"Польское эхо Островца" с успехом выступило в Вильнюсе
Калі ад хору “Польскае рэха Астраўца” паступіла прапанова з’ездзіць у Вільнюс на штогадовы традыцыйны кірмаш Казюкі, доўга не думала – ну як не скарыстацца такой магчымасцю?З дзяцінства – а тады межаў паміж нашымі дзяржавамі не было – мне запомніліся літоўскія кірмашы. У маёй памяці трывала захаваліся ўспаміны пра вербачкі і плеценыя з лазы кошыкі, якія тут можна было набыць. І цікава было паглядзець, чым здзівяць Казюкі цяпер.
Штогод у першыя выхадныя дні вясны вуліцы Старога Вільнюса ператвараюцца ў Горад майстроў – у пачатку сакавіка адзначаецца дзень Святога Казіміра – сына польскага караля Казіміра Вялікага. Нягледзячы на каралеўскае паходжанне, Казімір быў добрым майстрам – рабіў бочкі, а з надыходам вясны выстаўляў іх на продаж. Менавіта з тых далёкіх часоў і ідзе традыцыя правядзення кірмашоў, прысвечаных апекуну Літвы і літоўскіх рамеснікаў Казіміру, які так і называецца – “Кірмаш Казюкаса”. На кірмаш з’язджаюцца рамеснікі з самых розных краін – сёлета гандлёвыя плошчы занялі 17 кіламетраў вуліц старога горада. Уяўляеце, колькі людзей прадставілі тут тварэнне сваіх рук?!
– Я не раз была на кірмашы Казюкаса ў Вільнюсе. Гэта такія неперадаваемыя пачуцці! Вялікая колькасць рамеснікаў, якія прадаюць рэчы, вырабленыя сваімі рукамі, песні і танцы прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей – усё вельмі цікава. І таму яшчэ ў мінулым годзе ў мяне з’явілася думка адправіцца на кірмаш разам з нашым польскім хорам. Мы ўжо не першы год супрацоўнічаем з Міжнароднай грамадскай арганізацыяй «Клуб Гервячай» – і сёлета, калі яго старшыня Альфонсас Аўгуліс запрасіў прыняць удзел у літоўскім кірмашы, мы з задавальненнем адгукнуліся на яго прапанову, – расказвае старшыня Астравецкага аддзела Саюза палякаў на Беларусі Тарэса Мацвееўна Мароз.
На кірмашы ўражвае багацце выбару тавараў – на розны густ і кашалёк. Вырабы з жалеза і гліны, скуры, саломы і дрэва, упрыгожванні з камянёў, адзенне з шоўку і лёну – хіба ўсё пералічыш? Гэта трэба ўбачыць на свае вочы!
Немагчыма адарвацца ад вербачак, якія з’яўляюцца галоўным атрыбутам кірмашу Казюкаса. Вялікія, розных колераў, з палявых траў і саломкі – яны прывабліваюць і зачароўваюць. І амаль ніхто не адыходзіць ад латкоў з такімі таварамі з пустымі рукамі – нягледзячы на тое што іх кошт крыху “кусаецца”: у залежнасці ад памеру цана вербачкі вагаецца ад аднаго еўра да дваццаці. Карыстаюцца попытам у пакупнікоў і букеты з засушаных пафарбаваных кветак і галінак, а таксама вырабы з лазы – кошыкі розных памераў і колераў, скрыначкі і шматлікія ёмістасці, якімі можна карыстаццца ў доме.
А паміж палаткамі з вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – гандлёвыя месцы гандляроў мясам, рыбай, сырамі, выпечкай. Духмяны водар пернікаў і абаранкаў, якія таксама лічацца атрыбутамі гэтага кірмашу, разносіцца па наваколлі. І нават дарослыя (што ўжо казаць пра дзяцей!) не адыходзяць ад латка, не купіўшы рознакаляровы пернік. А колькі жадаючых паласавацца нацыянальнымі літоўскімі стравамі, згатаванымі на свежым паветры – жамайчу, цэпелінамі, кукурузай з мясам, шашлыкамі, падсмажанымі на вілах! А гарачае піва з мёдам! Спрабавалі? Не? Многа страцілі!
Рамеснікі Літвы і сёння вераць: як гандаль ідзе на Казюкі, так і на працягу года будзеш зарабляць. Таму гандляры любымі спосабамі стараюцца прывабіць пакупніка.Сёлета, дзякуючы раённаму аддзелу Саюза палякаў на Беларусі і Міжнароднай грамадскай арганізацыі «Клуб Гервячай», пабывалі на кірмашы і астравецкія ўмельцы: спецыялісты цэнтра культуры і народнай творчасці выставілі ў Вільнюсе сплеценыя з саломкі чаравічкі, шкатулкі, саламяныя кветкі і вербачкі, а таксама кветкі, зробленыя з лістоў кукурузы, – такая прыгажосць была толькі ў нашых умельцаў. І жадаючых набыць вырабы астраўчан было нямала.
Асаблівасцю кірмашу Казюкаса з’яўляецца і тое, што ля гандлёвых падвор’яў часта збіраюцца музыкі, якія забаўляюць пакупнікоў. Хтосьці іграе на дудзе, іншыя – на гармоніку, гітары і нават на барабанах. І тады людскі паток на нейкі час спыняецца – і ты трапляеш у палон музыкі самых розных стыляў і накірункаў.
На адну з такіх канцэртных пляцовак некалькі раз за дзень выходзіла і астравецкае “Польскае рэха” са сваім багатым рэпертуарам – сёння наш хор выконвае песні на беларускай, польскай, рускай і нават літоўскай мовах.
Слухачы не толькі шчодра ўзнагароджвалі астравецкіх артыстаў апладысментамі, але і заказвалі песні – і прасілі паспяваць менавіта па-беларуску. І астравецкія палякі з задавальненнем “бісіравалі”. Як потым аказалася, сярод пакупнікоў, якія сталі яшчэ і слухачамі, было нямала выхадцаў з Беларусі, якія помняць беларускія песні з дзяцінства, і тых, хто прысутнічаў на конкурсе “Песні Памежжа”, што праходзіў у Літве ў мінулым годзе. А якую папулярнасць у замежных наведвальнікаў кірмашу – а нам давялося сустрэцца з французамі, немцамі і англічанамі – выклікалі астравецкія артысты! Не раз давялося ім пазіраваць у сваіх шыкоўных уборах перад фота- і відэакамерамі.
– Наш калектыў задаволены паездкай. Заўсёды вельмі цікава пазнаёміцца з новымі людзьмі, паглядзець, як арганізоўваюцца фестывалі ў суседняй краіне. Дарэчы, ужо некалькі гадоў запар Казюкі праходзяць і ў Гродна. І таму цікава было правесці паралелі, – расказвае Тарэса Мацвееўна Мароз. – Акрамя таго, падчас размовы са старшынёй Міжнароднай грамадскай арганізацыяй «Клуб Гервячай» Альфонсасам Аўгулісам узнікла думка прадоўжыць супрацоўніцтва не толькі ў культурным накірунку, але і арганізаваць экскурсіі па суседняй краіне для ўдзельнікаў “Польскага рэха Астраўца”. Спадзяюся, што ў хуткім часе мы зможам ажыццявіць задуманае.
Кірмаш Казюкаса ў Літве доўжыцца тры дні. Астравецкія палякі правялі на ім толькі адзін – але і гэтага хапіла, каб у чарговы раз упэўніцца, што не толькі ў сваёй краіне, але і за межамі цэняць таленавітых і майстравітых беларусаў.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
