Согревали душу романсами
1
Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў традыцыйна радуе астраўчан канцэртамі сваіх выкладчыкаў і выхаванцаў – як правіла, прымеркаванымі да заканчэння навучальнага года ці нейкіх свят. А на гэты раз гасцей запрасілі на “сустрэчу з цудоўным” без усялякай нагоды – проста таму, што доўгімі халоднымі лістападаўскімі вечарамі хочацца сагрэць не толькі цела, але і душу…Прызнацца ў любові “цудоўным гукам рускага раманса” вырашылі артысты, чые імёны ведае, бадай, кожны ў Астравецкім раёне – і юныя выканаўцы, якія пакуль толькі вучацца гэтаму мастацтву.
Агеньчык запаленай свечкі… Кветкі на століку… Утульнае крэсла… Вытанчаныя строі і прыемны голас вядучай… Усё гэта настройвала на камерны, рамантычны вечар. Скажу, забягаючы наперад: надзеі спраўдзіліся!
Што такое раманс? Адкуль ён з’явіўся? Хто і як іх пісаў і выконваў? Чаму гэтыя простыя па сваім змесце песні так палюбіліся і арыстакратычнай публіцы, і простаму люду? Пра ўсё гэта расказвала гасцям, якія сабраліся ў той вечар у актавай зале дзіцячай школы мастацтваў, вядучая.А яе заварожваючы маналог перамежваўся музыкай. Юныя дзяўчаткі Насця Веська, Аліса Шадура, Маша Марцінчык, Ксенія Кумішча так кранальна-старанна, з такой любоўю выконвалі кожны твор, што не маглі не расчуліць гледачоў!
А іх настаўнікі здолелі крануць іншыя, больш глыбокія струны душы: слухаючы ў іх выкананні класічныя рамансы, хтосьці ўзгадаў нешта сваё, запаветнае – мары, спадзяванні, расчараванні; іншым сустрэча з “цудоўным гукам рускага раманса” навеяла рамантычны настрой; трэція не маглі стрымаць хвалявання, душэўнага трымцення, успомніўшы, як цудоўна некалі выконвала гэты твор матуля ці бабуля, лепшая сяброўка ці любімая артыстка…
Ёсць у музыцы нейкая чароўная магія, якая абуджае патаемныя струны душы. Асабліва, калі яе выконваюць такія прафесіяналы сваёй справы як Аксана Баршэвіч, Сяргей Сяўко, Данута Блашкевіч, Таццяна Канчанін, Ірэна Волчэк. А што душа можа спяваць і без слоў, пераканалі Аксана Сяўко і Вацлаў Вадкевіч: гітарныя струны пад дотыкам іх пальцаў для кожнага гледача складалі сучасныя рамансы аб пражытым і перажытым… І аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам Надзеі Шарэйка прадэманстраваў, што пад яго акампанемент цудоўна гучаць не толькі народныя і эстрадныя песні, але і вытанчаныя рамансы…
апладысменты, кветкі, воклічы “Брава!” і “Біс”, бясконцыя падзякі артыстам за хвіліны сустрэчы з цудоўным…
І ціхі сум на сэрцы, калі дзверы ў храм мастацтва зачыніліся – і вытанчаную гармонію музыкі змяніла какафонія вечаровага горада…І жаданне, вярнуўшыся дамоў, залезці з нагамі на канапу, захутацца ва ўтульны плед і, запаліўшы свечку, паставіць любімы дыск – і няхай увесь свет адпачне разам з табой…
І мара, што гэтая сустрэча з чароўным светам музыкі ў такім вось камерным, амаль што хатнім фармаце – не адзіная і не апошняя…
--------------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота аўтара і К. СЯРГЕЙ.
