Работа районного Дома культуры: ракурсы
Ад некаторых людзей можна пачуць, што раённая “культура” працуе не на поўную магутнасць. І часцей за ўсё сваё незадавальненне выказваюць якраз тыя, хто не прыходзіць на канцэрты і мерапрыемствы. Між тым супрацоўнікам РДК ёсць што паказаць.Нягледзячы на нараканні незадаволеных, у дырэктара РДК Ірыны Іванаўны Расамацкай, якая ўзначальвае ўстанову толькі другі год, шмат планаў і задум. Жанчына шчыра прызнаецца, што пераход на гэтую пасаду даўся ёй не проста. Стаж работы ў яе – чвэрць стагоддзя, і 23 гады яна адпрацавала на вёсцы, радавала вяскоўцаў ігрой на баяне і сваім пранікнёным голасам. З пасадай кіраўніка жанчына прыдбала не толькі праблемы гаспадарчага плана, але і адказнасць за ўвесь калектыў. Часта даводзіцца працаваць без выхадных і пасля таго, як заканчваецца рабочы час. Перыяд адаптацыі, як сцвярджае Ірына Іванаўна, прайшоў у “лёгкім шоку”. Жанчына вельмі ўдзячна Паўлу Букелю, Наталлі Янкоўскай, Аляксандру Ляху – спецыялістам, што прыйшлі на працу разам з ёй і дзякуючы якім атрымалася стварыць сапраўдную каманду.
У раённым Доме культуры кожны чалавек адказвае за свой сектар. Маладыя спецыялісты набываюць вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэце культуры – пагэтаму пытанняў па праблемах самаадукацыі не паўстае.
Пры РДК адкрыта аддзяленне па рабоце з моладдзю, якое ўзначальвае Руслан Юргелянец. Дзейнічае народны хор ветэранаў – удзельнік шматлікіх фестывалей і канцэртаў. Хор “Польскае рэха Астраўца” сваімі выступленнямі пакарыў не толькі раённую сцэну, але і міжнародныя. Чароўнымі рухамі танцавальны калектыў “Нон-стоп” пад кіраўніцтвам Наталлі Янкоўскай не пакідае абыякавым ні аднаго гледача. Анастасія Ляховіч дзеліцца ўласным вопытам вакальных спеваў з падрастаючым пакаленнем…
План пазабюджэтнай дзейнасці раённага Дома культуры на 2012 год складаў 96, 3 мільёна рублёў, а зарабілі 177 мільёнаў рублёў. Былі набыты настольныя гульні “Хакей”, “Футбол”, размешчаныя на першым паверсе РДК, якія карыстаюцца папулярнасцю ў дзяцей і моладзі. Да лета плануецца набыць батут і электрамабілі і размясціць іх у лесапаркавай зоне.
Ірына Іванаўна адчувае сябе равесніцай са сваімі калегамі, таму што працуе ў маладым калектыве. “Касцяк” каманды месціцца ў адным кабінеце. Вядома, знаходжанне дзесяці чалавек у межах аднаго пакоя выклікае нязручнасці. Многім
адначасова патрэбен камп'ютар, а ён адзін на ўсю ўстанову. Не хапае спецыяльнага памяшкання для заняткаў вакалам, таму што ў кіназале “Астравец” “не тая” акустыка. Адсутнічае зала для рэпетыцый.
– Нягледзячы на нязручнасці тэхнічнага плана, мерапрыемстваў мы праводзім шмат, – расказвае Ірына Іванаўна. – Не бачны яны тым, хто іх не наведвае. Людзі сталі больш пасіўнымі: сядзяць дома перад тэлевізарам і скардзяцца, што ў нас нічога не праводзіцца. А мерапрыемствы праходзяць у напалову пустой зале...
А ўвогуле, я вельмі ўдзячна сваёй камандзе – людзям, якія сапраўды захоплены справай.
ДРУГОЕ ДЫХАННЕ НАРОДНАГА ТЭАТРА
Народны тэатр, што створаны пры раённым Доме культуры, у хуткім часе павінен пацвердзіць званне народнага. Аматары драматычнага мастацтва могуць паглядзець тэатральныя мініяцюры на канцэртах.
Пра перспектывы раённага тэатра нам расказаў культарганізатар аддзела на рабоце з моладдзю Павел Букель .
– Павел, скажыце, калі ласка, у якім выглядзе зараз існуе народны тэатр?
– З–за цякучкі кадраў народны тэатр прадстаўлены творчым калектывам “Не возражая” пад маім кіраўніцтвам. Дарэчы, наш калектыў ўзняўся на трэцюю прыступку ў намінацыі “Камедыйна–сатырычны твор” абласнога агляду-конкурса выканаўцаў размаўляльнага жанру.
– Спектакль “Калядны вечар”, пастаўлены групай энтузіястаў па п’есе Ніны Аляксееўны Рыбік, з вялікім поспехам гастралюе не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. А чаму РДК не можа “пахваліцца” пастаноўкамі такога кшталту?
– Маштабныя пастаноўкі зрабіць не атрымліваецца. Павінен быць чалавек, які будзе займацца толькі тэатрам. Я ж адказваю за сцэнарыі мерапрыемстваў і ўдзельнічаю ў кожным канцэрце, а гэта – час, якога не хапае на ўсе задумы.
Хачу крыху прыадкрыць таямніцу: з’явіўся чалавек, які збіраецца “адрадзіць” тэатр. Не хочацца называць імёны, пакуль справа да канца не вырашана. І мы хутка пачнём рэпетыцыі сатырычнага спектакля, які астраўчане змогуць пабачыць бліжэй да лета.
– Павел Генадзьевіч, а як вы адносіцеся да крытыкі?
– Крытыка не заўсёды бывае аб’ектыўнай. Але яна патрэбна для прафесійнага росту, таму што, калі ты будзеш лічыць сябе “зоркай” – далейшы рух немагчымы. Увесь час намагаюся працаваць над сабой, знаходзіць штосьці новае.
– Якім вы бачыце народны тэатр у далейшым?
– Мне здаецца, што маладзёжны напрамак – іранічныя камедыі, “лёгкія” пастаноўкі – будуць карыстацца папулярнасцю. Менавіта сатырычны жанр дазваляе паказаць хібы чалавека і грамадства з усмешкай.
Было б добра, каб да нас прыходзілі людзі, зацікаўленыя ў мастацкай самадзейнасці – тады, магчыма ў народнага тэатра адкрыецца другое дыханне.
АЛЯКСАНДР_MC
З мая 2012 года ў РДК з’явіўся новы вядучы дыскатэк – Аляксандр Лях. Малады чалавек удзельнічаў у канцэрце 9 Мая, дзе кіраўніцтва прыкмеціла здольнага юнака і прапанавала паспрабаваць сябе ў ролі вядучага.
Малады чалавек прызнаецца, што сучасную моладзь складана зацікавіць: ахвочыя паўдзельнічаць у конкурсах, што праводзяцца на дыскатэках, знаходзяцца з цяжкасцямі. Моладзь не прывыкла да таго, што вядучы “размаўляе з народам”, нягледзячы на тое, што ў сталіцы вядучы МС – штодзённасць (МС – ад англ. “master of ceremonies”). Карыстаюцца папулярнасцю тэматычныя дыскатэкі: весела і масава прайшлі “Вясёлая школа”, “Halloween”, “Лета
Good bye”.
Кожны месяц спецыялісты раённага Дома культуры запрашаюць да нас на гастролі артыстаў. Зоркі расійскай эстрады патрабуюць вялікія ганарары, пагэтаму ў Астравец прыязджаюць у асноўным беларускія выканаўцы.
Але часам даводзіцца адмяняць канцэрты, таму што білеты застаюцца нерэалізаванымі. Прыцягнуць увагу з дапамогай афіш, флаераў, рэкламы ў газеце не заўсёды атрымліваецца.
Аляксандр Лях прызнаўся, што яны спрабуюць прыцягваць разнапланавых артыстаў, каб задаволіць патрэбы і моладзі, і людзей сярэдняга ўзросту.
Малады чалавек удзячны лёсу, які прывёў яго ў культуру, таму што праца, якая прыносіць задавальненне, а не толькі прыбытак, дорага каштуе.
------------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.