Островецкий педагог из детской школы искусств приняла участие в Парижском международном фестивале оркестров и хоров

Парог Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў Анастасія Лянцэвіч пераступіла ў якасці маладога спецыяліста. Аднак дзяўчына не толькі вучыць астравецкіх дзетак іграць на скрыпцы, але і імкнецца развіваць сваё прафесійнае майстэрства. Такой спробай праверыць уласныя сілы стаў IV Парыжскі міжнародны фестываль аркестраў і хораў, на які ў складзе народнага аркестра Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа трапіла і астравецкі педагог.
Які музыкант не марыць пабываць на радзіме сусветна вядомых кампазітараў Жоржа Бізэ і Шарля Гуно? Анастасія – не выключэнне.

А пачалося ўсё з Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Пасля яго заканчэння дзяўчына па размеркаванні трапіла на Астравеччыну і з 1 верасня прыступіла да педагагічнай дзейнасці. Аднак сувязі з “альма матар” не парывала, пагэтаму Галіна Барысаўна Пушкіна – дырыжор народнага аркестра, што плённа дзейнічае пры каледжы, – запрасіла выпускніцу не толькі “паскрыпачыць” разам з цымбалістамі і акардэаністамі, але і прасаліраваць з кампазіцыяй Жана-Баціста Люлі “Гавот” – добравядомым і любімым парыжанамі французскім творам.
– Вельмі ўзрадавалася такой прапанове і адразу згадзілася. Я заўсёды наведвала рэпетыцыі народнага аркестра, пагэтаму праблем з выкананнем не ўзнікла. Я хвалявалася і чакала гэтага фестывалю… Парыж! Выступленне ў сталіцы Францыі, у царкве побач са знакамітымі Эйфелевай вежай і Елісейскімі палямі… Аб чым яшчэ можа марыць скрыпачка? – дзеліцца ўражаннямі Анастасія. – Я падымалася на “макушку” вежы, якая, дарэчы, цягнецца да нябёсаў ажно трыста метраў, гуляла па Луўры і Версалі. Акрамя Парыжа, мы пабывалі ў бельгійскім горадзе Льеш, у Дрэздэне, Кёльне, Варшаве, Познані… Уражанні і зараз трымаюць у сваім палоне. На радзіму мы прывезлі дыплом і яркія ўспаміны. А Парыж, напэўна, я яшчэ доўга буду бачыць у сне.


Алена ГАНУЛІЧ.
Фота з асабістага архіву Анастасіі Лянцэвіч.