Празднование Дня Победы завершилось музыкальной встречей у фонтана

А бліжэй да вечара свята перамясцілася ў цэнтр горада – аматары самадзейнага мастацтва мелі магчымасць адпачыць на стаўшай традыцыйнай музычнай сустрэчы “Ля фантана”.

Сонца грала на вясёлых струменях сваю мелодыю, непадалёк раскінуў абдымкі вялізны шацёр райспажыўтаварыства, прапаноўваючы ўсім жадаючым прахаладжальныя напоі і прысмакі на любы густ. Па дарозе імчала кавалькада аўтамабіляў... Але самадзейных артыстаў гэта ніколькі не бянтэжыла! “Кемяліна” і “Польскае рэха Астраўца”, раённы хор ветэранаў і работнікі Гудагайскага і Міхалішкаўскага сельскіх Дамоў культуры – кожны калектыў падрыхтаваў да свята Перамогі спецыяльную праграму.
Асабіста мне – як, думаецца, і многім іншым прысутным – хацелася, каб гэтым святочным надвячоркам над Астраўцом плылі мелодыі тых далёкіх і вялікіх дзён кшталту “Синий платочек”, “Вьется в тесной печурке огонь” і г.д. Каб бударажылі сваёй магутнасцю цудоўныя мелодыі ў выкананні духавога аркестра і людзі, забыўшыся на час і святочную стому, кружылі ў вальсе…
Арганізатары прыфантаннага канцэрта паставілі перад сабой іншую задачу: яго праграма складалася, галоўным чынам, з народных і забаўляльных песень. Што, напэўна, таксама правільна – Дзень Перамогі ўжо пераваліў свой апагей і, значыць, можна проста расслабіцца.
І людзі сапраўды расслабляліся: падпявалі, падсвіствалі, апладзіравалі. І рэдкі глядач не прытупваў ножкай – асабліва калі за справу браліся музыканты аркестра народных інструментаў раённай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Надзеі Шарэйка.
З пажаданняў: на будучае добра было б арганізаваць больш пасадачных месцаў – для гэтага дадаткова перацягнуць бліжэй да фантана лаўкі, якіх на гэтай алейцы нямала. Бо выстаяць на нагах дзве (а мо, і больш) канцэртныя гадзіны няпроста – таму, думаецца, і гледачоў у “Ля фантана” было няшмат.


------------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА і І. ПЕТРЫКА.