"Польскае рэха Астраўца" встречали аплодисментами на фестивале "Аўгустоўскі канал у кальтуры трох народаў (беларусаў, палякаў і літоўцаў)"
Хор “Польскае рэха Астраўца”, што не адзін год плённа дзейнічае пры раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”, 23-24 жніўня на традыцыйным адкрытым фестывалі “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў (беларусаў, палякаў і літоўцаў)” сябе паказаў удала. Упершыню за ўсю гісторыю гэты фестываль прайшоў на тэрыторыі дзвюх краін – Беларусі і Польшчы.
Тарэса Мацвееўна Мароз разам з астравецкімі палякамі прывезла дадому добры настрой і дыпломы за подпісамі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама Ігара Лябецкага і бурмістра горада Аўгустава Казімера Кажухоўскага.
Эпіцэнтрамі народнай творчасці, як песеннай, так і рамесніцкай, сталі беларуская Дамброўка і польскі Аўгустаў (да кампаніі не хапіла толькі літоўскага горада). Аднак выканаўцы і калектывы яскрава і самабытна прадстаўлялі тры народы – беларусаў, палякаў і літоўцаў, якія мірна і дружна суіснуюць і на тэрыторыі нашага раёна.
У святочнай цырымоніі адкрыцця фестывалю прынялі ўдзел і астравецкія палякі. Старшыня Астравецкай раённай арганізацыі ГА “Саюз палякаў на Беларусі” Тарэса Мацвееўна Мароз разам з іншымі прадстаўнікамі нацыянальных аб’яднанняў выпускала ў неба галубоў як сімвалаў міру і еднасці паміж людзьмі і народамі.
У першы дзень на беларускай старане астравецкія харысты выканалі чатыры кампазіцыі са свайго вялікага і багатага (ажно 47 песень!) рэпертуару. А ў польскім Аўгуставе на суд гледачоў яны прадставілі ўжо другую праграму. За “Паланезам” (словы і музыка А.Якіменка) палілася “Беларуская гасціннасць”.
– На Аўгустоўскі фестываль мы ніколі не ездзім з пустымі рукамі. Дзякуючы Астравецкаму райвыканкаму, сёлета таксама прыехалі з падарункамі – сувенірнай прадукцыяй, якая дэманструе прыгажосць і непаўторнасць нашай Астравеччыны, – дзеліцца ўражаннямі Тарэса Мацвееўна. – Ну і, канешне, хлебам-соллю віталі ўсіх гасцей – крамяным круглабокім караваем на ручніку. Хочацца адзначыць, што нас вельмі добра сустракалі як на беларускім, так і на польскім баку. Былі арганізаваны выстава-продаж вырабаў народнай творчасці, майстар-класы па рамёствах, выязны гандаль.
У Аўгуставе астраўчане выступалі ў амфітэатры. Гэта, напэўна, самая вялікая пляцоўка, дзе спявала “Польскае рэха Астраўца”. І спявала так, што людзі апладзіравалі, не шкадуючы далоняў, а з розных бакоў даносілася “на біс!”.
-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота з архіва калектыву і Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.
