В Островце прошёл первый тур конкурса "Звёздный дождь"

У мінулую нядзелю вясна, здаецца, жартавала з людзьмі: то сыпала калючым снегам, то лашчыла падманлівым сонцам, а праз імгненне ўжо апраналася ў шэрыя, быццам брудны снег, хмары. Але 16 сакавіка “цыклоніла” не толькі надвор’е, але і кінаканцэртная зала “Астравец”, у якой праходзіў першы тур конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Зорны дождж-2014”. І скептыцызм, з якім я ішла на гэтае мерапрыемства ў якасці члена журы, праз дзве з паловай гадзіны знік – душа патрабавала працягу!

Упершыню на Астравеччыне гэты конкурс стартаваў дзевяць гадоў назад. Многія астраўчане і жыхары раёна памятаюць саамы першы “Зорны дождж”, які тады стаў сапраўднай “навальніцай”. А вось другі “зоркапад” у параўнанні са сваім старэйшым братам быў ужо не такім папулярным.
Амаль праз дзясятак гадоў “на старт” выйшаў “Зорны дождж-2014”. Каюся, грэшная: пасля кастынгу, на якім журы адбірала канкурсантаў, нічога асаблівага ад першага тура я не чакала. Я не маю музычнай адукацыі і вартасць таго або іншага музычнага твора ацэньваю з пазіцыі “падабаецца ці не”, але падчас кастынгу мне ніхто не запомніўся.






А вось некаторыя выступленні канкурсантак у першым туры па-сапраўднаму ўразілі.
У дзяўчат быў толькі месяц на падрыхтоўку. Іх чакала фотасесія з фатографам Кацярынай Буцянавай-Лукша, заняткі з педагогамі па вакалу і харэографамі, шматгадзінныя рэпетыцыі… А для пачатку канкурсанткам трэба было вызначыцца з рэпертуарам: падрыхтаваць адну песню беларускага аўтара на рускай або беларускай мовах, а другую – з рэпертуару любога эстраднага артыста.



Педагогі Аксана Сяўко, Анастасія Ляховіч, Анастасія Пілецкая, Таццяна Падгайская, Наталля Янкоўская і Аксана Баршэвіч рыхтавалі дзяўчат да першага конкурснага тура. Магчыма, не ўсё атрымалася так, як планавалася, але тандэмы педагогаў і вучаніц адназначна папрацавалі на ўсе сто! А канкурсанткі, якія жывуць далёка ад Астраўца, – нават і больш.
Дзяўчатам заставалася толькі паказаць на сцэне ўсё, чаму яны паспелі навучыцца за месяц, бацькам – трымаць “кулачкі” за сваіх дачушак, а педагогам спадзявацца на добрыя адзнакі.



Адказная місія – вызначаць, хто праходзіць далей, а для каго першы тур стане апошнім, – была ўскладзена на журы, у якое ўвайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Лявонцьевіч Сяўко, дырэктар ДУК “Астравецкі РДК” Ірына Іванаўна Расамацкая, загадчык аддзела па справах моладзі ДУК “Астравецкі РДК” Павел Генадзьевіч Букель, кіраўнік народнага хору ветэранаў працы Данута Адольфаўна Папеня і я, ваша пакорная слуга, карэспандэнт раённай газеты “Астравецкая праўда”. Пяцёрка членаў журы павінна была ацэньваць па пяцібальнай шкале кожную песню па такіх крытэрыях як вакальнае выкананне, артыстызм, касцюм і рэпертуар.



Пакуль мамы і таты, сябры, аднакласнікі і проста зацікаўленыя людзі пакрысе запаўнялі кінаканцэртную залу, педагогі “неслі варту” ля сваіх падапечных. Гадзіннік адлічваў апошнія хвіліны да таго моманту, калі дзяўчатам давядзецца выйсці на сцэну. Аднак у невялікім пакойчыку, дзе канкурсанткі чакалі свайго “зорнага часу”, “кіпелі” і “бурлелі” не толькі прыгатаванні, але і эмоцыі. Хтосьці з дзяўчат самастойна падводзіў вочы і падмалёўваў вусны. Камусьці дапамагалі падправіць прычоску сяброўкі або педагогі. Іншыя прыгажуні, наадварот, моўчкі сядзелі ва ўсёй красе – напэўна, настройвалі сябе і сцішалі ўнутранае хваляванне. А карціну апошніх хвілін гэтага “цыклона” дапаўнялі горы касметыкі і суседства зімовых чаравікаў з вытанчанымі туфлікамі на высокіх абцасах, якія ўвасаблялі сабой сённяшняе пераўтварэнне: звычайныя дзяўчаты, якіх можна сустрэць на вуліцы, апранутых у джынсы і красоўкі, сталі сапраўднымі каралевамі балю, вытанчанымі, высакароднымі і адметнымі – кожная па-свойму.



Некаторыя не вытрымлівалі напружання і літаральна за некалькі хвілін да выхаду на сцэну агалмошвалі педагогаў перапалоханым “Я не пайду. Я баюся…” Але на сцэну выйшлі ўсе адзіннаццаць канкурсантак.
Нарэшце, час “ікс” настаў. У зале пагасла святло, а вялікі экран, наадварот, засвяціўся фотаздымкамі ўдзельніц.
Першую частку – ВЫКАНАННЕ ПЕСНІ БЕЛАРУСКАГА АЎТАРА – адкрыла Юлія Івашка. Дзяўчына ў паўсядзённым жыцці захапляецца не толькі англійскай мовай, іграе на фартэпіяна, але і з дзесяцігадовага ўзросту выступае на сцэне. Магчыма, гэты вопыт і дапамог ёй справіцца з хваляваннем (складана ж выступаць першай!) і бездакорна выканаць песню “Засталася”.



Эстафету “беларускасці” пераняла Дзіяна Цэйка, з вуснаў якой “Лянок” набыў асабліва чуллівае, непаўторнае і пяшчотнае гучанне.
Самая малодшая канкурсантка, якой напярэдадні першага тура споўнілася чатырнаццаць гадоў, Ліза Гразнова добра справілася з заяўленай песняй “Не бывае неба лепшага”.
Ганна Пазлевіч парадавала аматараў року не толькі выбранай кампазіцыяй, але і сцэнічным вобразам: чым вам не рок-князёўна Астравеччыны?



А вось Святлана Хамякова з Падольцаў, наадварот, кранула і слых, і сэрцы прысутных лірычнай і мілагучнай песняй “Белая ластаўка”. Светлавалосая прыгажуня была ўвасабленнем чысціні – сапраўднай белай ластаўкай.
Вікторыя Рудая, пераможца многіх конкурсаў у выяўленчым мастацтве, музыцы і паэзіі, цалкам адпавядала сваёй песні. У лёгкай блакітнай сукенцы дзяўчынка нагадвала летнія цёплыя “кропелькі дажджу”.
Другая частка – ВЫКАНАННЕ ЭСТРАДНАЙ КАМПАЗІЦЫІ – умясціла ў сабе песні на рускай, беларускай, англійскай, украінскай мовах.
Дар’я Крывіцкая ў яркай, “зногшыбальнай” чырвона-чорнай сукенцы так жа ярка адспявала на ўкраінскай мове “Тебе я знайду”.
Задорную пярчынку ў шматгалосае мора спеваў унесла Ангеліна Мельгуй. Дзяўчынка захапляецца модай і пэўны час наведвала школу Сяргея Нагорнага, таму да песні “Тормаз Вася” яна самастойна падабрала адпаведны касцюм.



А вось кямелішкаўская доўгавалосая прыгажуня Каця Пляўга на сцэне літаральна пераўвасобілася ў гераіню сваёй кампазіцыі – ляльку Марго.
Сняжана Безляповіч з Гудагая без лішніх рухаў і хвалявання выканала песню хрысціянскага рок-гурта “Новае пакаленне” – літаральна прапусціла яе праз сябе. Дзяўчына спявала з заплюшчанымі вачамі – і гукі не раствараліся ў паветры, а даляталі да адрасата і пранікалі ў самае сэрца.



Гудагайская прыгажуня Юліяна Масейка здзівіла і гледачоў, і членаў журы цэласнасцю свайго выступлення, узгодненасцю мелодыі, рухаў і сцэнічнага вобраза. Прызнаюся шчыра: з апошнімі акордамі “Маленькага аркестра” хацелася крычаць “біс!” – настолькі гарманічным і запамінальным быў нумар…



Не паверылася, што дваццаць дзве песні ўмясціліся ў дзве гадзіны – а суддзям за некалькі хвілін трэба выбраць чатырох намінантак – кандыдатак на выбыванне. Згадзіцеся, задача не з лёгкіх.



У дзяўчат было некалькі хвілін, каб перавесці дух пасля выступлення. А журы, пакуль у зале адбываўся розыгрыш латарэі і астравецкія артысты дарылі гледачам свае нумары, падлічвала балы, якія затым падсумоўваліся – і выводзілася канчатковая адзнака для кожнага канкурсанта. Менавіта гэтыя адзнакі і вызначылі не чацвёрку, як таго патрабавалі ўмовы конкурсу, а пяцёрку намінантаў на выбыванне. Імі сталі Вікторыя Рудая, Кацярына Пляўга, Дзіяна Цэйка, Лізавета Гразнова і Ангеліна Мельгуй.
Вы б бачылі, як трэсліся каленкі ў дзяўчат... Вы б бачылі, як яны хваляваліся і перажывалі... Дарога даўжынёй у месяц каштавала ім душэўных і фізічных сіл, шматгадзінных рэпетыцый і штодзённых перамог над сваім страхам.
Старшыня журы С.Л. Сяўко назваў прозвішчы “выратаваных” дзяўчат, якія будуць далей працягваць барацьбу ў конкурсе – гэта Вікторыя Рудая і Ангеліна Мельгуй.
Канкурсанткі, для якіх першы тур стаў апошнім, атрымалі памятныя дыпломы ўдзельніц і кветкі.

Псіхолагі сцвярджаюць, што чалавека нельга параўноўваць з іншым, толькі з самім сабой. Журы ў гэты дзень імкнулася ацаніць выступленне кожнай канкурсанткі асобна, не праводзячы паралеляў з астатнімі нумарамі і выступленнямі.
Усе адзінаццаць дзяўчат годна выглядалі на сцэне. Усе адзінаццаць дзяўчат вакальна адораныя, і гэты факт не выклікае сумненняў. Усе адзінаццаць дзяўчат вартыя быць прызнанымі лепшымі… Аднак тых, каму не пашанцавала ў гэты дзень, “адсеяла” нават не журы, а не вельмі ўдала выбраны рэпертуар.
Цікава, чым здзівяць у другім туры васьмёра дзяўчат, якія будуць працягваць барацьбу? Верыцца, што кінаканцэртная зала “Астравец” ізноў “зацыклоніць” і “затарнадзіць”.

------------------------------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.