Островчане на ярмарке в Комарово

У нашых суседзяў з Мядзельскага раёна на гэтыя выхадныя адбылася 7-я Рэспубліканская выстава-кірмаш народных рамёстваў і промыслаў “Камарова – кола дзён 2012”.


На працягу двух дзён на кірмашы можна было набыць тавар  на любы густ: саламяны капялюш, вышываны рушнік, керамічны посуд, дубовую бочачку, вілы, пацеркі з напаўкаштоўных камянёў, пано або карціну… І паласавацца шашлычком, ядранай юшкай, бурштынавым кваском, заказаць кавалачак свінінкі з пылу-з жару – кабан, нібы ў старажытныя часы, смажыўся над вогнішчам проста на ражне. А яшчэ – стаць вучнем майстар-класа па ганчарнай і кавальскай справе, пляценні з лазы, бяросты, саломы, якія народныя ўмельцы давалі непасрэдна ля латкоў са сваім таварам.



Ну і, канешне ж, сапраўдны кірмаш не абыходзіцца без песні – канцэрт мастацкай самадзейнасці грымеў у рэжыме “нон-стоп”. Гонар распачаць канцэртную праграму арганізатары даверылі астраўчанам – трыа “Эдэльвейс” (кіраўнік Алена Такарчук) і “мадэльнаму агенцтву” “Залаты вернісаж” (кіраўнік – Валянціна Віннічак). І нашы, як заўсёды, не падкачалі – і песні, і дэфіле ў строях з саломкі прайшло на “ўра”. У выніку раённы Цэнтр творчасці моладзі, пры якім дзейнічаюць абодва калектывы, быў адзначаны дыпломам выставы-кірмашу.
Высокую адзнаку пакупнікоў атрымалі і вырабы майстрых з раённага Дома рамёстваў – саламяныя кветкі, сувеніры з выявамі адметных мясцін Астравеччыны, “магніцікі” і іншыя тавары ішлі нарасхват.


Ганна ЧАКУР.