Мова наша такая...
На мінулым тыдні адзначаліся дзве знамянальныя падзеі: 21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы, а 19 лютага – Дзень нараджэння Казіміра Сваяка.
“Колькі разоў думаў я аб тым глыбока, чаму наша мова не займае месца, якое належыць ёй паводле ліку тых, што ёй гамоняць, – чаму, з другога боку, перастаюць дзе-нідзе любіць яе нашы сялянцы, – чаму яна кідаецца праз усіх, што адзеліся ў чорныя вопраткі?...
Сумны заўсёды выходзіў адказ: мы самі вінны. Мова наша адналітная, але мы падзяліліся і ідзём, хто куды, забываючыся бацькоўскага звычаю. Мова наша стройная, харошая, але мы перасталі адчуваць гэта хараство, шукаем яго ў чужым народзе. Мова наша гарманічная, хоць “простая”, – толькі мы скрывіліся ў душы сваёй, захварэлі на “паноў” і дзеля таго аддалі яе на здзек сваяком і чужынцам.
Благаслаўлю час, у каторым мы аглянуліся і зразумелі пекнасць, хараство мовы роднае, узяліся падняць яе жывую з дамавіны грабавой, даць ёй належнае месца і права, не стыдацца яе нідзе і ніколі, увесці яе ў паўсюднае жыццё сваё, пачынаючы ад найменьшага (хоць бы лістоў беларускіх), а канчаючы на стварэнні формы, у каторай можна было б перадаваць рэлігійныя мыслі, перажыванні: рэлігійнае жыццё. Мэта вельмі далёкая, але ў правох здаровай логікі, поступу і справядлівасці” (Казімір Сваяк).
Напэўна, калі наш слынны зямляк пісаў гэтыя радкі, ён і ўявіць сабе не мог, што і праз сто гадоў, нам, сённяшнім, як ніколі патрэбна і важна ягонае благаславенне на пераможнае змаганне за размову, за яе “…месца, якое належыцца ёй паводле…здаровай логікі, поступу і справядлівасці.”
Свята роднай мовы прыходзіць штогод да нас на Астравеччыну амаль дзень у дзень з днём нараджэння чалавека, які выканаў высакародную місію – несці слова Божае, святло хрысціянскай веры, – на слове народа, якому служыў самаахвярна. Які паклаў на алтар духоўнага нацыянальнага адраджэння сваё маладое кароткае і яркае, як успышка маланкі жыццё.
Постаць К. Сваяка і праз стагоддзе энэргетыкай яго зямнога жыцця генерыруе ідэі здабыцця беларускай мовай пачэснага ганаровага звання гаспадыні ў сваім доме. Да прыкладу – ідэю адкрыцця ў Астраўцы этнашколы, якой можна было б надаць імя К. Сваяка. Гэта наш, лічу, святы абавязак і ўдзячнасць за подзвіг слыннага земляка на ніве духоўнага, моўнага ўзыходжання нашага народа да вяршынь хрысціянскіх каштоўнасцей. Ён бачыў наш край рыгожым у сваёй аўтэнтычнасці. Марыў бачыць прыгожымі людзей: багатымі душой, талентамі, вольных і шчаслівых, заможных і адукаваных. А напачатку, натуральна, бачыў культурніцкую, рэлігійную асвету, беларускае школьніцтва. Тое, чаму прысвяціў сябе апантана, усяго – без рэшты, што было сэнсам яго жыцця, – якое з’яўляецца ўзорам служэння роднай зямлі, землякам – бліжняму свайму.
Гэта можа быць незвычайная школа, аналагаў якой няма. Ёсць школы з паглыбленым вывучэннем замежных моў, музыкі, харэаграфіі,выяўленчага мастацтва і г.д. Напэўна, мае сэнс існаванне школы канкрэтнай прафарыентацыі ў сферы захавання нашай духоўнай нацыянальнай, па сутнасці, хрысціянскай ментальнасці, зберажэння моўнай і матэрыяльнай культуры, культуры сацыяльнай і экалагічнай. Умення жыць ёю, дыхаць ёю, прэзентаваць усяму свету свой прывабны “прадукт” і мець з гэтага хлеб надзённы. “На выхадзе” будзем мець адукаванага чалавека, гатовага да сямейнага, грамадскага і прафесійнага жыцця. Так, гэта школа з прафарыентацыяй на этна-турызм – сферу прывабную, цікавую, практычна карысную для будучага сацыяльна-эканамічнага і духоўнага жыцця выпускнікоў.
Мяркую – гэта перспектыўная і вартая ўвагі ідэя.
----------------------------
Наталля Паўловіч.
Фота з сайта embassybel.ru.