"Весенние встречи" собрали друзей в детской школе искусств

У мастацтва – адна мова. І яе добра разумеюць і дарослыя, і дзеці. Яна аб’ядноўвае і захоплівае чалавека светам гукаў, рухаў, голасу ці каляровай гульнёй святлаценю. Тым больш калі менавіта дзіцячыя пальчыкі прымушаюць ажываць чорна-белыя клавішы фартэпіяна або маленькія ножкі на сцэне вытвараюць неверагодныя па.

Літаральна за дзень да пачатку каляндарнага лета Астравецкая школа мастацтваў сабрала сяброў на традыцыйны справаздачны канцэрт “Вясеннія сустрэчы” і на працягу дзвюх гадзін не выпускала гледачоў са сваіх абдымкаў.
Своеасаблівы калідор да актавай залы ўтваралі работы юных мастакоў – падапечных Вікторыі Варановіч. Людзі спыняліся, каб палюбавацца нацюрмортамі, гарадскімі замалёўкамі і пейзажамі. Работы дзяцей, нават намаляваныя з адной натуры, адрозніваліся: хтосьці ставіў у цэнтр яблык, хтосьці – збанок, а іншы – кветкі ў ім. Свет вачамі дзяцей увасобіўся ў дзясятках рознакаляровых карцін.
Акрамя вучняў мастацкага аддзялення, своеасаблівы паказ падрыхтавалі і дзеткі з музычных, харэаграфічнага і эстэтычнага класаў. Самыя маленькія і непаседлівыя дзяўчынкі і хлопчыкі “высыпалі” на сцэну. Дзіцячая натура ўзяла верх над парадамі педагогаў і ўрокамі: адна дзяўчынка адшукала вачамі маму і памахала ручкай. Артыстка расце! Нават паўнюсенькая зала не напалохала маленькую прыгажуню.
Крылатыя мелодыі дзіцячага аркестра народных інструментаў і духавога аркестра, ансамбля скрыпачоў і дуэта баяністак упэўнена гучалі ў зале. Майстэрства ігры на музычных інструментах дэманстравалі гітарысты, цымбалісты, акардэаністы... А Алег Сафронаў – адзіны, хто здаў спецыяльнасць на “дзясятку” – быццам растварыўся ў фартэпіяннай мелодыі: здавалася, для яго перасталі існаваць і свет, і людзі. Дзіяна Цэйка на фартэпіяна, а Маргарыта Шаўчэнка на скрыпцы падарылі слухачам вядомую мелодыю пераможцы “Еўрабачання” Аляксандра Рыбака.
Вучні і выпускнікі харэаграфічнага класа падарылі гледачам ажно шэсць танцаў. І дзе ж ты не здзівішся такім падарункам, калі дзяўчаты дэманстравалі не толькі зладжанасць і сінхроннасць рухаў, але і сядалі на шпагат, “круцілі сонейкі”!
Рознагалосыя спевы вакальнай групы хору “Ветразь” патаналі ў зале. Аліна Гацук саспявала для мамы. Эльміра Жукоўская “ўспомніла” пра вясенні капеж, а Вікторыя Дзянісава праз песню пазнаёміла прысутных са светам моды. Фіналістка конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Зорны дождж” Ангеліна Мельгуй гэтак жа моцна, пранікнёна, як і падчас конкурсу выканала песню “Алілуя” з рэпертуару знакамітых “бітлоў”.
“Это для нас день просыпается, это для нас рассветы поют…” – спявалі выпускніцы. Сёлета Астравецкая школа мастацтваў выпусціла 35 вучняў. А Паліна Вайткевіч, Ангеліна Кавалевіч, Валерыя Кавалевіч, Марына Кляўда, Надзея Петушкова, Міраслаў Піліпенка, Дзіяна Цэйка, Карына Чуклай і Валерыя Яхімовіч атрымалі пасведчанні з адзнакай. Падзячнымі пісьмамі таксама былі адзначаны бацькі, чые дзеці паспяхова скончылі школу мастацтваў.
А вучні-лаўрэаты, пераможцы, дыпламанты конкурсаў і фестываляў і іх педагогі атрымалі граматы і падарункі.
…На працягу пяці або сямі гадоў яны бегалі на заняткі ў школу мастацтваў. Часам перамагалі ляноту, але бралі ў рукі музычны інструмент або адточвалі харэаграфічнае майстэрства каля станка. Часам спраўляліся з уласным хваляваннем на конкурсах – і перамагалі. На змену ім прыйдуць новыя гітарысты, баяністы, фартэпіяністы, мастакі і танцоры. Новая змена – не за гарамі...
Падчас канцэрта маленькая дзяўчынка ў зале пасля кожнага выступлення пыталася ў мамы: “Калі я? А зараз ужо я?”. І прытанцоўвала ў такт вясёлых мелодый.
Прыйдзе час гэтай маленькай непаседлівай гарэзы: яна, як і сённяшнія вучні мастацкай школы, у прыгожай сукенцы будзе выступаць на сцэне. І ўжо іншая маленькая дзяўчынка стане лавіць вочкамі кожны яе рух і кожную мелодыю, пытаючыся ў мамы: “А калі ўжо я?”.


-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.