухаецца, дзейнічае, аблягчае чалавеку жыццё. Прапанову стаць загадчыцай 100-ектарнага саду яна ўспрыняла не без сумненняў – падчас навучання ў Навагрудскім аграрным каледжы садаводства амаль не ўзгадавалася. Але “орешек знаний тверд, но все же мы не привыкли отступать…” Ірына паехала ў Мінск на садаводчыя курсы, якія дзейнічаюць пры Асацыяцыі “Белсад”, праслухала курс лекцый, пабывала на доследных дзялянках і.. І ўлюбілася ў сад назаўсёды.
– Садаводства – карпатлівы занятак, – гаворыць яна. – Патрэбна мора цярпення, ведаў і працы, каб тоненькая галінка стала прыгожым, правільна сфарміраваным дрэвам, гатовым для плоданашэння. Да прыкладу, тая ж абрэзка: гэта не проста навука – мастацтва! А колькі трэба ведаць, каб граматна і эфектыўна абараніць сад ад хвароб і шкоднікаў! Апрацоўку яблынек мы пачынаем з ранняй вясны: апрыскваем іх медным купарвасам, потым пачынаем змагацца з яблынным кветкаедам, з маніліёзам, пладажэркай і іншымі небяспечнымі шкоднікамі.
І нават зімой у доглядзе за садам няма перапынку: трэба сачыць, каб у агароджы не было пашкоджанняў, інакш зайцы наробяць бяды; раскідваць прынады супраць дробных грызуноў, рабіць абследаванне сада на выяўленне зімуючага запасу шкоднікаў…
Ірына Бярнардаўна – садавод з трохгадовым стажам. Але свае першыя яблыневыя гектары яна памятае дакладна.
– Ночы не спала, так было страшна, – прызнаецца яна. – А раптам не атрымаецца: не прыжывуцца, засохнуць… Але нам пашанцавала з саджанцамі, якія мы набылі ў Шчучынскім занальным інстытуце пладаводства – якасць іх была высокай. Добры пасадачны матэрыял паставілі і садаводы з Верцялішак. Ды і астравецкі фермер Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі не падвёў – яго саджанцы таксама аказаліся якаснымі.
І вынік аказаўся цудоўным: 60 гектараў прыгожых, дагледжаных дрэўцаў, частка якіх патанае ў кветках, у якіх збіраюць нектар усюдыісныя пчолы. Рай, дый годзе!
І сапраўды – рай, – усміхаецца Ірына Бярнардаўна. – Нахаджуся па ім за дзень, надыхаюся, а вечарам лягу спаць – і сад прыходзіць да мяне ў сны. Так вось і жыву: круглыя суткі ў квітнеючым садзе…
Нават зайздросна... А вам?


----------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.