Прыватная тэрыторыя Алеся Сушы
Сапраўдныя мастакі – небажыхары. Напаўбогі, якім падуладны час і прастора. І без дапамогі Фаўста яны ўсяго некалькімі ўзмахамі пэндзля здольны спыніць імгненне, агаліць сутнасць, вычленіць з існасці стоп-кадры, перад якімі мы, людзі з вузка спектральным зрокам, трацім дар мовы, забываемся дыхаць…З Алесем Сушам давялося пазнаёміцца на мастацкім пленэры, які ў 2007 годзе ладзіўся ў Дайноўцы.
Тады чакалася многа мастакоў: Бірутэ Куцкайтэ, Алег Аблажэй, Эдуард Мацюшонак, сёстры Стурліс, Аляксандр Буйвідовіч… Але ўсе яны – свае, іх адсутнасцю зручнасцей не здзівіш – у літаральным сэнсе спалі на саломе падчас Лакцянскага пленэру.
Непакоіў прыезд мэтраў – Алеся Сушы і Кастуся Качана. Гэтыя мастакі ехалі да нас упершыню, былі шырока вядомымі і агульнапрызнанымі. Таленавітыя і “раскручаныя”, з “прапіскай на пастаяннае месца жыхарства” на вяршыні беларускага жывапіснага Алімпу, яны прывыклі да поспеху і, як следства, да камфортнага існавання. Як яшчэ успрымуць спартанскія ўмовы дзіцячага летніка “Ластаўка”?..
…Яны і сапраўды выйшлі з машыны крыху венцаноснымі. Незадаволенымі апрыёры. Асабліва Кастусь. Абышлі ўсе дамкі, адразу ж выказваючы прэтэнзіі. Потым з некалькіх прапанаваных пакояў выбралі найбольш ім адпавядаючы, расклалі там свае эцюднікі-фарбы-пэндзлі – і прыйшлі знаёміцца.
Расповед пра трагічны лёс Льва Дабжынскага, якому і быў прысвечаны пленэр, успрынялі без асаблівай зацікаўленасці. Ветліва паспачувалі – не больш.
А ноччу прыехала з Гданьска прафесар Гэлена Глагоўская і прывезла рэпрадукцыі 12 работ Льва. Дарагіх, зазначым, рэпрадукцый, зробленых высакакласным польскім майстрам. Мы сабраліся ўсе ў адным пакоі, ледзь не да раніцы размаўлялі, пілі гарбату, у захапленні ківалі галовамі, разглядваючы карціны Дабжынскага. Мэтры са свайго пакоя так і не выйшлі…
Раніцай прывезеныя Гэленай рэпрадукцыі мы выставілі ў імправізаванай выставачнай зале – у верандзе дамка. Мэтры, кіруючыся на снеданне, на іх натыкнуліся, і… іх венцаноснасць раптам знікла. “Алесь, дык гэта ж узровень! А я пра такога мастака і не ведаў…” “І я бачу яго работы ўпершыню…” Заходзячы з розных бакоў, яны “лавілі” святло, выбіралі кропку, з якой, на іх прафесійную думку, аўтар хацеў, каб разглядвалі яго карціны… Знайшлі нават памылку – цені ў карціне “Стары дом” Леў паклаў у розных накірунках…
І пленэр “лёг” у нармальнае рэчышча.
Кожную раніцу мастакі спяшаліся “на натуру”, а вечарам у нашай “выставачнай зале” ладзіліся “агледзіны” – мы абмяркоўвалі зробленыя за дзень “шэдзеўры” (транскрыпцыю захоўваю спецыяльна – так мастакі наўмысна заніжалі свае дасягненні). І такім занябесным быў узровень іх таленту, што нават перад наспех зробленымі эцюдамі можна было стаяць бясконца. Успрымаючы і асэнсоўваючы…
Энергетыка пейзажных работ Алеся Сушы неверагодная. Вулканічны выбух эмоцый. Вар’яцкая гульня аголеных нерваў. А яго шырокія рэзкія мазкі – нібы ўдары. Наводмаш, не думаючы аб наступствах. “Алесь не лашчыць натуру – ён яе ўтаймоўвае. Правакуе. Падштурхоўвае да супрацьстаяння. Таму, напэўна, нават у самых, здавалася б, звычайных пейзажах Сушы бунтарскі выгляд – “і на палатне натура змагаецца з мастаком за першародства…” – напісалася тады.
А з часам (дзякуючы дзядзьку інтэрнэту) удалося адкрыць для сябе зусім іншага Алеся Сушу. Лірычнага. Мяккага. Нават крыху таямнічага. У вышэйшай ступені інтэлігентнага. І вельмі-вельмі рознага…
Галерэя жаночых партрэтаў… Часта пазнавальных на асацыятыўным узроўні. Карціна “Ля парога” асацыіруецца з шакаладніцай Шардэна – той жа ракурс, тая ж падкрэслена прамая спіна. “На бале” – з інфантай Веласкеса. “Лета” – з таіцянкамі Гагена. “У кавярні” – з аматаркай абсенту Ван Гога… Пазнавальных і ўсё ж асаблівых, цалкам Сушаўскіх. І такіх немагчыма “настроенческих”! Як тургенеўская паненка з “Прагулкі”. Ці “Дзяўчына з лямпай”, цела якой – нібы празмерна сціснутая спружына, гатова выбухнуць невыноснасцю існавання…
Музычны гукарад… “Музыка № 2” з чырвонымі, як кроў душы музыканткі, кроплямі… Гэтыя кроплі, дарэчы, прысутнічаюць у большасці “музычных” карцін Сушы – для гледача яны як прадказальнікі зародкавых згусткаў мелодыі. Пастэльныя фарбы “Асенняй рапсодыі”, да прыкладу, “акрываўлены” тройчы. Дзяўчына з кантрабасам іграе механічна – аб гэтым гавораць яе барвовыя туфлі. У флейтысткі чырвань, нібы крылцы анёла, лёгкая і немудрагелістая. А вось скрыпачка грае сэрцам…
Большасць жаночых твараў выпісана схематычна. Думаю, гэта намеранае нівеліраванне індывідуальнасці, звядзенне канкрэтнай постаці да абстрактнага вобраза, да сімвала. І нежаданне аддаваць свету тое глыбокае, што падчас работы над карцінай непазбежна адкрываецца мастаку. Недапісанасць – гэта покрыва Махі, здольнае абараніць жанчыну ад празмерна цікаўных позіркаў. А яшчэ (несумненна!) гэта шчырае прызнанне мастака ва ўласным бяссіллі да канца зразумець жанчыну…
Жанравыя сцэнкі… Іх адчуваеш амаль што на смак. Вось “Рыбак”, які ачмурэў ад спёкі і напружанага назірання за паплаўком настолькі, што наваколле патроілася і распалася на пазлы… “Канікулы” – прывычны свет рыжай дзяўчынкі нізвёўся да адзінокага крэсла на пяску і кавалка паваленай агароджы. “Спявае Забэйда-Суміцкі”. “Вялікі Чацвер”…
А пейзажы… Нябёсы! Якія пранікнёныя пейзажы нараджаюцца пад пэндзлем Сушы! “Вясна на Нарачы” – ранняя, бунтарская, якую не спыніць. Яна – як жанчына, у якой пачаліся родавыя схваткі, і якой усё роўна, што робіцца навокал. “Зімовая рэчка”: снег падае нават не на карціне – недзе ў іншым вымярэнні, аддзяляючы гледача ад работы, не дазваляючы яму нават вачыма парушыць цнатлівасць зімовага сну…
У адзін з дзён пленэра-2007 Кастусь і Алесь малявалі астравецкі касцёл Космы і Даміяна. Гэта было ў канцы мая. Бэз і салаўі вар’яцелі ад салодкасці існавання. І кожны вечар у касцёлах і ля вясковых, упрыгожаных півонямі крыжоў на “маёвую” малітву збіраліся вернікі…
Набажэнства закончылася. Людзі высыпалі з астравецкага касцёла. І ўбачыўшы незвычайнае відовішча, падышлі паглядзець. І вядома, кожны лічыў патрэбным выказаць сваю адзнаку…
Большасцю галасоў “перамагла” работа Алеся Сушы. “Не радуйся асабліва, – напаўжартам пракаменціраваў сітуацыю Кастусь. – Як сказаў класік, калі тваю працу расхвалілі масы, значыць, ты зрабіў нешта не так…”
Не толькі масы… Не толькі на радзіме… Работы беларускага мастака Алеся Сушы даўно рассунулі межы краіны – персанальныя выстаўкі мастака адбыліся ў Берліне і Варшаве, у Брно і Празе, Маскве і Сопаце… Групавыя – у Бруселі, Парыжы, Зальцбургу, Вене.
У 2005 годзе Суша – удзельнік аўкцыёну Christie's у Лондане, на якім было прададзена некалькі яго работ. Яго карціны знаходзяцца ў музеях і прыватнай уласнасці жыхароў Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Літвы, Францыі, Італіі…
І гэта ў наш час усеагульнай перанасычанасці мастацтвам! Чым жа так неадольна прыцягваюць да сябе гледача работы Алеся Сушы? Напэўна, той рэдкай ступенню шчырасці, уласцівай хіба што дзецям і талентам з прыстаўкай “мега”. Той асаблівай філасофіяй, якая гняздзіцца ў ягоным сэрцы. Уменнем не проста ўбачыць, а адчуць і пражыць, каб пражытым падзяліцца потым з іншымі. Менавіта ў гэтым і заключаецца сэнс сапраўднага мастацтва.
КАРОТКАЯ ДАВЕДКА
Алесь Сямёнавіч Суша нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы ў Дамавіцк Чэрвеньскага раёна на Міншчыне. Жыве ў Мінску. Закончыў рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву ім. І. Ахрэмчыка, вучыўся на аддзяленні манументальнага жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Пасля арміі, тры гады працаваў у майстэрні Міхаіла Савіцкага.
У 1986 годзе скончыў мастацкую Акадэмію.
З 1991 года – член Саюза мастакоў СССР. Член Беларускага саюза мастакоў.
З 2009 года – старшыня секцыі манументальнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў.
у 2011 годзе – Лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».
--------------------
Ганна ЧАКУР.