Островчанка победила на областном этапе республиканского конкурса "MobilArt"
Ёй падабаецца здымаць розныя відэасюжэты, а пасля манціраваць іх у невялікія фільмы. Праўда, сваё захапленне яна лічыць аматарскім, для прагляду ў цесным коле родных і сяброў. Таму невялікі відэаролік пра прыроду адпраўляла на конкурс без асаблівай надзеі – хутчэй проста дзеля ўдзелу. Ды толькі вынік аказаўся нечаканым: у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “MоbilaArt” у намінацыі “Цуды прыроды” Вікторыя Дэмбоўская стала пераможцам.Гэтая перамога для дзяўчыны была сапраўдным сюрпрызам. Па спецыяльнасці яна – эканаміст-менеджэр і ніякага дачынення да прафесійнага відэа не мае. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Вікторыя разам з мужам па размеркаванні прыехалі ў Астравецкі раён, дакладней – у Варняны. Спачатку малады спецыяліст працавала па спецыяльнасці – эканамістам, а нядаўна яе прызначылі намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце. Дарэчы, менавіта ад свайго папярэдніка на гэтай пасадзе, а зараз – старшыні СВК “Варняны” Юрыя Аляксандравіча Адулы – Вікторыя ўпершыню і пачула пра конкурс “MobilaArt”.
– Юрый Аляксандравіч расказаў пра гэты конкурс, а пасля спытаў, хто хацеў бы паўдзельнічаць? – расказвае Вікторыя. – Я паабяцала паглядзець, што ў мяне ёсць у хатнім архіве. Праўда, нічога падыходзячага ў выніку не знайшла. Аднак хутка мы з мужам праязджалі міма лесу – а ён такі прыгожы, заснежаны, дрэвы ў інеі, бы снежныя каралевы, стаяць… Мабільнік заўсёды пад рукой. Я нешта там наздымала, дома на камп’ютары зманціравала і на рабоце аддала Юрыю Аляксандравічу. Ці спадзявалася на перамогу? (Смяецца) Ну які з мяне відэааператар?! Для гэтага трэба вучыцца, асвойваць спецыяльную тэхніку, мець адпаведную апаратуру. А я так – звычайны аматар, як і большасць. Таму пра конкурс, шчыра кажучы, я нават забылася. Але калі патэлефанавала выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Аксана Лазарава і паведаміла, што мая работа была прызнана лепшай у адной з намінацый, для мяне гэта быў лёгкі шок, здзіўленне і, вядома ж, радасць.
Як прызналася Вікторыя, здымаць цікавыя сюжэты і рабіць невялікія відэаролікі для сямейнага альбома ёй заўсёды падабалася. Але вынік сваёй творчасці яна паказвала толькі ў вузкім коле родных і блізкіх сяброў. Яшчэ ў студэнцкія гады Вікторыя з дапамогай аднагрупнікаў і дзякуючы ўласнай цікавасці і настойлівасці асвоіла камп’ютар. Толькі на першапачатковых навыках яна вырашыла не спыняцца і распаўсюджаным метадам “спроб і памылак” удасканальвалася ў сучасных тэхналогіях, асвойвала новыя праграмы і, дзякуючы гэтаму, зараз нядрэнна разбіраецца ў камп’ютары.
– Зараз многаму можна навучыцца, было б толькі жаданне і вольны час. А галоўны памочнік у гэтым – інтэрнэт. Мае захапленні? Мне падабаецца фатаграфаваць, здымаць відэа… Аднак, паўтаруся, толькі для сябе, сваёй сям’і. На жаль, зараз для гэтага застаецца мала часу. Калі знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, вязала кручком адзенне для мамы, яна ў мяне – вялікая аматарка вязаных рэчаў. Цяпер займаюся гэтым радзей. Вось ужо больш за год таму мы з маімі калегамі падселі яшчэ на адно калектыўнае захапленне – гульню “Што? Дзе? Калі?” Прыходжу дадому – і кожны вечар прыкладна гадзіну “штудзірую” базу пытанняў. Ох, і захоплівае ж гэта гульня! На сабе праверана. А адно з апошніх маіх захапленняў – стварэнне новага сайта СВК “Варняны”.
Самым жа галоўным захапленнем для Вікторыі з’яўляецца яе сям’я – муж Юрый і дачушка Каця. А яшчэ яна – гаспадыня прыватнага дома, ля якога летам красуюцца-квітнеюць усімі колерамі вясёлкі клумбы, песціць вока роўны дыванок газона і радуюць смачным ураджаем агароды. Усё гэта, вядома ж, патрабуе стараннага догляду і працы. Аднак ужо праз некалькі хвілін знаёмства з Вікторыяй становіцца зразумелым, што асоба яна ініцыятыўная, энергічная і рознабаковая, якая асвойвае ўсё, што ёй цікава, жыве ў нагу з часам і не можа заставацца без справы.
-------------------------------------------------
Падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ.