За чистоту островецких лесов!
13 кастрычніка па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь па ўсёй краіне прайшла добраахвотная экалагічная акцыя “Чысты лес” пад дэвізам “Лёс лесу ў нашых руках”.
Большая частка беларускай зямлі занятая лясамі. Якімі яны стануць у будучым, залежыць ад кожнага з нас, ад нашай культуры і нашых адносін як да самой прыроды, так і да працы тых людзей, якія не толькі вырошчваюць, ахоўваюць лясныя багацці, але яшчэ і прыбіраюць за адпачываючымі. Падчас акцыі “Чысты лес” кожны жадаючы мог унесці свой уклад у добраўпарадкаванне лясоў і дапамагчы лесаводам у
высакароднай справе – навядзенні парадку на нашай зямлі.
У нашым раёне ўдзел у акцыі прынялі прыкладна 460 чалавек. На суботнік у лясныя масівы выехалі не толькі работнікі Астравецкага лясгаса, але і
іх добраахвотныя памочнікі – вучні школ раёна і іх настаўнікі. Вельмі добра папрацавалі рабяты 7-9 класаў Спондаўскай школы. Яны разам з леснікамі наводзілі парадак на экалагічнай сцежцы, прыбіралі сухастойную драўніну, збіралі смецце на беразе возера Кайміна. Ляснічы Спондаўскага лясніцтва В.Р. Лукашэвіч адзначыў работу сямікласнікаў Андрэя Салаўя, Вікторыі Місевіч, Валянціны Сайковіч, якія старанна наводзілі чысціню.

Прыбіраць ваколіцы Астраўца дапамагалі лесаводам члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі – вучні СШ №1. Падчас акцыі рабяты не толькі дапамаглі лясной ахове падабраць смецце і навесці парадак, але і папоўнілі свае веды аб значэнні лесу ў жыцці чалавека, неабходнасці беражлівых адносін да прыроды.
Усяго падчас акцыі “Чысты лес” лесаводы і іх юныя памочнікі сабралі 20 кубаметраў смецця.
– У мінулыя гады гэтая лічба была значна большай, а значыць, культура людзей усё ж павышаецца, – кажа намеснік дырэктара Астравецкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце П.З. Крупенчык. – Так, калі мы прыехалі на Янаўскае вадасховішча і Мальскі стаў, то работы там увогуле не знайшлі – усё
было чыста. Будзем спадзявацца, што работа, якую мы пастаянна праводзім – прыцягненне моладзі да падобных акцый, рэйды па лясах і месцах адпачынку, адлюстраванне праблем экалогіі ў сродках масавай інфармацыі – усё ж даюць свае плады, і праз некалькі гадоў людзі нават не змогуць уявіць, як гэта можна пакінуць пасля сябе смецце.
-------------------------
Вольга ШОЎКУН.
