Первый фестиваль керамики прошёл на Сморгонщине в конце августа

2
Пасля працоўных будняў, якія часам падаюцца такімі доўгімі, хочацца, каб выхадныя прайшлі як мае быць – адпачынак патрэбен кожнаму. Зрабіць яго больш разнастайным была магчымасць напрыканцы жніўня – на Смаргоншчыне прайшоў першы Фэст Керамікі. І хоць мае працоўныя будні не такія і цяжкія, але пабываць на фэсце, адпачыць і паглядзець знакамітае мястэчка закарцела. Кеды, заплечнік, якасная музыка ў вушах ды бадзёры настрой – усё, што патрэбна для ўдалага аўтаспыну па маршруце Бабраўнікі-Крэва…

Не дзіва, што гасцей на свяце было шмат, – у Крэве з сівых вякоў і да гэтага часу адчуваецца подых  таямнічасці. Здаецца, дакранешся да каменьчыка, умураванага ў сцяну амаль зруйнавага замка – і станеш бліжэй да вяхоў беларускай гісторыі. Дарэчы, фэст праводзіўся ў межах свята сярэднявечнай культуры “Пад знакам Лялівы”. Паводле вікіпедыі, Ляліва – гэта прыватны шляхецкі герб, якім карысталіся 594 роды на Беларусі, Польшчы, Украіне і Літве.
На свяце працавалі лепшыя майстры керамічнай справы. Іх вырабы можна было набыць, але кошт іх быў дастаткова высокі. Аднак варта сказаць, што гэта таго каштавала – праца керамістаў патрабуе шмат высілкаў. Акрамя таго, жадаючыя маглі не толькі паглядзець, але і паспрабаваць пераняць гэтае нялёгкае майстэрства.
Занятак-забаву мог знайсці кожны на свой густ: удалыя і спартыўныя перацягвалі канат, стралялі з лука, вучыліся жангліраваць; аматары смачна паесці ласаваліся распіснымі пернікамі, хлебам і квасам; прыхільнікі ганчарства любаваліся прыгожымі вырабамі і набывалі іх. Акрамя таго, была магчымасць разглядзець рэшткі калісьці велічнага Крэўскага замка і лепш пазнаёміцца з мясцовасцю, адправіўшыся ў экскурсію на вазку. Яго кіроўцы распавядалі пра шэраг гістарычных падзей, што адбываліся тут шмат стагоддзяў таму: гэта ж у Крэўскім замку быў забіты бацька Вітаўта – Кейстут, у гэтым жа замку ў 1385 годзе была падпісана Крэўская ўнія і менавіта ў Крэве Ягайла заснаваў адну з першых каталіцкіх парафій у Літве. Гісторыя Крэва багатая, таму і паслухаць ды паглядзець тут ёсць што.
Падчас фэсту вуха цешыла музыка пераважна этна-фолкавага стылю. Больш таго, прысутныя не толькі слухалі, але і самі развучвалі песні, якія калісьці спявалі нашыя продкі.
Дапамагаў асвоіць тэхніку старажытных спеваў Сяржук з Оршы. Босы, з валасамі да плячэй, апрануты ў ільняное адзенне з арнаментам, хлопец упэўнена граў на гітары і зацягваў “Салавейка спявае”. Рабіў ён гэта так моцна, харызматычна і з душой, што паўтараць хацелася многім – музыку абступіла нямала людзей.
…Часта можна пачуць, што нам не стае беларускага. Творчасці, людзей, рэчаў. Мо часткова так і ёсць, але толькі не на такіх святах, як “Кераміка Крэва”. Бо калі бачыш дзіця ў кашулі з арнаментам і чуеш ягонае “матуля, той дзядзька так смешна скача!”, яшчэ больш пачынаеш любіць сваю гісторыю, сваю краіну. А калі перад табой ляжаць руіны замка, дзе калісьці князі Вялікага Княства Літоўскага вяршылі гэту самую гісторыю, то прыходзіць цвёрдае ўсведамленне, што яна не павінна быць забытай. А ўсё тое, што бачыш і чуеш: гліняныя гаршочкі, скрыні, стужкі з арнаментам, беларускія надпісы, звон мячоў і родная “Салавейку спявае” – яно амаль такое ж, як і стагоддзі таму. Унікальнае, асаблівае і неверагодна роднабеларускае!



-----------------------------
Адэлька Байцэвіч.
Фота Антона Мальшэўскага.