Такими соломенными ангелочками наши бабушки и дедушки украшали ёлку

Дырэктар Астравецкага Дома рамёстваў Тамара Іванаўна Гаваноўская прапаноўвае “ажывіць” упрыгожванні, якімі аздаблялі ёлку нашы бабулі і дзядулі напачатку ХХІ стагоддзя і якімі, можа быць, карысталіся яшчэ раней іх бабулі і дзядулі.

Калі вы не ўмееце плесці, то лепш не брацца за складаныя формы: званочкі, шышкі, птушкі і сняжынкі. “Анёлкі” – вось той варыянт, за які можа спакойна брацца і дарослы, і дзіця. А яшчэ лепш бацькам з дзецьмі тварыць разам!
Для стварэння саламянага анёлка нам спатрэбяцца нажніцы, ніткі чырвонага або іншага колеру (усё залежыць ад жадання і фантазіі), пацеркі, стужкі, клей і, канешне, саломка.
Перш чым прыступаць да работы, саломку трэба запарыць або замачыць у цёплай вадзе на 5-7 хвілін. Калі “золата” гатова для пляцення, не прамаруджвайце, а прыступайце да творчасці!


Крок 1. Бяром 5 саломінак сярэдняй таўшчыні, якія маюць даўжыню не менш за 20 см, і перагінаем па цэнтры. На месцы схілу фарміруем галоўку анёлка (прыкладна 1-1,5 см) і завязваем ніткай.


Крок 2. Бяром яшчэ 5 такіх жа саломінак даўжынёй 10 см, каб зрабіць крылы будучаму жыхару ёлкі. Не перагінаючы папалам, саломінкі перавязваем ніткай пасярэдзіне – і прыдаём форму. Можна пераплесці крылы анёлка праз адну саломінку стужкай або ніткай, а потым падправіць форму нажніцамі.


Крок 3. Саломінкі першага пучка разбіраем напалову і прыкладваем крылы. Ад галавы анёлка адступаем прыкладна 1-2 см і перавязваем ніткай, каб сфарміраваць тулава.


Крок 4. Фарміруем “крылатаму” спаднічку, дзе трэба – падразаем і аздабляем яе стужкамі, пацеркамі.


Крок 5. Асцярожна працягваем нітку ў тым месцы, дзе размяшчаецца галава анёлка, злучаем два канцы і завязваем.
Засталося толькі “прапісаць” рукатворнага анёлка на ёлцы!


Запісала Алена ГАНУЛІЧ.