Презентация книги Зоськи Верас состоялась в Островецкой библиотеке
У чытальнай зале Астравецкай раённай бібліятэкі адбылася літаратурна-музычная сустрэча з Міхасём Скоблам і салісткай Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццянай Грыневіч пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Госці з Мінска прэзентавалі кнігу Зоські Верас “Я помню ўсё”.Людвіка Сівіцкая пражыла амаль сто гадоў у хатцы-мазанцы ў Панарскім лесе. Са слоў Міхася Уладзіміравіча, не кожны жадаючы мог трапіць да Зоські Верас. Яна жыла ў атачэнні віленскага лесу, але заставалася цэнтрам прыцягнення для прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.
Зоська Верас была сакратаром на першым Усебеларускім з’ездзе. Пры яе дапамозе пабачыў свет “Вянок” Максіма Багдановіча. Яна рэдагавала і выдавала часопісы для дзяцей “Заранка” і “Пралескі”, для дарослых – што месячнік “Беларуская борць”, якім карысталіся пчаляры ўсёй Заходняй Беларусі. За ўласныя сродкі выдала зборнік Міхаіла Машары, пакуль той быў за кратамі. Да гэтага часу не існуе аналагаў “Беларуска-польскага-руска-лацінскага батанічнага слоўніка”, які стварыла гэтая маленькая, але такая моцная духам жанчына…
У кнігу Зоські Верас “Я помню ўсё” ўвайшлі яе ўспаміны пра Першую Сусветную вайну, сустрэчы з Багдановічам, віленскае жыццё 30-х гадоў, ліставанні з Ларысай Геніюш, Віталіем Скалабанам, Адамам Мальдзісам…
Таццяна Грыневіч з сынам Адасём пранікнёна выканалі песню “Явар з калінай” на словы Янкі Купалы. Матывы “Ave Maria” прымусілі кожнага, хто прысутнічаў у чытальнай зале, задумацца пра жаночы твар духоўнасці…
Хатка-мазанка, якую ад чужых вачэй хаваў Панарскі лес, трымала ў сутарэннях сваіх сценаў сапраўдны скарб: часопісы, пісьмы, рукапісы Зоські Верас… Полымя паглынала падатлівую паперу, апошнім чытачом стаў вецер, які з непамернай хуткасцю лістаў старонку за старонкай – бы страшыўся, што не паспее дачытаць…
Мінула 120 гадоў з дня нараджэння жанчыны, якая была сапраўдным светачам беларускай культуры. Кожны, хто прысутнічаў на прэзентацыі кнігі Зоські Верас у астравецкай бібліятэцы і пасля заканчэння імпрэзы акунуўся ў паслядажджовае гарадское жыццё – мог сказаць: “Я помню ўсё…” Ці хоць бы імкнуўся да гэтага.
----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота з сайта mosyto-yurist.ru.