Ворняны отметили праздник деревни
Калі падняцца да неба і зірнуць на мястэчка з вышыні палёту птушак – то варнянская плошча ў нядзелю нагадала б мурашнік. Столькі людзей у адным месцы і ў адзін час сабрала свята вёскі, якое, нягледзячы на капрызлівае надвор’е, таксама “дажджападзіла” – песнямі, смакатой, добрым настроем, усмешкамі і спартыўнымі спаборніцтвамі. Варнянцам і дождж, і вецер аказаліся ні па чым: умеюць працаваць, весяліцца і адпачываць – усе разам.
Урачыстасць пачалася з імшы, якую адправіў ксёндз Здзіслаў Пікула. Нягледзячы на тое што на гэты дзень прыпаў успамін святых Пятра і Паўла, у сценах касцёла сабралася на супольную малітву няшмат людзей. А вось на плошчы было людна.
Паток рознакаляровых парасонаў віраваў ля гандлёвых радоў і ля імправізаванай сцэны. Здавалася: і яблыку не было дзе ўпасці – тым больш складана было знайсці вольнае месца на лавачцы.
З прывітальнымі словамі перад аднавяскоўцамі выступілі старшыня сельвыканкама Аляксандр Часлававіч Вярбовіч і старшыня СВК “Варняны” Аляксандр Паўлавіч Грымбоўскі. А выпускнікі школы, якія ўжо праз некалькі месяцаў адправяцца ў самастойнае “плаванне”, падарылі гледачам пранікнёны танец, а затым выпусцілі ў неба блакітныя паветраныя шары як сімвал адкрыцця свята.
І яно пачалося! Людміла Кухарэвіч выканала песню “Мой край любімы”, якая ўжо добра вядома варнянцам і стала сапраўдным гімнам вёскі. Народны ансамбль народнай песні “Світанак” не выпускаў гледачоў са сваіх вясёлых абдымкаў-спеваў ледзь не гадзіну. Аляксандр Альховік дэкламаваў з варнянскай сцэны сваю байку “Усё будзе добра”, а Мая Ляшчэўская саліравала з народнымі песнямі.
На змену світанкаўскім прыгажуням прыйшло падрастаючае пакаленне. Тонкія, звонкія, бы пералівы салаўіных мелодый, у гэты дзень гучалі галасы Алёны Івашка, Дзіяны Юазалітэ, Паліны Вайткевіч, Вікі Вадкевіч, Каці Юшкевіч, Тані Глаўдзель...
За народным і дзіцячым блокамі паследавалі эстрадныя кампазіцыі – і “Памолимся за родителей», і “Деревенька”, і “Любите, пока любится”, і «Ромашки”, і “Вясковая полька”… Усіх песень проста не пералічыць – як і не пералічыць усіх таленавітых артыстаў і выканаўцаў, галасы якіх гучалі са сцэны! У гэты дзень выступалі не толькі дзяўчаты з Варнянскага сельскага Дома культуры, але і іх сябры з Астравецкага РДК, Варонскага, Мальскага і Гудагайскага Дамоў культуры. Гледачы падхоплівалі добра знаёмыя мелодыі, а самыя маленькія, якія яшчэ не маглі падпяваць як мамы і таты, прытанцоўвалі і з радасным шчабятаннем, быццам птушачкі, хутка і весела разразалі паветра.
Адточаныя і зладжаныя рухі дэманстравалі ў танцах выпускнікі і вучні дзіцячай школы мастацтваў.
Ну і, канешне, не песнямі і танцамі адзінымі!
У гэты дзень быў ўшаваны самы маленькі жыхар Варнян – Ягор Савіч (памятны падарунак атрымаў тата) і доўгажыхарка – Яніна Міхайлаўна Юркойць, якая справіла 92-гі дзень нараджэння.
Маладажоны Алеся і Максім Фурсы і сямейная пара Зянона Вацлававіча і Марыі Адамаўны Аўгуль, якія на працягу пяцідзесяці пяці гадоў жывуць душа ў душу, – яскравае ўсабленне таго, што сям’я і традыцыі яднаюць людзей, незалежна ад ўзросту.
А лепшым падворкам сярод сядзіб пенсіянераў прызнана рукатворная прыгажосць вакол дома (там і буслы, і млын, і хатка, і збанкі, не лічачы безлічы кветак) Тарэсы Баляславаўны і Івана Уладзіміравіча Штураў. І нез-дарма! Зараз за грошы можна купіць самыя незвычайныя рэчы для ланшдшафнага дызайну – а вось уласнымі рукамі стварыць такую прыгажосць, напэўна, пад сілу не кожнаму.
Дзеці і дарослыя з вялікім задавальненнем прымалі ўдзел у розных, у тым ліку і жартоўных, конкурсах. У намінацыі “Асіная талія” перамаглі дамы з прыгожымі формамі, а ў намінацыі “Ножкі сусветнага стандарту” – мужчына з 45 памерам абутку. Прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва мераліся кулакамі (менавіта мераліся) для таго, каб вызначыць, у каго ж з варнянцаў “кулак-2014”. А прыгажуні дэманстравалі са сцэны свае валасы – і ў конкурсе “Доўгая каса” перамаглі ўсе ўдзельніцы.
Затым на сцэне ў руках вядучых з’явілася чароўная скарбонка, у якой на аркушы паперы была напісана назва прыза. А гледачы з дапамогай падказак павінны былі здагадацца, што хавае ў сваіх сутарэннях гэтая невялікая скрынка. “Сім-сім” адкрылася для Людмілы Саленік. Яна і атрымала адгаданы падарунак – мангал.
Варта адзначыць, што ўсе ўдзельнікі конкурсаў не засталіся без падарункаў. Гэта стала магчымым дзякуючы спонсарскай дапамозе індывідуальных прадпрымальнікаў – Віталія Пазлевіча, Таццяны Камінскай, Аляксандра Крыкунова і, канешне, пастаяннага спонсара – СВК “Варняны”.
Свята віравала ва ўсю моц. Дзеці цягнулі бацькоў да паветраных шароў, якія яркімі плямамі, здавалася, рваліся не ў дзіцячыя ручкі, а ў неба. Розныя цацкі – яны, напэўна, задаволілі б густ любога малыша (былі б толькі грошы ў мамы або таты!) – таксама заклікалі хлопчыкаў і дзяўчынак сваёй стракатасцю. Пульхныя аблокі салодкай ваты “нараджаліся” на вачах, а калі яна знікала ў маленькіх жывоціках, наступала чарга папкорну.
Дарослыя таксама маглі паласавацца – шашлыком. І не абы якім – а варнянскім, які не першы год выпускае мясцовы сельскагаспадарчы кааператыў.
Вядома, што дзецям у адрозненне ад дарослых, слова “стома” не вядомае. Дзяўчынкі і хлопчыкі па некалькі разоў рабілі “набегі” на батут, які падківаў малых угору, і да дзіцячых аўтамабіляў. А каму ж не падабаецца наразаць кругі на прыгожай і бліскучай машынцы? І няпраўда, што кола аўтааматараў тут складалі выключна дзеці. Дарослыя таксама разразалі паветра – толькі на двухколавых аўтаматычных “машынках”.
Бяспройгрышная латарэя, прызы для якой прадставіў СВК “Варняны”, таксама прываблівала людзей. Некаторыя спрабавалі тут злавіць “птушку ўдачы” за хвост, і, акрамя цукерак, соку і смачнай варнянскай тушонкі, некаторыя шчасліўчыкі змаглі выцягнуць пяць мяшкоў зерня або дзесяць рулонаў сена.
А літаральна ў трохстах мет-рах ад танцавальнай пляцоўкі, дзе артысты з ўсяго раёна цешылі варнянцаў і гасцей вёскі сваімі песнямі, танцамі, вершамі, байкамі і сцэнкамі, разгарнуліся валейбольныя жарсці. Ні дождж, ні пясок, які трашчаў на зубах ад падач мокрага мяча, не змаглі астудзіць спартыўны пыл ігракоў. Барацьба была напружанай – чаканая кожнай камандай перамога ў некаторых таймах непрадказальна пераходзіла то на адзін, то на другі бок. Але напорыстасць, рашучасць, ну і, канешне, шанцаванне (гэты фактар у спорце яшчэ ніхто не адмяняў) паставілі ў гэтай захапляльнай гульні тлустую кропку. Апярэдзілі сваіх сапернікаў і сталі пераможцамі ў “святавясковай” валейбольнай гульні варнянскія школьнікі; “засерабрылася” каманда Варнянскага лясніцтва, а вось прадстаўнікі СВК “Варняны” ў валейболе сталі трэцімі. Усе капітаны каманд атрымалі ў падарунак па валейбольным мячы, ігракі таксама не засталіся без падарункаў.
На працягу чатырох гадзін варнянская плошча “тарнадзіла” – песнямі, жартамі, дзіцячым смехам і добрым настроем. І нават надвор’е, якое не дазволіла дзеткам прыняць удзел у запланаваным конкурсе малюнкаў на асфальце і час ад ад часу “падмочвала” апаратуру, не перашкодзіла жыхарам Варнян весяліцца і адпачываць – усім разам.
-------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.
