С Днём матери островчанок поздравляла минская группа "Карусель"
У Дзень маці раённы аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі падарыў усім жанчынам горада, і не толькі ім, сустрэчу з песняй: з канцэртам “Залатыя песні” да іх завітала мінская група “Карусель”.Канцэрту папярэднічала віншаванне з галоўным жаночым святам, з якім ад імя ўладных структур раёна выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук.
З віншаванняў пачала сваё выступленне і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Н.А. Рыбік. Хоць у Ніны Аляксееўны ў гэты дзень была і яшчэ адна досыць прыемная місія: разам з Вольгай Анатольеўнай Клімавай яна ўручыла дыпломы і падарункавыя сертыфікаты ад магазіна жаночага адзення “Індзіга” пераможцам фотаконкурсу “Місіс Астравеччыны”, які на працягу верасня праходзіў на сайце “Астравецкай праўды”. Падзячнымі пісьмамі і падарункамі былі адзначаны і жанчыны, якія прынялі актыўны ўдзел у прадстаўленні Астравеччыны на рэспубліканскім семінары грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, які напрыканцы верасня прайшоў у Гродне.
…А затым усіх закружыла ў віхуры песень мінулых гадоў і сучасных кампазіцый “Карусель”. Харызматычныя артысты прымусілі павесяліцца і пасумаваць, узгадаць маладосць і задумацца пра сённяшні дзень…
---------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.
