Островчане отметили День смеха

1
Першага красавіка прырода нядобра пажартавала: замест доўгачаканай вясны за акном ляжалі вялікія гурбы бялюткага снегу, які ўсё сыпаў з неба, не збіраўся спыняцца. Вясной нават і не пахла.
У гэты дзень жартавалі і супрацоўнікі раённага Дома культуры – і нашмат весялей, чым прырода. Гумарыстычнае шоу “32 сакавіка”, прымеркаванае да Дня смеху, сабрала шмат гледачоў. За дозай пазітыву ў кінаканцэртную залу “Астравец” прыйшлі не толькі школьнікі, але і моладзь, і мамы з маленькімі дзеткамі, і людзі старэйшага ўзросту.

Харызматычныя вядучыя забаўляльнай праграмы Павел Букель і Аляксандр Лях у стылі рэзідэнта Cоmedy Club Паўла Волі прадстаўлялі запрошаных на шоу гасцей: “каменданта жылога дома” Ірыну Ігараўну Стэх, загадчыка аддзела культуры Сяргея Лявонцьевіча Сяўко, які, па словах вядучых, сам піша “падводкі” да нумароў. А ў Арцёма Аляксандравіча, які адказвае за інфармацыйныя тэхналогіі ў дырэкцыі АЭС, Павел з мальбой у вачах прасіўся працаваць на “атамку”.
Тэатральныя мініяцюры ў майстэрскім выкананні вядучых паказалі супрацоўнікаў ДАІ і кіроўцаў розных краін свету: вузкавокага Кітая, вясёлай Галандыі і памяркоўнай Беларусі. Гледачы на свае вочы пабачылі, якое пераразмеркаванне абавязкаў адбылося, калі б МНС, міліцыю і “хуткую дапамогу” выклікалі па адным нумары.
Рубрыка “Відэанавіны” пазнаёміла ўсіх прысутных у зале з падзеямі сусветнага і раённага маштабу. Аказваецца, слова “гуськом” бярэ свой пачатак ад чаргі людзей, якія хочуць працаўладкавацца на АЭС, а кафэ-бар “Смак” у вачах моладзі, бацькоў, прыезджых будаўнікоў непазнавальна мяняе сваё аблічча.
“Інтэлектуальны абутнік”, “Клуб ананімных танцораў” – гэтыя і іншыя мініяцюры не пакінулі без усмешкі ніводнага чалавека ў зале.
Цудоўная чацвёрка юнакоў каманды КВЗ гімназіі №1 “Віктар” яшчэ раз даказала, што крочыць па пятах за Русланам Юргелянцам, Паўлам Букелем і Аляксандрам Ляхам.
Эксперыментальны гумар, калі для ўдзелу ў нумары запрашаецца чалавек з залы, апраўдаў надзеі артыстаў: мініяцюра “У рэстаране” зачапіла гледачоў, пра што сведчылі шчодрыя апладысменты.
Прысутныя ў зале, дзякуючы гульні “Сто да аднаго”, даведаліся, што дрэннаму танцору мяшаюць: вусы, жывот, мама, адукацыя і – на першым месцы – рэквізіт Пасхі…
Паўтары гадзіны праляцелі, як адно імгненне. Прызнаюся: не памятаю, калі апошні раз у жыцці смяялася так шчыра і ад душы.
Няхай у гэты дзень з самай раніцы прырода пасмяялася з людзей, затое гумарыстам Дома культуры ўдалося падарыць зарад пазітыву, якога хопіць да прыходу сапраўднай вясны.


----------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.