В Островце стартовал конкурс молодых исполнителей эстрадной песни "Звёздный дождь"

Ніякія прыродныя катаклізмы не сталі перашкодай для юных талентаў, галасістых, таленавітых і харызматычных, – якія сабраліся 19 лютага ў  кінаканцэртнай зале “Астравец”. У гэты дзень іх чакаў кастынг для ўдзелу ў конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні “Зорны дождж”. У наступных турах канкурсанты будуць змагацца за права стаць абраннікам багіні Вікторыі, а больш дакладна: пакарыць журы і ўвесь астравецкі люд сваім голасам – і фінішаваць з перамогай.
Падчас кастынгу мы вырашылі зазірнуць у “закуліссе” і задаць некалькі пытанняў арганізатарам. Аб тым, што чакае наперадзе юныя дараванні,  расказала дырэктар раённага метадычнага Цэнтра народнай творчасці Анастасія Ляховіч.

– Наколькі я ведаю, праект “Зорны дождж” у трэці раз стартаваў у нашым раёне. Каму належыць ідэя адрадзіць гэты конкурс?


– “Зорны дождж” праходзіў у 2006 і 2007 гадах. Яго суправаджаў небывалы поспех і цікавасць жыхароў нашага раёна.
Мне здаецца, што конкурсы такога кшталту становяцца добрай пляцоўкай для пачынаючых выканаўцаў. Таму мы (Анастасія Ляховіч (Клімашэўская) і Анастасія Пілецкая – заўв.аўтара) рашылі: а чаму б яго не адрадзіць? Кіраўніцтва раённага аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі нас падтрымала, і, як бачыце, ідэя ўвасобілася ў жыццё.


– Як вы думаеце, ці паўторыць “Зорны дождж-2013” поспех сваіх папярэднікаў?


– Думаю, што так. Зараз ідзе падрыхтоўка да конкурсу. Рыхтуемся і мы, і ўдзельнікі. Хоць “Зорны дождж” стартуе ў трэці раз, ён будзе  адрознівацца ад папярэдніх. У ім застанецца ідэя, магчыма, і фармат – але будуць і новыя цікавосткі. Не хацелася б раскрываць усю інтрыгу.


– Тады раскажыце крыху аб арганізацыйных момантах: колькі будзе этапаў і хто ўваходзіць у склад журы?


– Ад колькасці ўдзельнікаў будзе залежыць і колькасць тураў. У кожным туры – магчыма, іх будзе два або тры – стане дзейнічаць правіла гульні  “на выбыванне”. І толькі мацней- шыя дойдуць да фіналу!
У журы ўвойдуць спецыялісты па вакалу з Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў і з абласнога метадычнага цэнтра. А на заключны тур мы плануем  запрасіць кагосьці з “зорак” сучаснай беларускай эстрады.













– Колькі чалавек прыйшло на кастынг і прайшло яго?

– За 4 гадзіны кастынгу паспрабаваць свае сілы адважылася 18 чалавек, сярод якіх – толькі адзін юнак. Плануецца, што ў першы адборачны тур  пройдуць прыблізна дзесяць чалавек.


– Якое выпрабаванне чакала маладых людзей падчас кастынгу?


– Мы праслухоўвалі ўдзельнікаў. Яны павінны былі выканаць адну песню па сваім жаданні пад “мінусоўку”, а другую – акапэльна з прапанавага  спіску. Часцей за ўсё канкурсанты спыняліся на “Купалінцы” і “Белавежскай пушчы”.
Варта адзначыць, што на кастынгу была таленавітая моладзь не толькі з Астраўца, але і з Маляў, Гудагая, Кямелішак, Рытані, Варнян.


– На што будуць звяртаць увагу члены журы ў наступных этапах конкусу?


– У першую чаргу любое журы ўспрымае і ацэньвае цэльнасць вобразу. Затым, канешне, звяртаюць увагу на сцэнічны вобраз, на вакальныя даныя, на тое, як чалавек трымаецца на сцэне, на спалучэнне заяўленага нумару і касцюма… Здараецца так, што прыходзіць на кастынг вакальна адораны юнак
або дзяўчына, але калі выходзіць на сцэну – губляецца. А бываюць выканаўцы, што могуць дзесьці і ноту не дацягнуць, але бяруць зал сваёй  энергетыкай і харызмай. І гледачы гэта адчуваюць.


– А ці будуць якія-небудзь паслабленні да ўдзельнікаў?


– Усіх канкурсантаў чакаюць аднолькавыя умовы. З удзельнікамі будуць працаваць харэографы і настаўнікі па вакалу.
Вызначаць спрэчныя пытанні змогуць толькі члены журы. Але мне здаецца, што калі гэтыя пытанні тычацца ўзросту (напрыклад, на момант першага  тура ўдзельніцы толькі 13 з палавінай гадоў, а палажэннем конкурсу прадугледжана ўзроставая катэгорыя ад 14 да 19 гадоў), то яны будуць  вырашацца на карысць удзельніка.













– Мэта конкурсу зразумелая – пошукі маладых талентаў. А што з гэтымі талентамі – я маю на ўвазе пераможцам – будзе пасля конкурсу?

– Пераможцу мы будзем далей дапамагаць раскрыць свой талент на абласных, рэгіянальных і рэспубліканскіх конкурсах, у якіх нам прапаноўваць  прыняць удзел. Таму “зорка дажджу” будзе прадстаўляць Астравеччыну далёка за яе межамі.


– Дзякуй за гутарку!


Таня Даніла (в. Рытань) і яе настаўнік А.М. Юргелянец:
– Гэта Аляксандр Мечыслававіч параіў мне прыехаць на кастынг. А без музыкі я ўвогуле не ўяўляю свайго жыцця. Ці атрымалася? Нават не ведаю.
– Кожны вакаліст, прафесіянал або пачынаючы, павінен прапусціць песню праз сябе і дапусціць гледача. У гэтым і заключаецца работа педагога.


Святлана Хамякова (в. Падольцы):
– Я самастойна вырашыла паўдзельнічаць у кастынгу. Хто яго ведае, магчыма, і прайду?! А расказала мне аб тым, што ў раёне будзе праходзіць  “Зорны дождж”, дырэктар Падольскага СДК.
Нумар і сцэнічны вобраз я рыхтавала самастойна. Думаю, што атрымалася нядрэнна. Аднак дапамога прафесіяналаў – харэографаў і настаўнікаў па  вакалу была б не лішняй.


Фіналістка “Зорнага дажджу-2006” (2 месца) Анастасія Пілецкая:
– На той момант я вучылася ў дзявятым класе, і мне захацелася паспрабаваць свае сілы ў гэтым конкурсе. Я памятаю, што моцна перажывала і хвалявалася. З намі працавалі спецыялісты: дапамагалі запісваць фанаграмы і вызначацца з касцюмамі.
На фінальным туры, як мне здаецца, усім дасталіся моцныя кампазіцыі, і мы добра іх выканалі.
Гэты конкурс паўплываў на маё прафесійнае самавызначэнне. Я не магла паступіць ні ў вучылішча, ні ва ўніверсітэт культуры на вакальнае  аддзяленне, таму што не хадзіла ў музычную школу… Але
мары часам становяцца рэчаіснасцю! Так здарылася і ў маім выпадку. Я стала студэнткай універсітэта культуры, праўда, па спецыяльнасці  “сацыяльна-культурная дзейнасць”.
Усім удзельнікам “Зорнага дажджу” мне хочацца пажадаць поспеху і ўпэўненасці ў сваіх сілах. І няхай пераможа самы таленавіты і дастойны!


-------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.