В Островце прошла выставка художника Эдуарда Матюшонка, посвященная Язепу Дроздовичу





Бадай што самай адметнай падзеяй мінулага тыдня стала адкрыццё ў дзіцячай школе мастацтваў выставы вілейскага мастака Эдуарда Мацюшонка “Адна зямля”, прысвечанай вечнаму вандроўніку, мастаку-перадзвіжніку, якога часам называюць прарокам сваёй Айчыны, – Язэпу Драздовічу.
Галоўная ідэя выставы мастака, які нарадзіўся на Глыбоччыне, жыве ў Вілейцы, піша карціны ў розных мясцінах: ва ўсіх нас, незалежна ад месца нараджэння і жыхарства, – адна на ўсіх зямля, якая дасталася нам ад нашых продкаў, і любіць яе, берагчы, захаваць і перадаць сваім нашчадкам – наш святы абавязак. І другараднага ў гэтай справе няма, бо кожнае імгненне – непаўторнае…

На адкрыцці выставы Эдуард Мацюшонак правёў першую, калі можна так сказаць, экскурсію. Экскурсію не толькі па той адной – агульнай для ўсіх – нашай роднай зямлі, якую ён нястомна з сыноўняй любоўю паказвае ў сваіх карцінах. Але і экскурсію па сваім уласным светапоглядзе, па уласнай філасофіі жыцця, якая адлюстравана ў гэтых карцінах лепш, чым у якім навуковым трактаце. Канешне, прачытаць мову фарбы і пэндзля здольны не кожны. А калі яна падмацавана аўтарскім словам – тады кожная карціна выставы гаворыць з табой зусім іншымі словамі, пачуццямі, светаўспрыманнем, прымушаючы бачыць вялікае ў непрыкметным, адметнае – у звычайным… Паспрабуем і мы з вамі прайсці па гэтай выставе разам з аўтарам, паслухаўшы яго расповед…



“Роздум”

– “Роздум” – гэта мая першая карціна-рэканструкцыя, усяго іх некалькі.
Мой тата, якому ўжо 84 гады, быў вельмі засмучаны ад таго, што ў тым месцы, дзе ён нарадзіўся, нічога не засталося – ні яго роднай хаты, ні таго двухпавярховага млына, які некалі пабудаваў граф Берастоўскі. Той млын быў для таты, тады маленькага хлопчыка, цэлым сусветам: там збіраліся людзі, расказвалі навіны, нейкія цікавыя гісторыі, паданні… На першым паверсе былі ўстаноўлены дзве дынама-машыны, і ва ўсе навакольныя хаты праведзена па дзве лямпачкі па 25 вольт. Граф пабудаваў для майго дзеда Вінцэнта хату на два канцы, у якой і нарадзіўся тата, – дзед быў слынным майстрам па мэблі. А зараз у тым месцы засталася толькі вялікая сасна з буслянкай – такое ўражанне, што яна ніяк не змянілася за гэтыя гады.



І я бачыў, што ў таты ўвесь час на душы ляжыць нейкі камень. Бо чалавеку вельмі важна, каб на зямлі было месца, дзе ён нарадзіўся, дзе закапана яго пупавіна. Нават калі там ужо нічога не засталося – каб можна было прыйсці і проста пастаяць на той зямлі, па якой некалі бегаў басанож, дзе ўпершыню адчуў радасць і смутак, смяяўся і плакаў, зведаў каханне і здраду.
І я прапанаваў: “Тата, давай напішам карціну. Ты будзеш мне распавядаць, як усё было, а я буду маляваць. А потым ты паглядзіш і скажаш – так ці не?” Так мы працавалі цэлае лета.
Тата доўга ўглядаўся ў карціну, нават памацаў яе. А потым сказаў: “Сын, ты мне вярнуў тое, што я ўжо лічыў беззваротна страчаным”, – і ў вачах яго заблішчэлі слёзы… І гэта была самая высокая адзнака, якую я атрымаў за сваю працу.



“Гервяты”

– Колькі б ні прыязджаў на Астравеччыну, колькіх бы людзей сюды ні прывозіў – нікога не пакідае раўнадушным ваш касцёл Святой Тройцы ў Гервятах. Я думаю, ні ў каго няма сумненняў, што гэта – самая прыгожая готыка на Беларусі. І дзякуй ксяндзу, дзякуй людзям, што сваімі справамі дапамагаюць нашаму духоўнаму свету матэрыялізавацца ў такую прыгажосць – якая і з’яўляецца нашым духоўным светам.
Я памятаю свае ўражанні, калі ўпершыню ўбачыў гэты касцёл. На рэчцы нехта вудзіў рыбу, у гародзе корпаліся жанчыны… А побач – гэты велічны храм, які трывала, грунтоўна стаіць на зямлі – а сваім шпілем, здаецца, прабівае аблокі і дакранаецца да неба, каб адтуль узяць энергетыку і перадаць яе зямлі. Падумалася: так і павінен жыць чалавек: стаяць на зямлі – і глядзець не толькі сабе пад ногі, але і ў неба, каб бачыць яго блакіт, прыгажосць аблокаў, цуд вясёлкі. І ў сабе, як у малюсенькай часцінцы Сусвету, акумуляваць усё – і зямлю, і неба…



“Спеў жураўля”

– Я, як і большасць тут прысутных, родам з вёскі. Роўненькімі шнурочкамі разбег-ліся яны па палях. Раней у кожнай хаце зімовымі вечарамі гарэў агеньчык, шумна было на вясковай вуліцы ад дзіцячых забаў. А зараз святло гарыць толькі ў адным ці двух акенцах… І матуля, выпаліўшы печ, зварыўшы вячэру, нанасіўшы вады, усё чакае: можа, сёння прыедзе сынок ці дачушка? А мы заўсёды знаходзім сабе прычыну, каб не ехаць: стаміліся, запрасілі на дзень нараджэння, шмат работы. І матуля, якая пражыла цяжкае жыццё, выгадавала дзетак, выправіла іх у людзі, зноў ідзе познім вечарам да студні адна, побач толькі верны сябар – сабачка.
Калі гляджу на гэтую карціну, то адчуваю пах толькі што выпаўшага снегу ў сваёй вёсцы, чую рыпенне калодзежнага жураўля, шоргат ног гэтай жанчыны… І я зноў – на радзіме.



“Уладзімір, сын Вінцэнта”

– Гэта – партрэт майго бацькі.
Я вельмі ўдзячны сваім бацькам, дзядам, прадзедам, пра-пра-прадзедам за тое, што жыву на гэтым свеце. Ім цяжкая доля дасталася. Сёння для нас часта трагедыяй становіцца тое, што машына не таго колеру ці маркі. А мой дзед Вінцэнт у першую Сусветную вайну страціў абедзве нагі. Быў паранены шрапнэллю ў баі – і гангрэна. У палявых умовах. Урач сказаў: “У цябе два выйсці: альбо п’еш спірт – і мы рэжам твае ногі па-жывому, альбо адпаўзаеш ціхенька ў кусты – і гадзін праз восем цябе няма.” Дзед выбраў жыццё… Мусіць, бог злітасцівіўся над ім – Вінцэнт застаўся жыць. Вярнуўся дахаты без абедзвюх ног. І знайшлася дзяўчына, якая пайшла за яго замуж. Першае дзіцятка нарадзілася – памерла, другое – таксама. Здавалася, што ўвесь свет супраць Вінцэнта. І толькі вера, любоў жонкі і мудрыя словы святара не дазволілі яму ўпасці ў адчай. Святар сказаў дзеду: “Вінцэнт, гэта тваё жыццё. Яно такое, як яно ёсць. І няма чаго крыўдзіцца на ўвесь свет. Трэба проста жыць – так, як жыццё цябе павядзе”.



Пасля ў дзеда нара-дзілася пяцёра дзяцей, старэйшы з якіх – мой тата. Ён нарадзіўся ў 1929 годзе, яшчэ за польскім часам. Зведаў і вайну, і калектывізацыю, і “збіранне каласкоў”. Сёння ён для мяне – жывая гісторыя, якую я вывучаю не па кніжках, дзе нехта нешта піша так, як ён лічыць, а па расповедах бацькі, які ўсё гэта перажыў і бачыў на свае вочы.
Гэта вялікі дар – мець бацькоў. Я сёння разумны ці дурны не таму, што я такі вось ёсць, а таму, што мяне такім зрабілі мае бацькі, мае дзяды-прадзеды. І далей пойдуць мае дзеці. І ад таго, якія кніжкі я ім буду чытаць, якія гісторыі расказваць, якія песні даваць слухаць, залежыць, якімі стануць мае нашчадкі.
Гэтая карціна – даніна павагі майму бацьку. Фон у яе зацемнены, і пісьмо – шурпатае – як няпросты лёс бацькі…



“У бабулі”

– Гэтая карціна – нізкі паклон вашаму краю. Я напісаў яе на Астравеччыне, у Дайноўцы, падчас пленэру, які быў прысвечаны памяці Льва Дабжынскага, на які нас запрасіў Алесь Юркойць.
На першым плане тут – крыж, упрыгожаны каляровымі стужкамі, якія гайдаюцца пад парывамі ветру. І зводдаль – жанчына і дзяўчынка. Малую, мусіць, прывезлі на канікулы да бабулі, і яна сумуе: няма сяброў, няма інтэрнэту, “мабіла” не цягне… Бабуля кліча: “Хадзі, унучка, пасядзім, я табе нешта раскажу”. Але ўнучцы здаецца, што нічога цікавага бабуля расказаць не можа. Яе больш вабіць хуткая шаша, па якой імчаць прыгожыя машыны… Прыйдзе час – і ёй захочацца паслухаць бабулю. Толькі, на жаль, найчасцей гэта здараецца, калі слухаць ужо няма каго…



На крыж на раздарожжы, як сімвал веры і надзеі, падае промень святла. Бо пакуль стаяць гэтыя крыжы, пакуль жывуць нашы бабулі, якія іх даглядаюць, – мы жывем. Сыдзе гэтае пакаленне – і свет стане іншым. Я не ведаю, якім, але іншым. І для мяне важна перадаць той кавалачак зямлі, свайго краю, дзе я жыву, такім, які ён зараз. Прыйдуць іншыя людзі – яны будуць імкнуцца перадаць нешта сваё…



“Лета”

– На гэтай карціне напісана тое лета, у стане якога я вельмі люблю знаходзіцца. Вось гэтак я адчуваю свет…
Гэта – мая радзіма, вёска на беразе прыгожага возера Мнюта, дзе я нарадзіўся. Тут хадзіў Язэп Драздовіч. “Паміж Мнютай і Аутай” – так назваў ён свае дзённікі, у якіх падрабязна апісваў свае падарожжы. Мама расказвала, што на гэтым узгорку звычайна ладзілася Купалле – і Драздовіч заўсёды прыходзіў на гэтыя святы, бо быў, па сутнасці, вельмі адзінокім чалавекам…
Мне хацелася ў гэтай карціне перадаць свае пачуцці. Я сабраў у глячок свае любімыя кветкі – рамонкі і валошкі. Я хачу, каб людзі, гледзячы на гэтую карціну, адчулі подых цёплага летняга ветрыку, пачулі шапаценне травы – і ўсвядомілі тую простую ісціну, якую я адчуваю заўсёды, калі бываю тут: як цудоўна, што мы жывём на гэтай зямлі! Сёння – мы, за намі прыйдуць нашы дзеці, а там, дасць Бог – іх дзеці… І вельмі хочацца, каб усё гэта захавалася. Каб не прыйшоў нейкі вар’ят, які б захацеў асушыць возера, пабудаваць на гэтым месцы нешта жалезабетоннае – і атрымліваць прыбытак.



Прыбытак, магчыма, і будзе – але гэта ўжо будзе не тая, не наша зямля. Мне хочацца, каб людзі прыходзілі сюды – і разумелі, якое гэта шчасце, калі ёсць неба, ёсць зямля, цвітуць кветкі, лятаюць матылькі… Сапраўдныя, не на экране манітора. І калі ты сарвеш кветку ці прыдушыш гэтага матылька ці коніка – то не перазагрузіш камп’ютар і не вернеш іх да жыцця: гэта ўсё – жывое…
Калі я прыязджаю да таты, люблю прыходзіць сюды, на бераг Мнюты. Зняць абутак і пастаяць басанож на гэтым узгорку. І адчуць, як зямля выцягвае з цябе ўсё дурноцце, што накапілася за гэты час.
А потым увайсці ў возера – і плыць… Асабліва – уначы, калі ў вадзе адлюстроўваюцца зоры – і тады здаецца, што плывеш у космасе…



“Да касцёла”

На гэтай карціне – ранняя вясна. Бабулькі ідуць да касцёла. Да МАЙГО касцёла. У гэтым касцёле мяне хрысцілі, тут я браў шлюб. Тут хрысцілі Вацлава Ластоўскага. Каля яго пахавана маці Аляксандра Грына, рускага пісьменніка, аўтара “Пунсовых ветразяў”. Каля яго праходзілі сцежкі Язэпа Драздовіча…
Я лічу, што вера – гэта самае галоўнае ў чалавеку. Прычым вера, у маім разуменні, – гэта не прыналежнасць да нейкай пэўнай канфесіі – каталіцтва, праваслаўя. Гэткі падзел – хутчэй, даніна рэлігійнай культуры, а не вера. Верыць – гэта значыць палюбіць бліжняга свайго, як самога сябе. Жыць па Божых запаветах. Не рабіць зла. І гэтая вера – галоўны стрыжань у чалавеку, яна – як трывалы падмурак, на якім трымаецца ўсё збудаванне. Нездарма, калі чалавека хочуць знішчыць, яго перш за ўсё ламаюць духоўна.
І пакуль жывуць бабулькі, якія нясуць сваю веру да касцёла, – жывем усе мы…


------------------
Ніна РЫБІК,
фота аўтара і Юрыя Горыда.