"Звёздный дождь" открыл на Островетчине новые таланты

Канешне, яны, па вялікаму рахунку, яшчэ не зоркі – нават тыя, хто дайшоў да фіналу. І нават тыя, хто перамог. Але ў іх – у кожнай з іх, і нават тых, хто не дайшоў да фіналу і не перамог! – ёсць рэальны шанс стаць такімі. Пры ўмове, калі яны гэтага моцна захочуць, стануць шмат працаваць, калі ім сустрэнуцца педагогі, якія не пашкадуюць ні часу свайго, ні сіл. І, вядома ж, калі ім, апроч усяго іншага, будзе спадарожнічаць Спадарыня Удача.
І тады, магчыма, некалі, пачуўшы, як па радыё, ці па тэлевізары, ці на вялікай сцэне аб’яўляюць: “А зараз песня ў выканні зоркі беларускай эстрады Дар’і Крывіцкай (ці Юліяны Масейка, ці Юліі Івашка, ці Лізаветы Гразновай, ці некага яшчэ з гэтага складу “Зорнага дажджу”)”, – мы ўзгадаем мілых, сімпатычных дзяўчынак – і тое, як былі сведкамі іх першых крокаў на зусім няпростай (думаю, усе яны ўжо пераканаліся ў гэтым) дарозе да апладысментаў, поспеху і перамог.

Усе – гледачы, педагогі, члены журы і самі дзяўчаты – адзначаюць, як “выраслі” канкурсанткі за час, пакуль ішоў праект. З вуглаватых дзяўчынак са сваімі падлеткавымі амбіцыямі, многія з якіх упершыню ступілі пад распранаючае святло рампы на вялікую сцэну (так, і кінаканцэртная зала “Астравец” для многіх з іх – вялікая сцэна!), якія не ведалі, што рабіць на ёй, як трымаць сябе, не ўмелі апранацца, не ўмелі ўсміхацца, не ўмелі спраўляцца з непазбежным у такіх выпадках хваляваннем, не ўмелі валодаць сваімі прыгожымі галасамі, яны ператварыліся ў амаль ужо сапраўдных артыстак. І гэты рост быў відавочны для ўсіх, хто наведваў канцэрты “Зорнага дажджу”. І мне найбольш шкада тых дзяўчынак, якія выбылі з праекта пасля першага тура – і не таму, што яны не сталі пераможцамі і не атрымалі важкіх прызоў і падарункаў ад спонсараў, а таму, што гэтых урокаў майстэрства і жыцця ім дасталася найменш. Але конкурс ёсць конкурс, у яго – свае ўмовы, у адпаведнасці з якімі перамагае мацнейшы.
…Іх было адзінаццаць –Дар’я Крывіцкая, Юлія Івашка, Ангеліна Мельгуй, Юліяна Масейка, Лізавета Гразнова, Вікторыя Рудая, Дзіяна Цэйка, Святлана Хамякова, Кацярына Пляўга, Сняжана Безляповіч і Ганна Пазлевіч. Да фіналу дайшлі чатыры першыя.
Тое, што пераможцу вызначыць будзе цяжка, стала зразумела адразу пасля таго, як сталі вядомы імёны фіналістаў. Фінал толькі пацвердзіў гэта.
Юліяна Масейка выйшла на сцэну ў якасці пераможцы міжнароднага конкурсу харавых калектываў, з якога вярнулася незадоўга да таго – і ўжо гэта гаварыла пра ўзровень яе таленту.
Дар’я Крывіцкая, якая на кожным з канцэртаў паказвала сябе іншай, непадобнай на папярэднюю – і безумоўна таленавітай, у фінале прадэманстравала, што сыграць цэлы спектакль, буру эмоцый і пачуццяў, можна адно толькі голасам – і сарвала бурныя апладысменты залы.
Ангеліна Мельгуй, якая магла б падзяліць з выбыўшай за паўкроку да фіналу Святланай Хамяковай “тытул” “царэўны-несмяяны” – чамусьці навучыцца спяваць дзяўчатам аказалася лягчэй, чым усміхацца! – паказала дзве разнапланавыя, як і патрабавалі ўмовы конкурсу, песні, у якіх выступіла нечакана рознай…
Юлія Івашка засталася вернай найбольш блізкаму ёй вобразу лірычна-рамантычнай гераіні – і, нават не разумеючы слоў песні, бо выконваліся яны на англійскай і на венгерскай мовах, гледачы без цяжкасцяў зразумелі пачуцці закаханай дзяўчыны.





(Дарэчы, пра адзінае маё адмоўнае ўражанне ад конкурсу: вельмі ж – як па мне, дык аж занадта – удзельніцы захапляюцца замежнымі кампазіцыямі, практычна не звяртаючы ўвагі на беларускую музыку! Я разумею: у глыбіні душы кожная з іх бачыць сябе ўдзельніцай ці нават пераможцай Еўрабачання – але ж да таго могуць здарыцца ў іх жыцці і іншыя конкурсы – “Адна зямля”, да прыкладу, ці “Славянскі базар”... І мець годны рэпертуар на роднай мове таксама б не пашкодзіла).
Такім чынам, у фінальным туры на сцэну выйшлі чатыры мацнейшыя ўдзельніцы раённага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Зорны дождж”, якія апошнія чатыры месяцы напружана працавалі разам са сваімі педагогамі – гэтым нябачным сааўтарам бачнага росту канкурсантак хочацца сказаць асобныя і асаблівыя словы падзякі. Выйшлі, саспявалі па дзве рознахарактарныя песні – і вярнуліся за кулісы, каб чакаць і хвалявацца: каго журы назаве лепшым з лепшых?



А журы, між тым, апынулася ў вельмі цяжкім становішчы… Бо ўсе былі вартыя перамогі – а першае месца толькі адно! І расстаўляў пачынаючых “зорачак” на ўмоўным “п’едэстале гонару” (прыадчыню крышачку дзверы на кухню журы) часам адзін ці два балы (нагадаю: пяць членаў журы, ацэнкі за дзве песні!). А часам – нават валявое рашэнне старшыні журы, начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Сяргея Лявонцьевіча Сяўко – бо трэба ж некаму быць і валявым, і аб’ектыўным, і строгім нават пры такім спакуслівым жаданні быць добрым для ўсіх!
Думаю, не варта спрабаваць адцягваць інтрыгу: усе, каго цікавіў гэты конкурс, ужо ведаюць імя пераможцы: нягледзячы на высокую “кучнасць” адзнак, перамога аднагалосна была аддадзена непрадказальнай, кожны раз новай – і заўсёды незвычайна-таленавітай Дар’і Крывіцкай. Рашэнне журы было сустрэта шквалам апладысментаў, бо гэта быў той рэдкі выпадак, калі думкі журы і гледачоў супалі: прыз глядацкіх сімпатый у адпаведнасці з СМС-галасаваннем таксама дастаўся Дашы.
Другое месца – у Юліі Івашка, трэцяе – у Ангеліны Мельгуй. Чацвёртай стала Юліяна Масейка, адна з асноўных прэтэндэнтак на перамогу.





Пераможцы і фіналісты конкурсу, акрамя дыпломаў, атрымалі салідныя падарункі: Дар’я Крывіцкая – ноутбук, Юлія Івашка і Ангеліна Мельгуй – планшэты, Юліяна Масейка – лічбавы фотаапарат.
Прыз газеты “Астравецкая праўда” “Нашы спадзяванні” быў аддадзены самай юнай удзельніцы праекта Лізавеце Гразновай.
Усе канкурсанткі атрымалі падарункі ад магазіна “Рамонак”, фіналісткі – ад кіраўніка фірмы “Роджэр і кампанія” Андрэя Касцюка. Акрамя таго, пераможца, Дар’я Крывіцкая, была адзначана падарункам прыватнага прадпрымальніка Віталія Спірыдона – сертыфікатам на асабістую фота-сесію.







Меркаванні

Сяргей Лявонцьевіч Сяўко, старшыня журы:
– Я думаю, што гэты конкурс шмат даў і яго ўдзельніцам, і арганізатарам. Работнікам культуры ён дапамог адкрыць новыя таленты, якія будуць у далейшым прадстаўляць Астравеччыну на розных канцэртах і конкурсах. А некаму з дзяўчат, магчыма, падказаў дарогу ў дарослае жыццё – дастаткова сказаць, што з удзельнікаў мінулых “Зорных дажджоў” пяць чалавек зараз працуюць у культуры, і не толькі раённай.
А калі нават нехта выбера для сябе іншую прафесію, то, думаю, той вопыт, што атрымалі падчас конкурсу дзяўчынкі, спатрэбіцца ў жыцці кожнай з іх: уменне выступаць перад вялікай колькасцю людзей, далёка не ўсе з якіх настроены добразычліва; уменне падаць сябе, справіцца з хваляваннем, зрабіць усё, на што ты здольны і чаму цябе вучылі, – гэтаму таксама трэба вучыцца, і гэтая навука дарагога каштуе.
Уражвае тое, як канкурсанткі за гэтыя чатыры месяцы “падраслі” – і ў псіхалагічным, і ў вакальным плане. Кожны новы тур яны адкрываліся па-новаму, раскрываліся – і назіраць за гэтым было прыемна і радасна.
Канешне, конкурс ёсць конкурс, і ў журы ў яго рамках роля самая цяжкая і няўдзячная: мы павінны былі, згодна з умовамі, кожны раз “адсейваць” некага з удзельнікаў і ўрэшце рэшт выбраць пераможцу, хоць зрабіць гэта аказалася вельмі няпроста. Аднак усе не могуць стаць першымі. Нехта не справіўся з эмоцыямі, некаму не хапіла ўпэўненасці ў сабе, камусьці – элементарнага цярпення, бо ўдзел у падобных конкурсах – гэта перш за ўсё цяжкая праца канкурсанта і яго педагога – апошнім, дарэчы, хочацца сказаць асаблівыя словы падзякі, бо яны насіліся са “сваімі” выхаванцамі, як курыца з куранятамі…
Але ў выніку ў гэтым конкурсе, як мне здаецца, ёсць толькі пераможцы – і няма прайграўшых, бо кожны з яго ўдзельнікаў, арганізатараў, членаў журы, гледачоў вынес з яго для сябе нешта карыснае і прыемнае.


--------------------
Ніна РЫБІК.
Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА
.