В Дайлидках отметили праздник деревни
Ліліся музыка і песні, гучалі шчырыя словы віншаванняў, узнагароды і падарункі знаходзілі сваіх герояў – у Дайлідках адзначалі свята вёскі. І нават гарэза-дождж не змог сапсаваць добры настрой.Хоць, праўда, напалохаў. І перш за ўсё загадчыцу Дайлідскага сельскага Дома культуры Валянціну Гайдуль: да пачатку заставаліся лічаныя хвіліны, а ў зале сядзела каля дзясятка гледачоў. Толькі не падвялі вяскоўцы арганізатараў і сваю вёсачку і неўзабаве хутка адзін за адным сталі запаўняць залу. Не прымусілі сябе чакаць і запрошаныя госці: старшыня СВК “Гервяты” Вячаслаў Фёдаравіч Яроміч, яго намеснік Юрый Аляксандравіч Адула, старшыня Гервяцкага сельвыканкама Люцыя Іванаўна Лях.
Свята вёскі распачалося з выступлення старшыні сельгаскааператыва. Вячаслаў Фёдаравіч падзякаваў усім за плённую і старанную працу, пазнаёміў з будучымі планамі, а затым пад дружныя апладысменты гледачоў уручыў узнагароды перадавікам сельгаскааператыва, якія шмат гадоў працавалі і працуюць на карысць роднай гаспадаркі. Прыгожыя і мілагучныя падарункі працаўнікам падрыхтавалі і работнікі культуры.
З гісторыяй вёскі прысутных пазнаёміла Валянціна Гайдуль, якая паведаміла, што зараз тут пражывае 317 чалавек. А пасля запрасіла на сцэну самага маленькага жыхара – Ярыка. Праўда, хлопчык пакуль не ўмее хадзіць, пагэтаму на сцэну ён падняўся разам з мамай Алесяй, каб атрымаць падарунак. Прыемныя сюрпрызы таксама атрымалі яшчэ некалькі маладых сем’яў.
Бурнымі апладысментамі прывіталі аднавяскоўцы залатых юбіляраў сумеснага жыцця Часлава Станіслававіча і Станіславу Антонаўну Ждановічаў. У іх доме ніколі не бывае пуста і сумна – у бацькоўскай хаце збіраюцца дзеці, унукі і праўнукі. А гэта найлепшы доказ шчырай любові і вялікай пашаны.
Моцная сям’я – аснова грамадства і дзейсны стымул для росквіту краіны. Прыкладам такіх сапраўдных, правераных часам саюзу для маладых у Дайлідках з’яўляюцца сем’і Мар’яна і Марыі Захарэўскіх, Генадзя і Ірыны Алёхна, Алега і Рэгіны Максімавых, Казіміра і Тэрэсы Варановічаў, Станіслава і Алены Барташэвічаў, якія шмат гадоў жывуць у згодзе, плённа працуюць і ўтрымліваюць у парадку сваю гаспадарку.
Дайлідская зямля – калыска шчырых, добразычлівых людзей і руплівых гаспадароў. З даўніх часоў тут жыве прымаўка: “Якія мы гаспадары – такія нашы і двары”. У конкурсе на лепшае падвор’е, які праводзіўся напярэдадні свята, журы аддало перавагу дварам Марыі Вянгроўскай і Мікалая Мачаля. Пераможцы атрымалі ўзнагароды і музычныя падарункі.
Напрыканцы свята былі падведзены вынікі конкурсу дзіцячых малюнкаў, пераможцы якога таксама былі ўзнагароджаны.
Свята вёскі ў Дайлідках закончылася, але цёплыя і прыемныя ўспаміны аб ім будуць саграваць жыхароў вёскі яшчэ доўга.
---------------------------------------
Іван ПЕТРЫК, фота аўтара.
