Выступление "Польского эха Островца" приняли на "ура"

Хор “Польскае рэха Астраўца”, які даўно і плённа дзейнічае пры раённым аддзяленні грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”, прыняў удзел у адкрытым рэгіянальным фестывалі народнай творчасці “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”.

У гісторыі існавання хору ён – ужо сёмы.
Гэтая, стаўшая ўжо традыцыйнай, імпрэза – своеасаблівая выстаўка культурных дасягненняў кожнага народа, дэманстрацыя арыгінальнасці і неверагоднага багацця нацыянальнага фальклору.
– Фестываль стаў сімвалам духоўнай сілы і цеснай сувязі беларусаў, літоўцаў і палякаў з агульнымі вытокамі, – сказаў, у прыватнасці, у сваім прывітальным слове падчас яго адкрыцця старшыня Гродзенскага райвыканкама Ян Васілеўскі.
Удзел у імпрэзе сёлета прынялі дзевятнаццаць калектываў. У якасці замежных гасцей на ім выступілі фальклорная група “Прымакі” і Купрэўскі вакальны ансамбль з Польшчы.
Нельга не адзначыць, што адкрыццё польскай “траціны” фестывалю яго арганізатары даверылі астраўчанам. І нашы землякі не падвялі. Паланез ў выкананні “Польскага рэха Астраўца” гледачы прынялі на “ура”. Зрэшты, не толькі яго – і пасля выканання яшчэ трох песень, з якімі нашы самадзейныя артысты выступілі на гала-канцэрце, авацыі доўга не сціхалі.
Пасля выступлення да астраўчан падышоў былы старшыня СВК “Варняны” Уладзіслаў Эдвардавіч Рук, які падзякаваў землякам за падораную радасць і дадаў сваё, як заўсёды, канкрэтнае:
– На гэтым фестывалі няма слабых калектываў – усе таленавітыя. Але вы найлепшыя: і рэпертуар, і выкананне і пастаноўка песень у вас самыя дасканалыя. Не выказаць словамі, як спадабалася. Ад гонару за землякоў мы з жонкай гатовы пляскаць у далоні без стомы.


-------------------
Ганна ЧАКУР.