"Весенние встречи" Островецкой школы искусств

Сёлета яны зноў былі аднесены на канец мая, каб не толькі паказаць тое, чаму выхаванцы навучыліся за цэлы год, але і павіншаваць выпускнікоў школы з заканчэннем.


Фае кінаканцэртнай залы “Астравец” было запоўнена цудоўнымі работамі выхаванцаў мастацкага класа. Нацюрморты, пейзажы, партрэты – работы выхаванцаў з ужо, так бы мовіць, “набітай рукой”, і тых, хто робіць першыя крокі ў выяўленчым мастацтве. Такія розныя – і ў той жа час такія падобныя, напоўненыя любоўю да жыцця і мастацтва.
Вядучымі “Вясенніх сустрэч” сталі выхаванцы тэатральнага класа – дзяўчаты, якія яшчэ спасцігаюць аратарскае майстэрства і вучацца трымацца на сцэне.



У зале гучала яе Вялікасць Музыка ў выкананні дзяцей і дарослых, панавалі Талент і Мастацтва.
Немагчыма ўявіць Астравецкую школу мастацтваў і тым больш “Вясеннія сустрэчы” без выступлення дзіцячага аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Н.П. Шарэйка. Без удзелу ўзорнага духавога аркестра дзіцячай школы мастацтваў, якім кіруе А.М. Антановіч, не абыходзіцца ні адно дзяржаўнае свята ў Астраўцы – не абышліся без яго і “Вясеннія сустрэчы”. А яшчэ ўзорны хор “Ветразь” пад кіраўніцтвам І.А. Волчак, дзіцячы хор (кіраўнік – С.Б. Павалоцкая), вакальная група (Д.М. Блашкевіч), гітарны аркестр (А.У. Сяўко). І безумоўна танцы ў выкананні выхаванцаў харэаграфічных класаў.
На працягу двухгадзіннага канцэрта гучалі песні ў выкананні выхаванцаў і педагогаў школы мастацтваў, класічная музыка, якая перахоплівала дыханне. І заставалася толькі здзіўляцца, што ўсё гэтае багацце створана з дапамогай усяго толькі сямі нот!
І канешне, не засталіся “Вясеннія сустрэчы” без віншаванняў, якія гучалі ў адрас выпускнікоў і іх педагогаў, і без узнагароджвання. Ганаровыя граматы з рук дырэктара школы мастацтваў Г.Ф. Волчака атрымалі выпускнікі, якія закончылі школу на “выдатна” – Аляксандр Клімашэўскі, Пётр Бразінскі, Маргарыта Шаўчэнка і Дайва Лукша. Іх бацькі таксама былі ўзнагароджаны падзячнымі пісьмамі. Яшчэ 23 выхаванцы школы мастацтваў атрымалі падзячныя пісьмы за добрую вучобу і актыўны ўдзел у яе жыцці.
На лета педагогі і школа мастацтваў развіталіся са сваімі выхаванцамі, каб у наступным годзе абавязкова сустрэцца – і зноў тварыць, спяваць, іграць і танцаваць!


Алена ЯРАШЭВІЧ.