Запрашаем на рэгіянальнае свята “Свіслацкі кірмаш”!

16 жніўня 2014 года ў 12 гадзін на гарадской плошчы Свіслачы адбудзецца рэгіянальнае свята “Свіслацкі кірмаш”.

Кірмашы на Свіслаччыне маюць даўнюю гісторыю і адметныя традыцыі. Упершыню Успенскі кірмаш, так ён тады называўся, адбыўся ў 1792 годзе дзякуючы тагачаснаму ўладальніку Свіслачы графу Вінцэнту Тышкевічу, пры якім мястэчка дасягнула небывалага росквіту і вядомасці.
Па свайму грашоваму абароту свіслацкі кірмаш займаў адно з першых месц у Беларусі. Ён доўжыўся месяц – з 25 жніўня  па 25 верасня. На яго прыязджалі гандляваць не толькі мясцовыя купцы, але і з далёкага замежжа. На кірмашы вялікім попытам карысталіся вырабы свіслацкіх гарбароў, карэтнікаў, сталяроў, ганчароў.
Традыцыі культурнага жыцця Свіслачы ў святочныя таргі можна занесці ў скарбніцу сусветнай кірмашовай культуры. На працягу кірмашу працаваў славуты тышкевіцкі тэатр, прыязджалі прафесійныя артысты драматычных, оперных і балетных труп. Цікавасць гасцей выклікаў закладзены графам звярынец, адзіны ў акрузе.
Свіслач працягвае і адраджае кірмашовыя традыцыі. На сёлетнім кірмашы Вы зможаце перанесціся ў пачатак XIX стагоддзя і адчуць дух славутага  Успенскага  кірмашу.
На пляцоўцы “Горад майстроў” Вам дазволяць самому зляпіць з гліны цудоўны гаршчок, сплесці саламянага анёла або кошык з лазы, навучыцца ткаць свіслацкія паясы.
Адчуць сябе сапраўдным беларусам дапаможа “Гульнёвая пляцоўка”, дзе адбудуцца народныя гульні, забавы і атракцыёны “Прызавы слуп”, “Воранаўскія гаршкі”, “Гіганцкія крокі”.
“Дзіцячая пляцоўка” нагадае дзіўную і чароўную краіну. Тут Вы ўбачыце канцэрт дзіцячай творчасці, выступленні лялечнага тэатра, “Батлейкі”, тэатра роставых лялек і цырк.  На працягу дня будуць працаваць дзіцячыя атракцыёны (горкі, батуты, машынкі, каруселі), гандлёвыя рады для дзяцей.
На пляцоўцы “Шляхецкі праменад” разгарнецца конкурс-выстава на лепшую кампазіцыю з кветак “Кветкавая феерыя”– адзін з самых яркіх момантаў свята, мяркуючы па папярэднім кірмашы.
Паслухаць  канцэрт класічнай музыкі, нарысаваць карціну з дапамогай сапраўднага мастака, навучыцца танцаваць паланэз, менуэт, мазурку, каб вечарам папасці на сапраўдны баль да Тарэзы Панятоўскай і графа Тышкевіча – усё гэта на шляхецкім падворку.
На працягу свята Вам неабходна паспець прабегчыся па мноству гандлёвых кропак, пачаставацца беларускай, літоўскай і яўрэйская ежай у старажытных карчмах “Пад лебедзем”,“Пад арлом”, “Пад аленем”, “Пад валом”, “Пад аднарожцам”. Такога Вы не ўбачыце нідзе!
Завяршыць вандроўку можна, перанесшыся на супер-мега дыскатэку, напрыканцы якой самыя стойкія ўбачаць лазернае шоу.
Запрашаем усіх жадаючых.
Наведай!  Глядзі!  Удзельнічай!
Даведкі па тэлефонах: (801513) 33482 – раённы метадычны цэнтр,
70258 – раённы Дом культуры.
Аргкамітэт.