В Островце прошёл флешмоб Дедов Морозов и Снегурочек
Напярэдадні навагодніх святаў у Астраўцы прайшло цікавае і вясёлае мерапрыемства – парад Дзедаў Марозаў і Снягурачак.
Флэшмоб Дзедаў Марозаў – з’ява, якую з нецярпеннем чакаюць і дзеці, і дарослыя. Па-першае, таму, што гэты самы “моб” заўсёды выліваецца ў яскравае дзейства. А па-другое… Верагоднасць здзяйснення жаданняў прама прапарцыянальная колькасці чараўнікоў, ад якіх залежыць канчатковы
вынік. Восем Дзедаў Марозаў і столькі ж Снягурачак – шансы на ажыццяўленне самых незвычайных мараў для ўсіх, хто ў мінулую суботу прысутнічаў на “нашэсці” жывых навагодніх “татэмаў”, былі вельмі высокімі.
Кожны з нас незалежна ад узросту ўсё роўна хоць крыху, але верыць у Дзеда Мароза. Як і ў цуд, які абавязкова павінен здарыцца, “калі стрэлкі ў дванаццаць сыдуцца”.
Астравецкая дзетвара чакаць надыходу навагодняй поўначы не збіралася: не паспела каляровая шарэнга Дзядуляў і іх Унучак завітаць на плошчу, як іх з усіх бакоў акружылі цікаўныя тварыкі малышоў. І дастаткова было галоўнаму цырымоніймайстру флэшмоба (мяркуючы па голасу, роля галоўнага Дзеда раёна дасталася ўсюдыіснаму Паўлу Букелю) аб’явіць пачатак карагоду, як маленькія ручкі даверліва пацягнуліся да распісных рукавіц Марозаў ды Снягурак.
Ланцужок дзятвы, перамежаваны яркімі футрамі казачных герояў, закружыўся вакол новай, на дзіва сіметрычнай і прыбранай сёлетняй ёлкі. Побач з імі скакалі, як умелі, вясёлыя цуда-юда героі з невядома (для дарослага – з невядомых) якіх казак.
А потым надышла чарга загадак. І адразу стала ясна, што на плошчы сабраліся не проста вясёлыя і прыгожыя, але яшчэ і вельмі кемлівыя дзеці – адгадкі нараджаліся літаральна злёту.
...А потым быў новы карагод. І новыя песні. І свята атрымалася на славу!
-------------------
Ганны ЧАКУР.
Фота аўтара і І. ПЕТРЫКА.
