Островецкий композитор Александр Якименко отметил юбилей
“У асяроддзі сяброў” – так называўся юбілейны канцэрт астравецкага кампазітара Аляксандра Аркадзьевіча Якіменкі. І ён сапраўды адпавядаў назве, бо юбіляра прыйшлі павіншаваць родныя, сябры, калегі і проста астраўчане.
Вядучая Святлана Куцько пазнаёміла прысутных з жыццём і творчым шляхам Аляксандра Якіменкі. І першай павіншаваць юбіляра на сцэну паднялася яго сястра Ірына, якая прыехала з Ліды на юбілейны канцэрт брата. Разам са шчырымі словамі, кветкамі і абдымкамі яна прывезла самы дарагі падарунак – сардэчнае прывітанне ад мамы.
Пасля надышла чарга музычных віншаванняў. Чуллівыя і завадныя кампазіцыі ад ансамбляў народных інструментаў “Скарбніца” і “Карусель” Астравецкай і Ашмянскай дзіцячых школ мастацтваў прымушалі гледачоў прытанцоўваць. Пяшчотна і пранікнёна гучала і “Сола для скрыпкі” ў выкананні Вольгі Гульбіцкай.
Прыйшлі павіншаваць свайго настаўніка і яго колішнія вучаніцы, якія яшчэ дзяўчынкамі нясмела, крок за крокам зведвалі ўсе таямніцы музыкі пад кіраўніцтвам Аляксандра Аркадзьевіча, нота за нотай пераадольвалі тонкасці прафесійнага выканання, перасільвалі страх перад сцэнай і публікай: Наталля Вянгроўская, якая хоць і не займаецца музыкай прафесійна, але непаўторным чаруючым голасам дасць фору любой эстраднай зорцы, і Лілія Мішакова, чые артыстызм і непасрэднасць на сцэне зачаравалі ўсіх гледачоў.
І, вядома ж, на сцэне з музычным віншаваннем з’явілася Анастасія Кузьміцкая – зараз яна жыве і працуе ў Мінску, а ў свой час гэтую непаўторную, абаяльную звонкагалосую зорачку адкрыў спачатку для астраўчан, а затым – і для ўсёй вобласці і рэспублікі менавіта Аляксандр Якіменка.
– Паважаны Аляксандр Аркадзьевіч, вы для мяне зрабілі вельмі шмат, – дзякавала настаўніку Анастасія. – І я гэтага ніколі не забуду. Вы для мяне заўсёды былі, ёсць і будзеце вельмі дарагім і блізкім чалавекам.
А найлепшым падарункам, вядома ж, стала сольнае ці ў дуэце з Аляксандрам Якіменкам выкананне артысткамі яго песень. Шчырае, пранікнёнае, прыгожае…
Зразумела, не мог не парадаваць прысутных песнямі і сам юбіляр. “Матчына хата”, “Камяні”, “Маленькі астравок маёй зямлі…” – песні на ўласныя вершы і творы вядомых беларускіх паэтаў. Падзякай і высокай адзнакай выканання сталі дружныя апладысменты гледачоў.
Прыехалі павіншаваць Аляксандра Якіменку і сталічныя госці – паэты-песеннікі Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў, Іван Васільевіч Цітавец, Міхаіл Іванавіч Слізкі. А таксама мастак і паэт Рышард Баляслававіч Груша і галоўны рэдактар Лідскага тэлебачання Ніна Міхайлаўна Пазняк. Шмат добрых, шчырых, удзячных слоў прагучала ад іх у адрас астравецкага аўтара і кампазітара. А Міхаіл Слізкі, акрамя віншаванняў, падараваў юбіляру і гледачам некалькі задорных песень пад акампанемент свайго неразлучнага сябра-гармоніка. Адну з іх ён прысвяціў усім жанчынам з імем Святлана.
Як заўсёды – дружна, весела, насычана, відовішчна і цэлым натоўпам – наведаліся да юбіляра і два астравецкія хоры – хор ветэранаў і “Польскае рэха Астраўца”. І заспявалі так жа – прыгожа, весела і дружна. А ў канцы канцэрта яны разам выканалі фінальную песню – гімн Астраўца, напісаны камазітарам на вершы Алёны Рыбік.
Такім чынам, юбілейны канцэрт Аляксандра Аркадзьевіча Якіменкі прайшоў у цёплай і сардэчнай атмасферы, як і належыць – у асяроддзі сяброў.
----------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
