Оркестр Михаила Финберга выступил на островецкой сцене
Убачыць аркестр маэстра Міхаіла Фінберга на астравецкай сцэне – гэта стала сапраўдным сюрпрызам і падарункам жыхарам Астравеччыны да Дня Незалежнасці.
Канешне, да нас прыехаў не ўвесь калектыў. Увесь – гэта, па словах маэстра, 222 чалавекі: 12 салістаў і 4 спевакі бэк-вакалу, камерны аркестр, ансамбль кларнетыстаў, ансамбль флейтыстаў, ансамбль трубачоў – і ў кожным з іх працуюць музыканты, якія маюць па пяць, шэсць, сем прэмій міжнародных конкурсаў. У аркестры Фінберга працуюць прафесары, народныя артысты, лаўрэаты дзяржаўных прэмій. Ды і сам аркестр першым у краіне атрымаў званне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь. “Фінбергаўцам” – амаль 27 гадоў. І за гэтыя час аркестр “нарадзіў” процьму яркіх імёнаў.
…Першая частка праграмы – ваенная: мужчыны ў салдацкай форме (нават у сапраўдных “кірзачах”!), жанчыны – у лёгкіх сукенках пасляваеннага крою. І песні таксама ваенныя: то падкрэслена бравурныя, то шчымліва-лірычныя, песні-маналогі, песні-людскія лёсы… І пушчаная “па крузе” алюміневая салдацкая “кружка” ў фінале: за Перамогу!..
Прыкладна трэць праграмы была прысвечана сёлетняму юбіляру – кампазітару Марку Фрадкіну, які, як расказаў Міхаіл Фінберг, хоць і лічыцца расійскім кампазітарам, нарадзіўся і вырас у Віцебску.
А потым была падборка прыго-жых песень, якія ў свой час упрыгожвалі савецкую эстраду. Да прыкладу, Таццяна Глазунова, якую мы добра ведаем і любім па канцэртах у Гервяцкім касцёле, выканала песню Лядавай “Парамарыба”. Буру эмоцый і шквал апладысментаў выклікала выступленне Тэа, які сёлета прадстаўляў Беларусь на “Еўрабачанні”. А заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамела ўмудрылася патанцаваць адразу з двума астраўчанінамі.
Гледачоў набілася столькі, што кінаканцэртная зала “трашчала”. Тыя, хто прыпазніўся (у гэтым сваю ролю адыграла недапрацоўка арганізатараў, якія, не параіўшыся з артыстамі, аб'явілі, у тым ліку і ў нашай газеце, што канцэрт аркестра Міхаіла Фінберга адбудзецца ў лесапарку), стаялі ў фае, натоўп слухаў канцэрт ля адчыненых дзвярэй на вуліцы…
– Нас так шчыра сёння прымалі, – сказаў прафесар Фінберг, – што мы, яшчэ не пакінуўшы Астравец, хочам вярнуцца сюды з новым канцэртам.
Тое ж самае паўтаралі і артысты, якія прызналіся, што не чакалі такога цёплага прыёму. І што мараць выступіць на астравецкай сцэне яшчэ раз.
– Чакаем вас з наступным канцэртам, – сказала, у прыватнасці, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, уручаючы маэстра прыгожы букет кветак.
І зала, падхапіўшы яе словы, стала скандзіраваць: “Чакаем! Чакаем! Чакаем!”.
-----------------------------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота аўтара і Юрыя ГОРЫДА.
