В Гродно прошёл Республиканский фестиваль национальных культур
Няма на свеце выпадковасцяў. Усё, што здараецца (і не важна – з зоркай першай велічыні ці з маленькім мурашом), напісана адной Рукой.Арганізатары Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, што адбыўся ў Гродне ў юбілейны дзясяты раз, выбіраючы дату яго правядзення, спыніліся менавіта на мінулых выхадных. І наўрад ці іх выбар аказаўся простым супадзеннем…
Пяцідзясятніца… Яна адзначаецца на пяцідзясяты дзень пасля Пасхі. А паколькі сёлета праваслаўныя і каталікі святкавалі яе разам, то і Пяцідзясятніца прыйшла да іх адначасова.
«І раптам зрабіўся шум з неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны (Апосталы) былі, з’явіліся языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусціліся па адным на кожнага з іх. Напоўніліся ўсе Святым Духам і пачалі гаварыць на іншых мовах…»
Вось і на вуліцах Гродна ў фестывальныя дні сабраліся тысячы людзей (пасланцы 26 народаў!) і “пачалі гаварыць на іншых мовах”: казахі і італьянцы, іспанцы і грузіны, малдаване і літоўцы, украінцы і рускія, армяне і татары, венесуэльцы і цыгане, яўрэі і палесцінцы, чувашы і карэйцы, немцы і дагестанцы… Англію прадстаўляў мужчына з Брысталі, Іран – экзатычная прыгажуня, якая на прадстаўленні дэлегацый “парвала залу” сваім усходнім танцам. Быў крымскі татарын. Былі іншыя шматлікія, невялікія або колькасцю ў аднаго чалавека дэлегацыі. І кожная з іх прадстаўляла свой народ – вочы разбягаліся ад яркай палітры нацыянальных касцюмаў. І сваю культуру. І мову, дарованую праз Святога Духа і ўжо таму – бясцэнную…
Але пачнём з пачатку. З Лідскага этапу фестывалю, які адбыўся яшчэ зімой. Менавіта на ім вакальны гурт “Польскае рэха Астраўца” сваім выступленнем скарыў сэрцы прафесійнага журы і атрымаў пуцёўку на заключны этап у Гродна.
– Ды былі яны ўжо там, і не адзін раз, – скажа ўважлівы чытач.
Так, былі: неаднаразова ўдзельнічалі ў канцэрце на “польскім” падворку. Але ў склад афіцыйнай дэлегацыі не ўваходзілі ні разу.
На гэты раз “Рэха” запрасілі на ўсе тры фестывальныя дні. Ну і як, скажыце, было не “прыляпіцца” да іх мне, “уласнаму карэспандэнту” калектыва?! Адным словам, у пятніцу раніцай аўтобус аўтапарка №4 (падарожнікам моцна пашанцавала з вадзіцелем: Валерый Багдановіч – не толькі высакакласны прафесіянал, але яшчэ і церпялівы, уважлівы да чужых патрэб чалавек), абвешаны нацыянальнымі касцюмамі і перапоўнены перадканцэртнымі хваляваннямі самадзейных артыстаў рушыў на Гродна.
…Горад, як квітнеючая яблынька, бялеў параднымі кашулямі шматлікіх міліцыянераў. Асабліва на плошчы Леніна – у месцы прыбыцця дэлегацый. Наш аўтобус хуценька перанакіравалі, прыпаркавалі і прыслалі двух (маладых ды прыгожых!) куратараў. Кожнаму з нас – па невялічкаму сувенірнаму пакету, у які, у прыватнасці, была пакладзена падрабязная праграма фестывалю. Спецпропуск на шкло аўтобуса – і пасля кароткай экскурсіі па бліжэйшых магазінах, з якіх жаночая частка калектыву (папярэдне не згаворваючыся!) выйшла ў новенькіх капялюшыках, кіруемся на турыстычную базу “Купалінка” – месца нашай дыслакацыі.
…Кропка збору – Савецкая плошча. Дзяўчаткі ў беларускіх народных строях ужо стаяць рэдкім ланцужком – у руках яны трымаюць надпісы з указаннем нацыянальнасцей. Мы становімся пад польскі штандар (назваўся груздом – лезь у кошык!). За намі – рускія. Далей – украінцы, цыганы, яўрэі. Завяршае шэсце збор народаў “Шматгалоссе”, у якое аб’ядналіся прадстаўнікі нацыянальнасцяў, што вырашылі не пазіцыяніраваць сябе асабіста.
Настрой цудоўны: усе спяваюць, танцуюць, фатаграфуюцца. Устаяць на месцы складана – кароткімі перабежкамі рухаюся ад дэлегацыі да дэлегацыі, каб паглядзець і паслухаць, а калі ўдасца, то і сфатаграфаваць. Нарэшце калона рушыла.
Мы ідзём скрозь густы людскі лес. Нас вітаюць, лічы, як нацыянальных герояў. Махаюць рукамі, падспеўваюць. То тут, то там гучыць “Нех жые Польска!”. Нех жые – “я не ганю землі чужыя…”
Эпіцэнтр падзеі – плошча Леніна. Кожную дэлегацыю па чарзе сустракаюць хлебам-соллю, а яшчэ – адпаведнай музыкай, пад якую прадстаўнікі нацыянальнасцяў тут жа, перад сцэнай, спяваюць і танцуюць…
Нарэшце ўсе расселіся і пасля вітальнага слова Прэзідэнта, якое зачытаў намеснік Кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Анатоль Ліс, фестываль адкрыўся.
Што найбольш уразіла ў канцэртнай праграме? “Купалінка” ў акапэльным выкананні “Чыстага голасу” – зоркі дрыжэлі ў небе, ветрык затаіў дыханне… У якасці заморскіх гасцей выступалі Леў Лешчанка і “Ласкавы май”, – але вялікага ўражання не зрабілі – позна ці што?.. Гадкоў бы з трыццаць таму іх убачыць… Хаця “Дзень Перамогі” ўсе слухалі стоячы.
Потым быў грандыёзны салют. Ніколькі не перабольшваю – сапраўды грандыёзны…
Другі дзень – феерыя нацыянальных культур. Палякі традыцыйна атабарыліся ў цэнтры Новага замка, літоўцы – у цэнтры Старога. Непадалёк – яўрэі, за імі – малдаване…
Кожны народ прапаноўвае (за грошы, вядома) адведаць нацыянальныя стравы. Малдаўскі фаршыраваны перац, скажу я вам, яшчэ той далікатэс! І казахскі плоў! І польскія флячкі! І…
Самым вясёлым мне падаўся малдаўскі падворак – танцуюць лёгка, свабодна, задзірыста. Сысці з яўрэйскага доўга не дазваляла музыка – такая яна ў іх захапляючая! А яшчэ тут бясплатна раздавалі мацу і нацыянальную разнавіднасць галубцоў… Эстраду армянскага падворка літаральна абляпілі жанчыны – спявак аказаўся такім прыгажуном, спяваў так эмацыйна і прыгожа, што, пакуль ён не завяршыў сваё выступленне, і я стаяла саляным слупам, ажываючы толькі для бісіравання паміж песнямі.
На нямецкім уладарылі размеранасць і парадак.
На ўкраінскім спявалі. О, гэтая звонкасць украінскіх пяюх! Галасы, абмежаванасць якім невядома. Немагчыма-вар’яцкія “вярхі” і асаблівая напеўнасць…
А потым быў цыганскі падворак. Кухня? Пра што вы! Ні кухні, ні парадку, ні прадуманай праграмы. Адзін браў гітару, другі мікрафон: "Ах, ручаёчак, ручаёк..." І выскоквалі ўсе, хто хацеў: і старыя, і малыя. Скідвалі з ног туфлі і танцавалі, як каму ўздумаецца. І атрымлівалася так, што саму сябе трэба было за руку трымаць, каб таксама не выскачыць і не “рубануць”…
…А “Польскае рэха Астраўца” здзівіла. Выступалі яны бліжэй да фінальнай часткі праграмы. Публіка парадкам стамілася і, прыхаваўшыся ад спякотнага сонца пад парасонамі, ляніва пацягвала прахаладжальныя напіткі. А нашы як грымнулі “Піе Куба да Якуба”! Як топнулі ў “Кракавячку”! І прачнуўся глядач, і ажыў. І стаў падспеўваць, не забываючыся пасля кожнай песні апладзіраваць. А пасля таго як астравецкія артысты спусціліся са сцэны, у іх распачалася сапраўдная фотасесія – многім (асабліва тым, хто прыехаў на свята з Польшчы) хацелася сфатаграфавацца на памяць…
Трэці фестывальны дзень “Рэха” распачало з рэпетыцыі – у нядзелю калектыў збіраецца выступіць на конкурсе “Песня памежжа”…
А потым усе разам мы накіраваліся ў галоўную святыню Гродзенскай дыяцэзіі – Фарны касцёл. На “суму”. Каб ушанаваць Пяцідзясятніцу малітвай. І тут нас чакала цудоўная неспадзяванка: святочную Імшу адпраўляў малады ксёндз Павел Безляповіч з Палушаў, які толькі ў мінулым годзе высвенціўся на святара і сваю прыміцыйную службу меў у касцёле Узнясення Святога Крыжа. А ўдзяляць Камунію яму дапамагаў яшчэ адзін астраўчанін – ксёндз Валерый Спірыдон.
Вось так. А вы кажаце: выпадковасць…
І яшчэ… Падчас адкрыцця малдаўскага падворка выступаў пасол Малдовы ў Беларусі. І сказаў выдатныя словы (цытую): “Спасибо большое беларусам за “людскасць”! За возможность жить и развиваться в мире и обстановке добрососедства…”
Мае рацыю малдаўскі пасол: і ніякія мы не талерантныя, мы – ЛЮДСКІЯ!
--------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.
