В Подольцах попрощались с летом

Вось і скончылася цёплае і ласкавае лета. А каб у наступным годзе яно прыйшло своечасова і горача абняло нас тысячамі сонечных праменьчыкаў, супрацоўнікі Падольскага сельскага Дома культуры арганізавалі сапраўднае дзіцячае свята “Бывай, лета! Прывітанне, школа!”

Ужо на парозе Дома культуры гасцей сустракалі вясёлыя і прыгожыя клоун Бом і цукерка Вітоша, якія ўсім дарылі паветраныя шарыкі. Самыя ўважлівыя маглі распазнаць у героях акампаніятара Падольскага СДК Вольгу Валадзько і студэнтку медыцынскага каледжа Дзіяну Бараноўскую.
У фае дзяцей чакала выстава дзіцячай літаратуры, арганізаваная бібліятэкарам Святланай Лявонаўнай Якубцэвіч, якую юныя госці наведвалі з цікавасцю. А пасля для дзяцей пачалося самае захапляльнае: яны адправіліся ў казачнае падарожжа “Вечнае лета”, падчас якога ўдзельнічалі ў розных конкурсах і гульнях: малявалі вядучых Бома і Вітошу, на паветраныя шары засялялі жыхароў планеты, разам прыдумвалі казку пра тое, як кожны правёў лета, на хуткасць збіралі пазлы. За старанне і творчы падыход усе атрымалі падарункі, салодкія прысмакі, а таксама радасныя эмоцыі і незабыўныя ўражанні. Завяршылася свята дыскатэкай.
Словам, развітанне з летам прайшло весела і цікава. Адпачыўшыя дзеці з добрым настроем пайшлі ў школу, а лета памахала ім на развітанне цёплымі праменьчыкамі і абяцала ў наступным годзе не затрымлівацца і парадаваць новымі ўражаннямі.


------------------------------------------------------
Дзіяна Бараноўская, в. Падольцы.