Поют юные дарования
21 мая ў зале Астравецкай школы мастацтваў сабраліся юныя і таленавітыя спевакі з Ашмян, Радуні Воранаўскага раёна,Астраўца і Астравецкага раёна, каб прыняць удзел у першым адкрытым рэгіянальным фестывалі “Вакальны капеж”.
Пакуль у фае праходзіла рэгістрацыя ўдзельнікаў, маленькія вакалісты рэпеціравалі на сцэне, папраўлялі прыгожыя строі і прычоскі. Некаторыя падыходзілі да сваіх кіраўнікоў, каб за пятнаццаць хвілін да пачатку конкурсу атрымаць апошнія парады і прафесійныя рэкамендацыі. Хваляваліся не толькі ўдзельнікі, але педагогі і мамы, якія ў гэты дажджлівы дзень прыйшлі падтрымаць сваіх дзетак.
Усіх прысутных прывітаў старшыня журы вакальнага фестывалю Сяргей Лявонцьевіч Сяўко, а яго намеснік Генрых Францавіч Волчак выказаў меркаванне, што з цягам часу фестываль стане традыцыйным і збярэ удзельнікаў не толькі з памежных раёнаў. У склад судзейскай каманды ўвайшлі педагогі Астравецкай школы мастацтваў Данута Міхайлаўна Блашкевіч і Таццяна Янаўна Канчанін і ашмянскі педагог Ганна Эдуардаўна Буйко.
Малодшая група сольнага выканання была прадстаўлена 12 дзяўчынкамі. Некаторыя з маленькіх выканаўцаў моцна хваляваліся, аднак нават тады, калі з галавы выляталі патрэбныя словы, знаходзілі ў сабе сілы прадоўжыць песню.
Чароўным голасам і мілагучнымі песнямі “Пасха ў госці да нас прыйшла”, “Вясёлая мышка” журы пакарыла Насця Сямёнава з Ашмянскай школы мастацтваў, якая стала першай. Другое месца заняла таксама таксама ашмянская дзяўчынка Аліна Айвазоўская: “Зберажэнне здароўя” і “Калыханка для мамы” не пакінулі раўнадушнымі ніводнага слухача ў зале. Віка Дзянісава, якой давялося адкрываць фестываль, таксама ўзнялася на другую прыступку з песнямі пра гномікаў і Чапліна. Саша Бойка з Ашмян і астравецкая выканаўца Аліна Гацук сталі трэцімі.
У старэйшай узроставай групе выканаўцы змагаліся ў дзвюх намінацыях – акадэмічнае і народнае выкананне. Першае месца журы адзінагалосна аддало Насці Бражыцкай з Ашмян за песню “Мой край” і “Дзівосны саксафон”, другое – Лізе Гарбачовай з Астраўца, якая цудоўна выканала песні “Жураўліная чарада” і “Вяснянка”. Трэцяе месца засталося за Наташай Дземідовіч. Музычны расповед дзяўчынкі пра ляснога аленя і калыханку мядзведзіцы спадабаўся ўсім слухачам.
У намінацыі “Народнае выкананне” першае месца не прысуджалі нікому. Карына Млынкоўская з Ашмян выступала ў суправаджэнні народнага ансамбля на родных інструментаў “Карусель”. Магчыма, падтрымка калег на сцэне і дапамагла дзяўчыне заняць другое месца. Трэцяй стала Карына Гудзінская з Гервят, якая пакарыла слухачоў у зале сваім моцным выкананнем беларускіх народных песень.
Гран-пры Першага адкрытага рэгіянальнага фестывалю дасталася вакальнай групе, якой кіруе Данута Міхайлаўна Блашкевіч. Першае месца ў намінацыі “Вакальны ансамбль” заняў ашмянскі ансамбль “Сугучча”, а другое раздзялілі “Юнацтва” з Радунскай дзіцячай школы мастацтваў і астравецкія “Чаравічкі”, якія былі адзінымі ўдзельнікамі ў малодшай групе.
Усе пераможцы атрымалі падарункі і граматы. Бумбокс, мікрафоны, флэш-карты, камп’ютарныя мышкі, сумкі для дыскаў дасталіся лепшым выканаўцам. А дзеткі, якім не пашанцавала ў гэты раз, атрымалі ў падарунак суцяшальныя прызы – блакноты і кнігу.
Генрых Францавіч Волчак, дырэктар Астравецкай школы мастацтваў, прызнаўся, што атрымаў цудоўныя ўражанні ад фестывалю, нягледзячы на тое, што былі няўвязкі арганізацыйнага характару. Некаторыя калектывы і выканаўцы не прытрымліваліся палажэнняў конкурсу, што і не дазволіла ім заняць прызавыя месцы.
Плануецца, што рэгіянальны фестываль будзе праходзіць не радзей, чым раз у два гады, і “Вакальны капеж” аб’яднае таленавітых дзетак з усёй вобласці.
________________
Алена ГАНУЛІЧ,
фота аўтара
