В отделе идеологической работы, культуры и по делам молодёжи подвели итоги работы за прошлый год
На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама, на якім былі падведзены вынікі работы і намечаны планы на 2016 год.Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама Наталля Сянюць агучыла дасягненні аддзела ў розных сферах. Падрабязней на кожным пытанні ў сваіх справаздачах спыняліся загадчыкі клубаў, цэнтральнай бібліятэкі, Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музея.
У выніку рэарганізацыі, якая прайшла ў мінулым годзе, усе падраздзяленні аддзела набылі статус юрыдычных асоб, асноўным накірункам іх работы стала насычэнне і актывізацыя ўнутрыраённых рэсурсаў. Праведзена шмат сустрэч, канцэртаў як мясцовых артыстаў, так і знакамітых выканаўцаў, фестываляў.
Працягвалася работа па аднаўленню і рамонту будынкаў раённых клубаў і бібліятэк. Часткова ці поўнасцю былі адрамантаваны ўстановы культуры ў Гервятах, Рытані, Падольцах, Малях, Альхоўцы, Астраўцы.
Практычна пры кожным аддзеле культуры і вольнага часу раёна створаны гурткі для дарослых і дзяцей. Інфармацыю пра дзейнасць кожнай установы можна знайсці ў інтэрнеце. Акрамя таго, мерапрыемствы падрабязна асвятляюцца ў раённай газеце “Астравецкая праўда” і на старонках абласных і рэспубліканскіх выданняў.
Аднак трэба адзначыць, што на сённяшні дзень хапае і “гарачых” пытанняў. Адным з такіх з’яўляецца праблема раённага музея: да гэтага часу няма памяшкання, якое б адпавядала тэхнічным нормам і правілам, дзе б маглі выстаўляцца багатыя экспазіцыі і захоўвацца архівы нашага музея.
Як зазначыў, падводзячы вынікі сустрэчы намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла, падобная работа патрабуе немалых фінансавых сродкаў, таму неабходна шукаць дадатковыя крыніцы для іх набыцця: платныя экскурсіі і канцэрты, пошукі спонсараў і мецэнатаў, развіццё трансгранічных праектаў.
Работа Астравецкага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ў мінулым годзе была заўважана і адзначана 26 граматамі розных узроўняў: 11 рэгіянальных, 7 абласных, 4 рэспубліканскія і 4 міжнародныя.
Падчас пасяджэння Ганаровыя граматы ад імя абласнога выканаўчага камітэта атрымалі Пётр Крупенчык, Ларыса Тарашкевіч, Уладзімір Чарнушэвіч і Антон Мальшэўскі. Ганаровымі граматамі Астравецкага райвыканкама была адзначана праца Наталлі Сунэлік, Анатоля Гасюлевіча, Наталлі Літвін, Вольгі Тварагаль, Наталлі Бялячыц, Надзеі Вайцяховіч, Наталлі Ачарэтавай, Ванды Вайшнаровіч.
А ад імя настаяцеля праваслаўнай царвы святых апосталаў Пятра і Паўла айца Георгія Савіцкага Падзячныя лісты за дапамогу ў арганізацыі “Каляднага фестывалю”былі ўручаны Дануце Папеня і Наталлі Літвін.
----------------------------------
Антон МАЛЬШЭЎСКІ.
