Люстэрка душы Людмілы Кухарэвіч: творчы вечар паэтэсы прайшоў у раённай бібліятэцы
Прозвішча Людмілы Іванаўны добра вядома не толькі ў культурным асяроддзі Астравеччыны, але і ў асветніцкіх і літаратурных колах. Гэта чалавек тонкай душэўнай арганізацыі, у чыёй творчасці гарманічна паядналіся ўменне бачыць прыгажосць і паэтычнае мастацтва; праслаўляць родны край і яе выбітных ураджэнцаў.
Больш таго, гэтымі здольнасцямі жанчына з радасцю дзялілася са сваімі вучнямі. Яе педагагічная дзейнасць (ажно 56 гадоў!) – гэта нешта большае, чым проста выкладанне беларускай мовы і літаратуры і сусветнай мастацкай культуры. Гэта сапраўднае настаўніцтва, накіраванае на выхаванне ў моладзі эстэтычнага густу, любові да радзімы, спадчыны, слова.
Паэтэса, краязнаўца, мастачка, экскурсавод, кампазітар-самавучка – гэта далёка не ўсе творчыя іпастасі Людмілы Іванаўны, якія гарманічна спалучаюцца ў адной асобе. Сваёй дзейнасцю гэта жанчына даказвае, што сапраўднае пакліканне заключаецца ў стварэнні духоўных каштоўнасцей, якія ўзбагачаюць наша грамадства і застаюцца ў спадчыну будучым пакаленням.
У раённай бібліятэцы панавала цёплая атмасфера. У літаратурную гасцёўню да Людмілы Кухарэвіч завіталі яе родныя і блізкія, сябры, былыя вучні і калегі. Напачатку імпрэзы аўтара цёпла прадставілі дырэктар раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава і кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Астравецкай зямлі галасы» Аляксандр Марозаў.
Нітачку віншаванняў з нагоды творчай вечарыны падхапілі шматлікія госці: настаяцель царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла протаірэй Георгій Савіцкі; настаўнік Міхалішкаўскай СШ Святлана Мацкевіч; былыя калегі і вучні Вольга Сянюць, Наталля Александровіч, Таццяна Калтан (вельмі хораша выканала песні на словы паэтэсы пад гітару) і аўтар гэтых радкоў; даўнія сябры Казімір і Тарэса Варановічы, Эдуард і Алена Мацюшонкі; зямляк па Міхалішках Іосіф Раўдановіч; сябры па літаб’яднанні і творчасці Міраслава Якіменка, Святлана Еўтушэнка, Міхаіл Клусевіч і многія іншыя. Музычнымі нумарамі імпрэзу ўпрыгожылі танцавальны і вакальны калектывы «Чаромушкі» і «Аксаміткі». Шчыра, пранікнёна пра Людмілу Кухарэвіч у творчым нумары расказалі дочкі Аляксандра і Анастасія, пляменнікі Вераніка Лазко і Уладзімір Батура.
…Імпрэза Людмілы Іванаўны стала сапраўдным святам высокага мастацтва, дзе кожнае імгненне было прасякнута святлом яе таленту, а кожны госць змог дакрануцца да прыгажосці дзіўнага і багатага ўнутранага свету гэтай унікальнай жанчыны.
Людміла Кухарэвіч без перабольшвання – чалавек-сусвет, чый талент спалучае ў сабе глыбіню, прафесіяналізм і здольнасць кранаць сэрцы людзей. Але мне здаецца, сапраўдным люстэркам душы паэтэсы з’яўляюцца вершы і людзі, якія прысутнічалі ў зале. Бо, па вялікім рахунку, чалавек не існуе сам па сабе. Мы адлюстроўваемся ў тых, каго любім і з кім сябруем.
Слова гасцям імпрэзы
Тарэса Варановіч, мастачка, сяброўка, аг. Дайлідкі:
Яна адна з арганізатараў цудоўнай ініцыятывы – пленэраў мастакоў. Там нараджаліся вершы і карціны, гучалі песні.
Людміла Іванаўна не толькі таленавітая паэтэса, але і шырокай душы чалавек. Добразычлівая, адкрытая, спагадлівая, энергічная. Яна напаўняе нас жыватворнай сілай і нахняе на творчасць. І ўсе гэтыя якасці з ёй з дзяцінства.
Мне захацелася намаляваць тату і маму Людмілы Іванаўны, таму што яны не толькі далі ёй жыццё, але і заклалі ўсё самае лепшае. На палатне хацелася ўвасобіць іх род. На заднім плане адлюстравана магутнае дрэва з чатырма галінкамі – гэта дачушкі Ільінскіх. Чатыры сястры – чатыры лёсы. Спадзяюся, што мой падарунак стане напамінам пра блізкіх людзей.
Наталля Александровіч, былая вучаніца, настаўнік Гервяцкай СШ, аг. Варняны:
– Калісьці ў варнянскім панскім маёнтку Марцыяны Абрамовіч гэтак жа, як і мы, збіраліся людзі. Туды прыязджала яе пляменніца Габрыэла Пузыня. Яны запальвалі свечкі, чыталі вершы, спрачаліся, дзяліліся думкамі, марылі… У той час на Варняншчыне віравала сапраўднае культурнае жыццё.
Прайшлі стагоддзі. Многае змянілася, але адно засталося непахісным – творчая іскрынка нашай роднай зямлі. І гэты жывы агонь паэзіі не згасае, таму што яго зберагаюць і ўзмацняюць нашы таленавітыя землякі.
Сённяшні вечар – свята чалавека, які шчодра дзеліцца цеплынёй сваёй душы з намі; жанчына, чыё слова натхняе, суцяшае, прымушае плакаць ці ўсміхацца. Яе вершы простыя, але яны пра самае-самае галоўнае: пра любоў да Радзімы, дабрыню, жыццё. Сваёй нястомнай энергіяй Людміла Іванаўна аб’ядноўвае ўсіх нас.
Эдуард Мацюшонак, мастак, выкладчык малявання і сусветнай мастацкай культуры, г. Вілейка:
Для мяне Астравеччына – цёплы і ўтульны куточак, куды заўсёды хочацца прыязджаць, менавіта пасля пленэраў. З сабой прывёз некаторыя напісаныя ў тым ліку тут работы. «Матылёк» – увасабленне душы; ты ёсць, ты жывеш на гэтым свеце; калі ласка, асвятляй тую прастору, дзе ты зараз ёсць. «Казімір Сваяк» сябраваў з Язэпам Драздовічам, які жыў і працаваў, дзе я нарадзіўся. Для мяне святар – гэта пакліканне чалавека. Ваш зямляк быў такім, ён яднаў іншых з Усявышнім і нёс ім святло.
…Людміла Іванаўна з той кагорты рэдкіх людзей, якія за ўсё дзякуюць Богу – за дрэннае і добрае, за светлае і цёмнае. Калі чалавек на гэта здольны, гэта значыць што ў ім ёсць часцінка ўнікальнай боскай энергіі.
Вершы
Бацькоўскі наказЯ нарадзілася жанчынай –
не шкадую,
Але, бывае, калі горка на душы,
Я ўспамінаю маму маладую
І словы, сказаныя ёй у цішы:
«Вырасцеш, дачушка, –
свет пазнаеш,
Станеш мамай – помні тады:
Той свет маленства,
свет любові нашай
Хай свеціць вам далёка
праз гады».
Рака жыцця майго
імчала плынна, спеўна.
Ды пападала часам у віры.
Не захліпнулася ад страху, бо,
напэўна,
Гучаў бацькоўскі голас мне ўпары:
«Ведаеш, дачушка, свет няпросты,
Будзе табе цяжка – не гаруй,
Кіруй наперад смела свае вёслы
І ўсе адры жыцця свайго шануй».
Гады саткалі сваю
пражу серабрысту,
Звязалі разам радасць і тугу,
І тыя словы, маміна маніста,
Ніжу сваім ужо дочкам, як магу:
«Вырасціце, дзеткі, хай атуліць
Той куточак, гадаваў што вас,
Сям’я любімая, тата і матуля,
Вам у дарогу дадзены наказ».
***
Я слаўлю рукі матчыны,
Шурпатыя, калючыя,
Што нас у дзяцінстве лашчылі,
Як нам было балюча.
Рождение стихов
Стихи рождаются, как дети, –
В потугах, муках и слезах,
В молчаньи ночи, при рассвете
С неясным трепетом в устах.
И в озарении Божим светом
Строка ложится за строкой –
То Благодать в душе поэта
Пролилась мощною рекой.
Чтоб напоить небесной силой,
Чтоб красотою исцелить,
Чтобы в своей Отчизне милой
Весь мир согреть и возлюбить.
***
Гады ідуць – і мы ідзём,
Што нам нясуць – мы ўсё нясём:
Сустрэчы-расстанні, падзеі
І дарагіх для нас людзей.
У радасці альбо ў трывозе
Мы крочым па сваёй дарозе
Да Джамалунгмы ці Паміра
Альбо ляцім да Альтаіра.
Нам не сядзіцца, не ляжыцца,
Хаця чаго каб не забыцца!
Праектаў мора, мора планаў,
Адно, каб толькі – без падману!
Так хочацца, каб дзень, як год,
Каб поўна ў ім было прыгод,
Каб працаваць у поўну сілу,
Каб таленту на ўсё хапіла,
Каб адкрываць нам зноў і зноў
Надзею, Веру і Любоў.