Работники культуры отметили профессиональный праздник

У нядзелю работнікі культуры адзначалі сваё прафесійнае свята.

А напярэдадні ў кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай падзеі. Упершыню за апошнія гады работнікі культуры Астравеччыны сабраліся разам не для таго, каб падарыць добры настрой іншым людзям, а каб павіншаваць... саміх сябе. Традыцыі адзначаць прафесійнае свята работнікаў культуры ў нас не было – звычайна ў гэты дзень артыстам даводзілася працаваць, арганізоўваючы свята для іншых.

А што трэба для таго, каб наладзіць свята для сябе? У першую чаргу – жаданне, а яшчэ – ганаровыя госці, падарункі, прыемныя нечаканасці, добры настрой… Усяго гэтага спаўна хапала на “культурным” свяце, і таму настрой ва ўсіх, хто сабраўся ў той дзень у кінаканцэртнай зале, быў прыўзняты.

Віншаванні работнікам культуры адрасавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Э. Тальчук, намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама Н.У. Сянюць і былы начальнік аддзела культуры Данута Францаўна Чарнушэвіч.

А яшчэ былі ўзнагароды, кветкі ветэранам і прыняцце ў рады работнікаў культуры маладых спецыялістаў. Гучалі добрыя песні і кампазіцыі. Не абышлося без танцаў у выкананні супрацоўнікаў дзіцячай школы мастацтваў і работнікаў культуры. Словам, свята атрымалася прыемным.

--------------------------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.