В Островце выступили учащиеся Лидского государственного музыкального колледжа
Зорны дождж над Астраўцом праліўся марозным надвячоркам 3 лютага. У гэты дзень са сваёй канцэртнай праграмай у наш горад прыехалі навучэнцы Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа.Гэтую навучальную ўстанову добра ведаюць у Беларусі і лічаць сапраўднай “фабрыкай зорак”. Творчую агранку прайшлі ў ёй і астравецкія музычныя “дыяменты”: Аксана і Сяргей Сяўко, Сяргей Дзям’янчык, стваральніца і шматгадовы мастацкі кіраўнік “Міхалінкі” Святлана Шаблінская… Ды што там – амаль увесь педагагічны калектыў раённай школы мастацваў прайшоў навучанне ў каледжы і цяпер перадае набытыя там веды маладым астравецкім музыкам.
Гэтая сувязь часоў і пакаленняў вельмі добра адчувалася напярэдадні і падчас канцэр ту. Выхаванцаў сваёй “альма матэр” гаспадары намагаліся атуліць клопатам, падтрымаць, задаволіць любыя патрэбы і густы для паспяховага выступлення – нібы ў госці прыехалі не юныя выканаўцы, а зоркі міравога маштабу.
На дзіва, неабыякавым да выступлення юных артыстаў стаўся і пераборлівы да відовішчаў астравецкі глядач. Зала хоць і не запоўнілася “пад завязку”, але выглядала прыстойна і не шкадавала апладысментаў для артыстаў. Менавіта так – артыстаў! Прычым не будучых, а самых што ні ёсць цяперашніх і сапраўдных!
Прафесіяналы, мажліва, і ўгледзелі нейкія хібы ў выступленні маладых выканаўцаў – на тое яны і прафесіяналы, каб бачыць і чуць тое, чаго не заўважыць звычайны глядач, які, хоць і “праглыне” нейкую фальшывую ноту, затое аддасць даніну шчырасці і стараннасці. А гэтых якасцей навучэнцам каледжа было не пазычаць.
У той вечар на астравецкай сцэне выступалі таленавітыя, апантаныя, адданыя мастацтву і любімай справе людзі. Такім жа ўзнёслым, натхнёным атрымаўся і канцэрт, які прайшоў, так бы мовіць, на адным дыханні.У першым аддзяленні выступілі ўдзельнікі камернага аркестра пад кіраваннем выкладчыцы каледжа Ларысы Рута, якія праз музыку акунулі гледачоў у атмасферу “залатога стагоддзя” мастацтва, у часы свецкіх раўтаў і баляў, вялікага кахання і дуэляў, росквіту музыкі і паэзіі. У выкананні музыкантаў прагучалі рэдкія музычныя творы 19 стагоддзя: паланэзы, вальсы, мазуркі…
Пад дахам кінаканцэртнай залы разліваліся жывыя галасы скрыпак, віаланчэляў, альтаў, якія трымалі ў руках трапяткія рукі навучэнцаў.
А затым на сцэну ўварвалася, завіравала, закруціла гледачоў у народных мелодыях беларуская песня. Гэта ўдзельнікі ансамбля народнай музыкі “Вербіца” пад кіраваннем Тамары Харашылавай сваёй энергіяй, маладым задорам і тэмпераментам абверглі думку, што беларуская народная музыка – гэта суцэльныя сум, плач і жаль.
Дарэчы, у калектыве знайшлося месца і нашай зямлячцы, нядаўняй салістцы вакальнай групы “Міхалінка” і цяперашняй навучэнцы каледжа Дзіяне Субач.
Адзінае, чаго не хапіла гледачам, дык гэта часу, каб яшчэ больш пачуць, пранікнуцца і зразумець.
Але гэта якраз той выпадак, калі “мінус” мае станоўчае значэнне.
-------------------------
Эдуард Іванаў, фота аўтара.
